16 лiстапада 2024, Субота, 10:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зарплата кандуктара ў два разы большая, чым выкладчыка ВНУ

46

Эліта ў Беларусі – гэта зусім не свяціла навукі, літаратуры або медыцыны. Эліта – гэта разнастайныя наглядчыкі, якія памнажаюцца амаль у геаметрычнай прагрэсіі. Чарговы яркі прыклад – павелічэнне колькасці кандуктараў-кантралёраў у сталічным транспарце.

Вялікага розуму ў гэтай працы не трэба. Дастаткова валодаць навыкамі складання і адымання. Тут галоўнае мець моцныя рукі, каб рассоўваць пасажыраў і адрываць з рулона лапікі паперы – квіткі. Ды яшчэ зоркае вока, каб выручку не выкралі. А апуха вартая кажуха. Апошнія аб'явы пра набор кандуктараў вабяць зарплатай ад 600 тыс. да 1 млн. рублёў, піша «Салідарнасць».

Для параўнання прывядзем сярэднюю зарплату ў шэрагу галін у лістападзе мінулага года. Паводле дадзеных Мінстата, ва ўстановах аховы здароўя гэты паказчык складаў 624 тыс. рублёў, адукацыі –581 тыс., культуры і мастацтвы – 584 тыс., у сельскай гаспадарцы – 449 тыс., у швейнай прамысловасці – 481 тыс.

У адным з найбуйнейшых беларускіх ВНУ выкладчык на стаўку атрымлівае 400-500 тыс. рублёў, прычым адпрацаваўшы добры дзесятак гадоў. За гэтыя грошы ён выконвае масу працы, якая не мае нічога агульнага з навучальным працэсам: куратарскія гадзіны, наведванне інтэрнатаў, справаздачы па ідэалагічнай, патрыятычнай і выхаваўчай працы, палітінфармацыі.

Дарэчы, калі падчас аднаго з такіх мерапрыемстваў з удзелам намміністра адукацыі Кавалёвай была названая зарплата прафесарска-выкладчыцкага складу ў памеры 1,2 млн. рублёў, прысутныя былі, мякка кажучы, здзіўленыя: «Гэта хто такія грошы атрымлівае?»

Вяртаючыся да кандуктараў, адзначым, што яны вельмі любяць разважаць пра свае нягоды і беды (скразнякі, пасажыры, якія чхаюць і кашляюць і інш.). Ды вось толькі культуры абслугоўвання навучаныя не шматлікія. Замест ветлівай персаналізаванай просьбы паказаць праязныя дакументы звычайна чуеш уніжальна-безасабовае «Паказваем/дастаем праязныя дакументы», «Аплачваем праезд» або яшчэ лепш: «Што тут?». А ужо як слабыя жанчыны працуюць локцямі ў перапоўненых салонах! І калі стройная яшчэ можа пастаяць у чаканні, пакуль народ разыдзецца, то дама буйнафарматная ўпадабае праехацца танкам.

Адзін з наведвальнікаў транспартнага форума на сайце Менгарвыканкама напісаў пра падслуханую гутарку паміж пасажырам і кандуктарам. Пасажыр абураўся, што другі запар транспарт аказваецца з кандуктарам. На што апошні адказаў: хутка, маўляў, будзе ў кожным тралейбусе, а праезд падаражэе да тысячы рублёў. Іншы наведвальнік форума адказаў яму так: «Першае цягне за сабою другое».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках