15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Апазіцыя сваіх не пакідае!»

«Вызваленне Артура Фінькевіча – гэта вялікая радасць для яго сям'і, сяброў, для ўсіх нармальных людзей у Беларусі. Гэта наша агульная перамога», – заявіў каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, каментуючы сённяшняе вызваленне палітвязня Артура Фінькевіча.

На яго думку, «выхад на свабоду ў апошні час беларускіх палітвязняў стаў магчымы дзякуючы магутнай кампаніі салідарнасці з імі як унутры краіны, так і за яе межамі. Салідарнасць – гэта вялізная сіла. Калі грамадзяне Беларусі і неабыякавыя людзі ў іншых краінах у 16 дзень кожнага месяца выходзяць на акцыі салідарнасці з палітвязнямі, калі моляцца за іх вызваленне, выказваюць падтрымку іх сем'ям, усе гэтыя не бачныя на першы погляд дзеянні і прыводзяць у выніку да перамогі», – упэўнены палітык.

На пытанне прэс-цэнтра Хартыі’97 пра ролю міжнароднай супольнасці ў вызваленні беларускіх палітвязняў Зміцер Бандарэнка сказаў:

– Я упэўнены, што не апошнюю ролю адыграла ў гэтым цвёрдая пазіцыя кіраўніцтва Еўразвяза і ЗША. Думаю, вялізны ўплыў на працверажэнне беларускіх улад зрабілі санкцыі ЗША супраць канцэрна «Белнафтахім». Лукашэнка, нарэшце, зразумеў, што больш з ім жартаваць ніхто не мае намеру. Улады могуць прыпісваць беларускай апазіцыі ўсё што заўгодна, але цяпер яны сапраўды ведаюць, што апазіцыя сваіх ніколі не кідае. Таму мы ўсе чакаем скарэйшага вызвалення палітвязняў Аляксандра Казуліна і Андрэя Клімава, асуджанага судом «шарыяту» Аляксандра Здвіжкова і маладога абаронцы правоў прадпрымальнікаў Андрэя Кіма.

– Ці можа сведчыць вызваленне палітвязняў маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, прадпрымальнікаў Міколы Аўтуховіча і Юрыя Лявонава пра тое, што ўлады гатовыя пачаць дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй?

– Мы маем намер дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў і поўнага спынення рэпрэсій у дачыненні апанентаў цяперашняй улады. Апазіцыя свае прапановы па дыялогу з уладамі выказала, але адказу дагэтуль не атрымала. Таму цяпер усё залежыць ад разважнасці ўлад. Калі будуць спыненыя рэпрэсіі, калі стане рэальнай перамена падыходаў кіраўніцтва краіны пры арганізацыі парламенцкіх выбараў, безумоўна, гэта будзе заўважанае і апазіцыяй, і краінамі ЕЗ. Уладам трэба выкарыстаць шанец для абнаўлення сітуацыі ў краіне, для дэмакратычных пераменаў, якіх чакаюць усе беларусы.

– Ці не будзе святкаванне 90-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка своеасаблівым выпрабаваннем для ўлад у пытанні гатоўнасці да дэмакратычных пераменаў у краіне?

– Кіраўнікі грамадскага камітэта па святкаванні 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі прапаноўвалі ўладам абвясціць 2008 год годам беларускай дзяржаўнасці, але адказ быў адмоўным. Аднак цягам года Беларусь будзе адзначаць як 90-годдзе БНР, так і 90-годдзе БССР. Апазіцыя лічыць, што без БНР не было б БССР, а без БССР не было б сённяшняй незалежнай Рэспублікі Беларусь. Таму не варта выпрабоўваць адзін аднаго, а трэба разам адсвяткаваць значныя для нашай гісторыі даты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках