15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Washington Post»: ЗША пашырылі спіс фірм, звязаных з «Белнафтахімам»

12

Прычынай зробленых у пятніцу беларускімі ўладамі заяў стала нататка да формулы лістападаўскіх санкцый ЗША супраць "Белнафтахіма".

Беларускія ўлады заявілі, што амбасадар ЗША павінен пакінуць краіну. Гэта адказ на санкцыі, якія Злучаныя Штаты наклалі на былую савецкую рэспубліку з прычыны аўтарытарнага стылю кіравання Аляксандра Лукашэнкі, піша ўплывовая «Washington Post».

"Беларусь настойліва рэкамендуе амбасадару ЗША Карэн Сцюарт пакінуць нашу краіну", – гаворыцца ў заяве, размешчанай у пятніцу на сайце міністэрства замежных спраў Беларусі. Менск адклікаў свайго амбасадара з Вашынгтона.

Прадстаўнік Дэярждэпа ЗША Том Кейсі заявіў, што Сцюарт не будуць у тэрміновым парадку адклікаць з сталіцы Беларусі. "Яна цяпер у Менску, і яна застанецца ў Менску, пакуль мы вывучаем праблему, – сказаў ён. – Нам падаецца важным, каб у Менску была амерыканская амбасада і дыпламатычнае прадстаўніцтва на высокім узроўні, каб можна было супрацоўнічаць з урадам Беларусі па шэрагу пытанняў".

Дзеянні Беларусі выкліканыя санкцыямі, якія летась былі накладзеныя на дзяржаўную нафтавую кампанію "Белнафтахім": яна, як сцвярджае амерыканскі бок, знаходзіцца пад асабістым кантролем Лукашэнкі. У лістападзе міністэрства фінансаў ЗША замарозіла амерыканскія рахункі кампаніі і забараніла грамадзянам Амерыкі весці з ёй справы.

Пасля гэтых крокаў Лукашэнка заявіў, што ў выпадку накладання дадатковых санкцый Сцюарт будзе высланая з краіны.

Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, крыніца, блізкая да беларускага ўрада, заявіла, што прычынай зробленых у пятніцу заяў стала нататка да формулы лістападаўскіх санкцый, якая "дазваляе больш шырока тлумачыць спіс фірм, звязаных з "Белнафтахімам". Гэта было ўспрынятае беларускім бокам як увядзенне дадатковых санкцый".

У пятніцу ўвечары было незразумела, калі Сцюарт пакіне гэтую краіну з 10-мільённым насельніцтвам, якая мяжуе з Расеяй і Польшчай. Паводле паведамлення расейскага інфармацыйнага агенцтва "Інтэрфакс", прадстаўнікі міністэрства замежных спраў Беларусі ў пятніцу заявілі, што іх дзеянні – толькі першыя з некалькіх "жорсткіх крокаў", якія плануе беларускі бок.

Пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў сакавіка 2006 года ЗША і Еўразвяз забаранілі Лукашэнку і яшчэ каля 30 беларускім службоўцам уезд на сваю тэрыторыю. Летась спіс персон нон грата быў пашыраны за кошт дырэктараў і намеснікаў дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў.

За выбарамі 2006 года былі ўведзеныя рэпрэсіўныя меры ў дачыненні людзей, якія выказалі пратэст супраць нібыта безумоўнай перамогі Лукашэнкі. Некаторых вядучых прадстаўнікоў апазіцыі, у тым ліку кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, пасадзілі ў турму.

Пасля таго як летась стасункі Расеі і Беларусі з прычыны падвышэння цэн на расейскія энерганосьбіты пагоршыліся, Лукашэнка зрабіў спробу зноў наладзіць стасункі з Захадам, для чаго выпусціў некалькіх актывістаў. Аднак улады ЗША заявілі, што абавязковай умовай нармалізацыі стасункаў з'яўляецца вызваленне Казуліна.

Казуліна, які адбывае тэрмін (пяць з паловай гадоў) па абвінавачванні ў хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў, у лютым ненадоўга выпусцілі, каб ён змог прысутнічаць на пахаванні сваёй жонкі, але пасля гэтага неадкладна вярнулі за краты.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках