15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ААН разгледзіць скаргі беларускага праваабаронцы

1

Грамадзкі актывіст і прадстаўнік Беларускага Хэльсінскага Камітэту па правох чалавека ў Салігорскім рэгіёне Леанід Мархотка адтрымаў адказ ад Камітэту па правох чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (КПЧ ААН).

Раней Леанід Мархотка накіраваў у КПЧ ААН чатыры скаргі, датычныя накладаньня на яго адміністрацыйных спагнаньняў, публічнай дэманстрацыі сцэнаў з яго прыватнага жыцьця і праблемы з падпіскай на газэту "Народная Воля", паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле міжнародных правілаў заяўнік, перш чым зьвярнуцца да КПЧ ААН, мусіць прайсьці ўсе нацыянальныя судовыя інстанцыі. Але беларускія суды адмовіліся задаволіць скаргі праваабаронца і ў выніку адпаведныя паведамленьні былі накіраваныя ў Камітэт па правох чалавека ААН.

Усе чатыры паведамленьня былі разгледжаны Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і накіраваны ў Жэнэву. Азнаёміўшыся з матэрыяламі Камісія прыме рашэньні па дадзеным скаргам.

Што праўда, Камісія можа дадаткова зьвярнуцца па тлумачэньні да ўраду Беларусі і яшчэ раз да заяўніка, таму гэтая працэдура можа цягнуцца да трох год.

Даведка: Да 2006-га году КПЧ ААН прыняла да разгляду ўсяго толькі 15 скаргаў з Беларусі, 14 зь якіх былі задаволеныя. У 2007 годзе такіх скаргаў было ўжо некалькі дзясяткаў. Рашэньні камісіі зьяўляюцца абавязковымі для краін-удзельніц ААН. Аднак у ААН ня створаны прававыя мэханізмы, якія маглі б прымусіць краіны выконваць свае абавязкі па аднаўленьні парушаных дзяржавай правоў чалавека.

Такі мэханізм існуе пры звароце ў Эўрапэйскі Суд па правох чалавека. Але з 1996 году, пасьля антыканстытуцыйнага перавароту, зьдзейсьненага кіраўніком краіны, Беларусь, адзіная з 46 эўрапэйскіх дзяржаў, не зьяўляецца чальцом Рады Эўропы. Адпаведна грамадзяне нашай краіны ня могуць зьвяртацца ў Эўрапэйскі суд дзеля абароны сваіх правоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках