15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікаў прымушаюць агітаваць за лічыльнікі вады

6

На Віцебшчыне змушаюць пэдагогаў устанаўліваць дома лічыльнікі вады і абавязкова агітаваць за тое бацькоў сваіх вучняў.

Задаючы пытаньне "Ці паставілі вы ў кватэры лічыльнікі вады?" – раённыя аддзелы адукацыі ня вераць на слова: адмоўны або станоўчы адказ школьныя работнікі мусяць пацьвердзіць, назваўшы нумар дамовы зь мясцовай філіяй ЖКГ. Пераправерыўшы гэтыя зьвесткі, райаддзелы адукацыі перадаюць статыстыку ў абласную управу, а там ужо робяць адпаведныя высновы, піша Bulletinonline.

– Нам патэлефанавалі, калі дома быў толькі 16-гадовы сын, – расказвае настаўнік сярэдняй школы №34 Віцебска, – і пачалі пытацца ў хлопца, калі бацькі зьбіраюцца ўсталёўваць лічыльнікі. Не атрымаўшы дакладнага адказу, жаночы голас у слухаўцы строга сказаў: "Абавязкова запытайся ў бацькоў і нагадай ім, што яны настаўнікі, а таму абавязаны разумець важнасьць усталяваньня гэтай тэхнікі". Асабіста я нешта ня дужа разумею, чым у гэтым сэнсе настаўнікі адрозьніваюцца ад іншых грамадзян.

Настаўніца беларускай мовы зь віцебскай сярэдняй школы №13 распавяла: патрабуюць ня толькі таго, каб лічыльнікі стаялі ў іхных кватэрах. Настаўнікаў змушаюць хадзіць па дамох вучняў нібыта дзеля праверкі бытавых умоваў, у якіх гадуюцца дзеці, а разам з тым фіксаваць наяўнасьць лічыльнікаў вады ды іншыя "камунальныя" праблемы.

– Нам загадана, перш чым ісьці ў кватэру да дзіцяці, напачатку апытаць суседзяў: ці не хуліганяць у гэтай сям’і, ці ня п’юць, які лад жыцьця вядуць, а каторай гадзіне дзіця вяртаецца ўвечары дахаты і гэтак далей, – распавядае настаўніца, на якую усклалі такія “абавязкі”. – Потым, ужо ў кватэры, мы мусім высьветліць, дзе дзіця вучыць урокі, ці мае свой пакой…А таксама запытацца ў бацькоў, ці сваечасова яны аплочваюць камунальныя паслугі – кватэру, газ, сьвятло, і ці паставілі лічыльнікі вады. Мне, прызнаюся шчыра, праводзіць такія "дасьледваньні" ня толькі няёмка, але й сорамна. Некаторыя бацькі разумеюць, што я толькі выконваю загад, а некаторыя абражаюцца, адказваюць "ня ваша справа".

Справаздачы ад віцебскіх настаўнікаў рэгулярна патрабуе непасрэднае кіраўніцтва, але ніхто так і не патлумачыў, якім чынам стасуецца усталяваньне лічыльнікаў з прафэсійнымі абавязкамі педагогаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках