15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лібералізацыя: дажыць бы да вынікаў!

Слова "лібералізацыя" апошнім часам паслядоўна гучыць з вуснаў самых высокіх беларускіх чыноўнікаў. З той самай паслядоўнасцю ім падтакваюць дзяржаўныя СМІ. Аднак рэальных дасягненняў у гэтай вобласці не так ужо і шмат.

Назваць беларускае заканадаўства спрыяльным для дзейнасці суб'ектаў гаспадарання пакуль, нажаль, нельга. У краіне захоўваецца адміністрацыйнае рэгуляванне коштаўтварэння, нармаванне выдаткаў, якія прадпрыемства можа ўкласці ў сабекошт, абмежаванне на памер зарплаты і г.д.

Праблемай з'яўляецца беларуская падатковая сістэма, прычым не столькі з-за памераў ставак, колькі праз супярэчлівасць і заблытанасць. Напрыклад, шматлікія падаткі і плацяжы тэарэтычна можна было б аб'яднаць у адзін падатак, паколькі налічваюцца яны з адной базы. Гэтага не зроблена. Парадак падліку падаткаў заблытаны, і вельмі часта памылка ў адным падатку цягне за сабой ланцужок іншых памылак, што прыводзіць да пакаранняў.

У краіне недастаткова абаронена права прыватнай уласнасці. Фіскальныя органы маюць права без рашэння суду спісваць грашовыя сродкі з рахункаў суб'ектаў гаспадарання. Існуе таксама практыка накладання адміністрацыйных спагнанняў без рашэння суду. Без рашэння гэтых і іншых праблемаў казаць пра сур'ёзнае паляпшэнне дзелавога клімату не выпадае.

За апошнія некалькі месяцаў былі прыняты некалькі нарматыўных актаў, скіраваных на лібералізацыю эканамічных адносінаў. Напрыклад, дэкрэты аб спрашчэнні рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання і аб надаванні льготаў бізнэсу ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, указы аб статусе добрасумленнага ўдзельніка ЗЭД, аб гарантыях для дзейнасці інвестараў СЭЗ. Адменена "залатая акцыя", бізнэсу прапанавана магчымасць набываць прадпрыемствы за адну базавую велічыню. Але, хаця гэтыя акты і вырашаюць важныя пытанні, такіх крокаў відавочна нестае.

Нават вядомы дэкрэт № 1 аб ільготах прадпрымальнікам з малых гарадоў, які ўвайшоў у моц 1 красавіка гэтага года., па сутнасці зусім не льготны. Большасць так званых "ільготаў" - гэта проста адмова дзяржавы ад празмернага кантролю.

Напрыклад, адпаведным суб'ектам гаспадарання нададзена права самастойна вызначаць кошт на сваю прадукцыю і памер зарплаты супрацоўнікам, свабодна выбіраць пастаўцоў і пакупнікоў. Дык у любой сумежнай краіне гэта цалкам нармалёвая рынкавая практыка і льготамі такія рэчы ніхто не называе.

Ці ўзяць адмену "залатой акцыі". Што, па вялікім рахунку, змянілася? Рэч у тым, што на практыцы "залатая акцыя" уводзілася вельмі рэдка, і большасці суб'ектаў гаспадарання, асабліва дробных і прыватных, яе існаванне не датычыла.

Можа, магчымасць купіць прадпрыемства за адну базавую велічыню прывабіць нашых прадпрымальнікаў? Можа. Але такога распродажу пакуль не назіраецца. А калі ён пачнецца, то хто ведае, каму дастануцца самыя ласыя кавалкі. Хутчэй за ўсё, далёка не людзям "з вуліцы".

Так што пакуль беларуская лібералізацыя нагадвае, хутчэй, касметычны рамонт з мэтай падвысіць інвестыцыйны рэйтынг краіны. Толькі вось рэйтынг, як кажуць, у кішэнь не пакладзеш.

"Ну чаго Вы хочаце, - аспрэчаць мяне прыхільнікі цяперашняй улады. - Працэс лібералізацыі толькі пачаўся, і паступова мы вырашым усе праблемы". З гэтай тэзай можна было б пагадзіцца, каб не адна акалічнасць. Гутаркі пра лібералізацыю ў той ці іншай форме ідуць ужо больш за дзесяць гадоў, і калі сама лібералізацыя будзе ісці такімі ж тэмпамі, яе вынікаў мы можам і не дачакацца.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках