15 лiстапада 2024, Пятніца, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны: Жалезьнічэнка будзе служыць і без прысягі

14

Зьміцер Жалезьнічэнка, якога адлічылі з Гомельскага ўнівэрсытэту пасьля таго, як стала вядома пра ягоны ўдзел у апазыцыйным руху, працягвае службу ў войску і па-ранейшаму адмаўляецца прымаць вайсковую прысягу.

Днямі яго наведала маці Ала Жалезьнічэнка. Паводле яе, вайсковае начальства ставіцца да Зьміцера больш жорстка, чым да астатніх салдат.

“Калі я сустракалася з Зьмітром, астатнія сядзяць з бацькамі спакойна. А яму было загадана адзначацца праз кожныя паўгадзіны. Нібыта за гэты час ён можа ўцячы ці што ганебнае ўчыніць. Прызначаюць яго на дзяжурства — скрабуць суткамі. Праблема цяпер з дастаўкай лістоў. На штэмпэлі пазначана, напрыклад, 14-ае, а дастаўляюць толькі 25-га”.

Са словаў Алы Жалезьнічэнкі, камандзір вайсковай часткі ў Жлобіне падпалкоўнік Войшаль забараніў Зьмітру карыстацца тэлефонам. “Цяпер у яго зусім няма тэлефона. Яму гэта забараняюць”.

Паводле палкоўніка Вячаслава Раменьчыка зь Міністэрства абароны, шэраговец Жалезьнічэнка “служыць у адпаведнасьці з законам аб вайсковым абавязку і вайсковай службе”.

На пытаньне Радыё Свабода”, як доўга Зьміцер можа заставацца ў войску, калі ён так настойліва і пераканана адмаўляецца прыняць прысягу, палкоўнік Раменьчык кажа, што

“гэта ўносіць пэўныя абмежаваньні ў выкананьні ім службовых абавязкаў, але такое цяпер рэглямэнтуецца законам аб вайсковай службе”.

Таму, на думку палкоўніка Раменьчыка, Зьміцер Жалезьнічэнка застанецца ў войску на ўвесь тэрмін, нават калі й ня прыме прысягі.

Палітык Мікалай Статкевіч, падпалкоўнік запасу, лічыць, што ў сытуацыі з Жалезнічэнкам, беларускае войска чарговым разам “выкарыстоўваецца, каб перашкодзіць дэмакратычным актывістам займацца грамадзкай дзейнасьцю”.

У якасьці прыклада ён узгадвае Івана Салановіча з Магілева, які “па просьбе КДБ (была такая інфармацыя) служыў у Гародні паўтары гады”.

Тым часам 10 красавіка Гомельскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу Зьмітра Жалезьнічэнкі на яго адлічэньне з Гомельскага ўнівэрсытэту. Раней суд Цэнтральнага раёну Гомеля адхіліў такую скаргу, матывуючы сваё рашэньне тым, што кіраўніцтва ўнівэрсытэту дзейнічала ў адпаведнасьці з унутранымі правіламі.

Зьміцер Жалезьнічэнка — сябра партыі БНФ. Да сьнежня мінулага году ён вучыўся на матэматычным факультэце. 25 студзеня юнака тэрмінова прызвалі ў войска. На знак пратэсту ён адмовіўся прыняць прысягу.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках