15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсія былога «дэпутата» -- 2 мільёны 200 тысяч рублёў

12

Сёння пенсія ўчарашняга дэпутата “палаты прадстаўнікоў” складае 2 мільёны 200 тысяч рублёў. Калі так, то якой яна павінна быць у звычайнага пенсіянера? На гэтае пытанне “Народная воля” папрасіла адказаць самых розных людзей Беларусі.

Зінаіда БАНДАРЭНКА, народная артыстка Беларусі:

— Гэта дакладна вядома: 2 мільёны 200 тысяч?!

Мяркую, што ў такім разе звычайныя пенсіянеры павінны атрымліваць не менш чым палову ад дэпутацкай пенсіі. Каб жыць больш-менш прыстойна.

А ўвогуле, калі разглядаць канкрэтную сітуацыю ў канкрэтнай краіне Беларусь, то я лічу, што дэпутаты павінны мець такую ж пенсію, як і ўсе мы. Не больш яны працуюць у Авальнай зале, чым настаўніца ў школе альбо ўрач у бальніцы. За час дэпутацтва яны маюць досыць прывілей: і жыллёвыя ўмовы ў іх добрыя, і транспартам забяспечаны, і харчуюцца ў сваёй сталоўцы танней. Збіраюцца на пасяджэнні, каб пасядзець у мяккіх крэслах, папляткарыць у перапынках. Я не магу ўзгадаць ніводны добры закон, скіраваны на паляпшэнне жыцця беларусаў, які б прынялі дэпутаты "палаткі". Хіба што толькі абразлівы закон аб скасаванні льгот. Чаму за 4 гады па сутнасці "ничегонеделания" яны потым маюць такую пенсію?! Чым яны адрозніваюцца ад звычайных пенсіянераў?

У нас з мужам-пенсіянерам на дваіх выходзіць 920 тысяч рублёў у месяц. За званне "народнай" мне даплачваюць усяго 95 тысяч рублёў, і з улікам гэтага асабіста мая пенсія складае 550 тысяч рублёў.

Алег ГУЛАК, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта:

— У былых дэпутатаў такая пенсія?

Мяркую, што розніца паміж дэпутацкай і працоўнай пенсіяй у два-тры разы на карысць першых гэта дапушчальна і справядліва. Але ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра рэальны парламент, з рэальнай уладай і рэальнай адказнасцю. Такая праца каштуе таго. Але калі мы гаворым пра нашых сённяшніх так званых "народных выбраннікаў", то іх пенсія павінна быць на ўзроўні сярэдняй па краіне. Мяркую, што не памылюся, калі скажу, што стаўленне да сённяшніх парламентарыяў у значнай большасці беларусаў такое: плаціць ім няма за што.

Вольга АБРАМАВА, дэпутат “палаты прадстаўнікоў”:

— Прабачце, калі ласка, але больш шчыра, чым я гаварыла на гэтую тэму, сказаць нельга. Пашкадуйце мае нервы. Зараз сямейная сітуацыя ў мяне складаная, гора вялікае… Пасля майго выступлення ў прэсе пачалася такая "свистопляска"… Не хацелася б перажыць гэта зноў.

Мечыслаў ГРЫБ, старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання:

— Як грамадзянін, як былы кіраўнік дзяржавы, лічу, што пенсіі ў розных людзей не павінны быць аднолькавымі. Яны павінны залежаць ад таго, хто дзе працаваў, колькі зарабляў, якую карысць прынёс дзяржаве і г.д. Не трэба сёння, мне падаецца, імкнуцца да таго, каб адносна высокія пенсіі абразаць і прыраўноўваць іх да больш нізкіх. Я падыходжу да гэтай праблемы з другога боку: трэба ніжэйшыя пенсіі павышаць, знізу ісці ўверх. Бо звычайныя пенсіі сёння ў краіне амаль жабрацкія.

Па-другое, хацеў бы адзначыць, што калі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, мы таксама ўвялі пенсіённае забеспячэнне для былых дэпутатаў. Але гэта зрабілася падставай для вялікай крытыкі Вярхоўнага Савета, асабіста 12-га склікання. Кожны дзень з гэтага пачыналіся і гэтым канчаліся радыё- і тэлеперадачы. Сёння як быццам бы дэпутаты не самі сабе прызначылі пенсію, ім прэзідэнт сваім указам вызначыў такое ўтрыманне. Але, на мой погляд, усе пенсіі павінны замацоўвацца толькі законам і не прызначацца альбо адмяняцца па жаданні аднаго чалавека. Гэты чалавек, дарэчы, па сутнасці пазбавіў мяне пенсіі, якая была мне, як кіраўніку дзяржавы, прызначана пажыццёва. Лукашэнка ў 1997 годзе падпісаў дэкрэт не індэксаваць пенсіі мне, Шушкевічу, Таразевічу, Чыгіру і Шарэцкаму, і яна ўвесь гэты час складае 3 тысячы 200 беларускіх рублёў. Але ў мяне пяць падстаў на атрыманне пенсіі, і я выбраў лепшую — атрымліваю пенсію як генерал-лейтэнант. Яна на мільён меншая, чым дэпутацкая.

Людміла КАЛАМIЕЦ, майстар манікюру:

— Вы задаяце мне такое пытанне? Мая зарплата складае 300 тысяч рублёў. Як я магу рэагаваць на такую пенсію дэпутатаў? Яны нават школьнікаў пазбавілі льготнага праезду, з гэтага года выпускнікі школ пры паступленні будуць яшчэ і за кожны тэст плаціць 10 тысяч рублёў. І потым гэтыя "змагары" за народнае шчасце і дабрабыт атрымліваюць пенсію больш за тысячу долараў?! Было б справядліва, калі б ім, як "народным выбраннікам", народ пенсію і прызначаў. А не прэзідэнт, пад дудку якога яны танчаць.

Алесь ПУШКIН, мастак:

— Літаральна днямі ў інтэрнеце прачытаў артыкул Анатоля Сідарэвіча, у якім акрамя іншага ўздымаецца і пытанне пенсій. Адстаўнік, палкоўнік ДАІ, з якім аўтар выпадкова пазнаёміўся, атрымлівае пенсію больш за мільён рублёў. Дачка яго ў Беларусі не жыве, з'ехала ў Нямеччыну. Артыкул называўся "Ахоўнікі і іх дзеці".

Я адразу ж узгадаў бабулю з нашай вёскі, у якой штодня бяру малако. Яна ўсё жыццё працавала ў калгасе, пенсію атрымлівае ў памеры 175 тысяч рублёў. У колькі гэта разоў меней за дэпутацкую пенсію? Болей як у 10. Жах!

Маё меркаванне: пенсія ў працаўнікоў аграпрамысловага комплексу і тым больш у настаўнікаў, дактароў, вучоных павінна быць не меней за мільён, а нават яшчэ і болей, улічваючы сённяшнія цэны. Гэтыя людзі таксама ўсё сваё жыццё працуюць на нашу краіну. І іх праца, на мой погляд, не менш важная, чым палкоўніка ДАІ і дэпутата.

Валянцін АКУДОВIЧ, філосаф:

— Я думаю, што, па-першае, дэпутаты атрымліваюць мала. І гэта абсалютна сур'ёзна. Так мала не атрымлівае ні адзіны дэпутат нават у нашых бліжэйшых суседніх краінах — Польшчы, Літве, Расіі.

Па-другое, я б не стаў гэтыя пенсіі параўноўваць са звычайнымі працоўнымі пенсіямі. Бо разбежка ў іх памерах, на мой погляд, збалансаваная, не ўзятая з неба. Але відавочна і іншае: усе грамадзяне краіны, якія працавалі на яе ўсё жыццё, плацілі падаткі, варты мець спакойную, больш-менш забяспечаную старасць. Сярэдняя пенсія ў Беларусі, на мой погляд, не павінна быць меншай за 400 долараў.

І апошняе. Ёсць яшчэ такі момант: а наогул, ці заслугоўвае той парламент, які ёсць у нас, тыя манекены, якія штучна выцягнуты ў дэпутаты, такую пенсію?

Андрэй КАЗЛОЎСКI, пенсіянер:

— Скажу шчыра: той мізер, які сёння маюць звычайныя пенсіянеры, — гэта здзек дзяржавы з людзей. Атрымаеш нейкую дробязь — не ведаеш, што рабіць: за кватэру заплаці, аддай за тэлефон, аплаці лякарствы і нічога не застаецца.

Каб пенсіянеры пры сённяшніх цэнах і тарыфах пачувалі сябе нармальна, памер пенсіі павінен быць, лічу, паўтара мільёна рублёў. Тады і былым дэпутатам не сорамна было б атрымліваць больш за два мільёны рублёў.

"Народная воля"

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках