31 снежня 2024, aўторак, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правакацыя супраць Міколы Аўтуховіча не ўдалася

1

Сёньня ў Ваўкавыскім раённым судзе быў разгледжаны адміністрацыйны пратакол на палітвязьня Мікалая Аўтуховіча па абвінавачаньні ў “дробным хуліганстве”.

Але быў вынесены апраўдальны прысуд, таму зараз ён спадзяецца на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, паведамляе “Радыё Свабода”.

Мікола Аўтуховіч працуе ў ваўкавыскай фірме “Ніка-таксі 22222”. Чатыры месяцы таму яму зьмякчылі пакараньне і вызвалілі з-за кратаў, але ён застаецца пад наглядам. Адзін з кіроўцаў напісаў на яго заяву ў суд, у якой абвінаваціў Аўтуховіча ў “зьбіцці і абразе”.

“Пад час працы я аблаяў аднаго кіроўцу, гэты кіроўца напісаў паперу, што я яго пабіў і абразіў. Там была купа сьведкаў, якія сказалі, што такога не было. Судзьдзя спытаў: якое я меў права? Я сказаў, што выконваў свае абавязкі, бо зьяўляюся старшым кіроўцам-брыгадзірам у гэтай фірме таксі”, - распавёў пра сутнасьць канфлікту Мікола Аўтуховіч.

Ён патлумачыў, што той кіроўца працаваў на таксоўках у дзьвюх фірмах і своечасова ня выйшаў на працу, у выніку чаго і ўзьнік канфлікт.

У судзе кіроўцу запыталі: ці хоча ён, каб Аўтуховіча пакаралі? Аднак той адказаў адмоўна і напісаў адпаведную заяву, заявіўшы што ўчынак Аўтуховіча малазначны.

Сам Аўтуховіч прызнаўся пасьля суду: “Быў такі настрой, што зараз пасадзяць на пятнаццаць сутак, а ў камэры могуць яшчэ дзесяць парушэньняў напісаць, тады ўжо дарога ў гарадзенскую турму і назад на зону”.

Пасьля станоўчага сыходу сёньняшняй справы Мікола Аўтуховіч стаў рэальна спадзявацца на сваё ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. “Пятага траўня надышоў тэрмін, калі паводле закону мусяць падаць мае дакумэнты ў суд для ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Каб цяпер у мяне было парушэньне, суд мне адмовіў бы”.

Палітвязень мяркуе, што пасьля выходных ягоныя дакумэнты ўсё ж перададуць ў суд. Ён патлумачыў, што міліцэйская інспэкцыя затрымалася з гэтым, бо чакала, чым скончыцца менавіта сёньняшні судовы разбор.

Нагадаем, Мікола Аўтуховіч быў зьняволены 7 ліпеня 2006 г. на тры гады і шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за быццам “ўхіленьне ад сплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі ці без ліцэнзіі”. Сам Аўтуховіч вінаватым сябе не прызнаваў.

Сёлета ўзімку пад ціскам Захаду ўлады выпусьцілі з-за кратаў некалькі палітвязьняў, сярод якіх быў і Мікола Аўтуховіч. Тэрмін яго пакараньня сканчаецца 5 ліпеня 2009 году.

М.Аўтуховіч — удзельнік савецка-аўганскай вайны, узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, двума мэдалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках