15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Шарамет: «Лукашэнка вырашыў прадаць Беларусь Расеі»

23

26 красавіка пачалася DDOS-атака на сайт "Белорусский партизан". З 69 арасоў з Парагваю, Амстэрдаму і Паўднёва-Ўсходняй Азіі на сэрвэр сайту пайшла атака. У той жа дзень падобныя праблемы зьведалі сайты «Радыё Свабода» і сайт Хартыі’97.

Праз нейкі час атака была адбітая. 29 красавіка "Белорусский партизан" аднавіў працу, але ўжо празь дзень на сайце зьявіліся артыкулы зь дзіўным зьместам. На сувязі з “Радыё Свабода” з Масквы – адзін з аўтараў сайту "Белорусский партизан" Павал Шарамет.

-- Павал, раскажэце, што адбылося і што робіцца для таго, каб аднавіць працу сайту?

-- 30 красавіка на досьвітку – чамусьці ўсе подлыя рэчы ў Беларусі адбываюцца на досьвітку – каля 6 гадзінаў раніцы паводле мясцовага часу, былі зламаныя паролі сайту, і на сайце сталі зьяўляцца артыкулы дзіўнага зьместу. Напрыклад, перада мной адзін такі – "Евреи атакуют. Эпизод первый". Гэта тэкст аб тым, што новы расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў – схаваны габрэй. Недзе бліжэй да 10 раніцы зьмена кантэнту стала насіць лявінападобны, масавы характар. Паколькі кіраваньнем сайту займаецца некалькі журналістаў з розных краінаў, то каардынацыя даволі складаная, і кожны думаў, што некаму іншаму прыходзяць у галаву такія вар'яцкія ідэі. Пакуль усё ўступілі ў кантакт і пакуль мы адключылі сэрвэр, прайшло прыблізна паўтары гадзіны. Тыя людзі, якія зламалі паролі, замянілі іх на свае, таму мы таксама не маглі трапіць на сайт. Для таго, каб спыніць гэты бандыцкі напад, нам давялося адключыць сэрвэры. Усе наступныя дні мы аналізавалі, наколькі сур'ёзная шкода нам нанесена, наколькі далёка зайшлі гэтыя хакеры. Мы пачысьцілі зьмест сайту, і ў бліжэйшыя дзь-два ён адновіць сваю працу.

-- Павал, скажэце, на вашу думку, гэта трэніроўка перад нейкімі важнымі падзеямі ці гэта сплянаваная і канкрэтна накіраваная канчатковая акцыя?

-- DDOS-атакі з Парагваю або Паўднёва-Усходняй Азіі на беларускія незалежныя сайты – гэта ўжо звычайная практыка беларускіх спэцслужбаў у тыя дні, калі нешта важнае адбываецца ў Беларусі. DDOS-атакі ў той ці іншай ступені зазналі і адчулі на сабе ўсе незалежныя беларускія сайты. Зламаньне пароляў – гэта першая падобная акцыя на маёй памяці за апошнія год-два. Я думаю, што гэта, вядома ж, трэніроўка, і бліжэй да парлямэнцкіх выбараў увосень ніводзін незалежны сайт ня зможа пазьбегнуць сур'ёзных праблемаў у выглядзе хакерскіх зламаньняў ці масаваных атакаў. Я думаю, што ў беларускіх чытачоў будуць праблемы з доступам на гэтыя сайты, што беларускі правайдэр – а ён адзіны, дзяржаўны – будзе адключаць доступ на гэтыя сайты і да т.п. Я думаю, што мы на парозе маштабнай акцыі беларускіх спэцслужбаў супраць інтэрнэт-супольнасьці, супраць незалежных інтэрнэт-рэсурсаў.

-- Павал, у беларускіх спэцслужбах працуюць людзі, якія добра валодаюць інітэрнэт-тэхналёгіямі. Чаму тады ў інфармацыйных структурах, у тым жа "Белорусским партизане" ці недзе яшчэ, на каго былі зробленыя атакі, не працуюць спэцыялісты такога рангу, чаму гэта не было прадугледжана? Ці гэта настолькі дорага?

-- У нас ёсьць, вядома ж, тэхнічныя спэцыялісты, якія рашаюць падобныя праблемы. Хаця ў нас няма столькі фінансаў і тэхнічных магчымасьцяў, як у беларускіх спэцслужбаў. Больш за тое, мы лічым, што зламаньне нашых пароляў адбылося з-за таго, што з красавіка мы пачалі рэдагаваць сайт зь Менску. Да красавіка мы рэдагавалі і кіравалі сайтам з-за межаў Беларусі – менавіта зь меркаваньняў бясьпекі. Але ў нейкі момант мы вырашылі, што ня робім нічога жахлівага і надзвычайнага, і што беларускія ўлады захаваюць здаровы сэнс. Таму мы пачалі паступова рэдагаваць сайт і зь Беларусі, і ім хапіла месяцу, каб зламаць паролі на нашым сайце. Але кожнае дзеяньне нараджае супрацьдзеяньне. Вельмі добра, што беларускія ўлады праяўляюць сваё нутро цяпер – гэта дае магчымасьць усім нам падрыхтавацца да больш сур'ёзных падзеяў.

-- Павал, што цікавага чытачы не пасьпелі прачытаць на вашым сайце да таго, як пачалася атака?

-- 30 красавіка мы пачалі выстаўляць камэнтары з нагоды выступу Лукашэнкі перад парлямэнтам. Мы таксама пачалі аналізаваць тэму меркаванага продажу Беларусі расейскай палітычнай эліце. Мне здаецца, што мы знаходзімся на парозе вельмі сур'ёзных палітычных падзеяў. Мне здаецца, што пад націскам або з-за ўгавораў Пуціна Лукашэнка ўнутрана ўжо прыняў рашэньне абмяняць незалежнасьць Беларусі на нейкія свае палітычныя мэты ў Расеі. І вось пасьля таго, як мы закранулі гэтую тэму – толькі трошкі закранулі – і пачалі яе аналізаваць, у "Белорусского партизана" і пачаліся сур'ёзныя праблемы.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках