24 снежня 2024, aўторак, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітычны прызыў

24

Больш за дзесятак апазыцыйных актывістаў можа быць прызваны на тэрміновую вайсковую службу і зборы. Выклікаць у ваенкаматы пачалі нават тых, каму раней дактары паставілі дыягназ “да службы ў войску нягодны”.

“Каб я каршуном радзіўся,

Я бы без паноў абыўся:

У паншчыну б не пагналі,

У рэкруты б не забралі

І ў маскалі не аддалі”

Верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы” беларускі паэт Паўлюк Багрым напісаў у першай палове ХIX стагоддзя. Але цяпер ён зноў набыў актуальнасць.

Як паведамляе “Радыё Рацыя”, выклікаць у ваенкаматы пачалі нават тых, каму раней дактары паставілі дыягназ “да службы ў войску нягодны”. Сярод іх – старшыня Рады Моладзі БНФ Алесь Каліта. Тры месяцы таму на медыцынскай камісіі ў райваенкамаце ў яго знайшлі анеўрызму сэрца. Аднак у панядзелак Каліту зноў выклікалі ў ваенкамат і накіравалі на чарговае, цяпер ужо на абласное абследаванне.

«Пасля таго, як абласныя дактары сказалі, што для іх дастаткова дадзеных пра тое, што я маю анеўрызму, на іх пачалі ціснуць вайсковыя чыноўнікі. І яны былі вымушаныя даць накіраванне ў абласную бальніцу», - распавёў Алесь Каліта.

Заўважна, што ваенкаматы вельмі спяшаюцца з прызывам на службу грамадскіх актывістаў. Адзін з лідэраў Моладзі БНФ Юрась Дзяшук сёлета скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Хлопец нават дыплом не паспеў абараніць, а ў ваенкамаце яму ўжо паведамілі, у якой дакладна частцы ён будзе служыць. Прызыўная камісія нават не дачакалася, пакуль Дзяшук прадаставіць усе неабходныя дакументы.

“Я медкамісію прайшоў, але не да канца. Яшчэ не занёс частку дакументаў: анкеты, даведку аб складзе сям’і. Але мяне паставілі перад фактам, што я сфармаваны ў группу”, - кажа Юрась Дзяшук.

Юрася Дзяшука паабяцалі адправіць на службу ў войскі Міністэрства ўнутраных справаў. Хлопец упэўнены, што такім чынам улады вырашылі яго перавыхаваць.

“Але гэта ў іх наўрад ці атрымаецца. Думаю, што за год перавыхаваць чалавека, які ўжо мае 23 гады, вельмі цяжка”, - упэўнены актывіст..

Пра падвышаную цікавасць ваенкаматаў менавіта да грамадскіх актывістаў кажа і яшчэ адзін “палітычны прызыўнік” - актывіст Руху “За Свабоду!” Павел Батуеў. Не так даўно скончылася адтэрміноўка ад вайсковай службы, якую хлопец атрымаў праз сямейныя прычыны. У пачатку красавіка яго выклікалі на медыцынскую камісію. Здавалася б, усё па законе. Але справа Паўла Батуева чамусьці знаходзіцца пад асабістым наглядам вайсковага камісара.

“Мая справа захоўваецца ў ваенкама. Такая цікавасць мне не зразумелая. Таксама на маёй справе ёсць надпіс пра тое, што трэба трымаць на кантролі, наколькі добра я праходжу камісію”, - распавёў Батуеў.

Дарэчы, Павел Батуеў дамогся ў ваенкамаце прадастаўлення яму анкет на беларускай мове. Але пераклалі яе вайскоўцы з вялікай колькасцю памылак

Забіраць у войска пачалі не толькі тых актывістаў, якія знаходзяцца ў прызыўным узросце, але і тых, хто даўно з гэтага ўзросту выйшаў. Мазырскага сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Наздру забіраюць на так званыя вайсковыя зборы. На казарменным становішчы актывіст прабудзе 19 дзён. Павел кажа, што разумее, чаму яго спрабуюць ізаляваць – мазырскія ўлады баяцца актывізацыі дэмакратычнай актыўнасці перад парламенцкімі выбарамі.

“Калі мяне проста так пасадзіць на суткі, то будзе грамадскі рэзананс. Таму, пэўна, і вырашылі пайсці шляхам ізаляцыі ў войску. І робіцца гэта па законе. Бо ёсць вайсковы абавязак, які мы павінны выконваць”, - сказаў дэмакратычны актывіст.

Адной нагой на ганку казармы стаіць і адзін з сяброў Партыі БНФ Франак Вячорка. Тэлефонны званок журналіста Рацыі заспеў маладзёна ў шпіталі, дзе ён праходзіць абследаванне па накіраванні вайсковай медыцынскай камісіі. Франак упэўнены, што ўлады яшчэ доўгі час будуць выкарыстоўваць новы механізм ізаляцыі палітычна актыўнай моладзі ў вайсковых частках.

“Нашае выйсце – у моцных акцыях салідарнасці, а таксама ў змаганні за справядлівасць. Трэба дабівацца выканання сваіх правоў”, - упэўнены Франак Вячорка.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках