9 лiстапада 2024, Субота, 1:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады рыхтуюць знішчэнне незалежных СМІ

18
Улады рыхтуюць знішчэнне незалежных СМІ

У выпадку прыняцця праекту закона аб СМІ у цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, што паставіць іх на мяжу жыцця, а фактычна прывядзе да знішчэння незалежных СМІ у краіне. Да такой высновы прыходзяць юрысты Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), пасля аналізу праекту закона аб СМІ, які 17 чэрвеня будзе разгледжаны ў першым чытанні ў ніжняй "палаце" беларускага "парламента".

Юрысты БАЖ, пасля атрымання магчымасці пазнаёміцца з праектам Закона "Аб сродках масавай інфармацыі", падрыхтавалі экспертную ацэнку гэтаму дакументу. Прэс-служба БАЖ прапануе каментары экспертаў Цэнтра праўнай абароны СМІ пры БАЖ экс-суддзі Канстытуцыйнага суду Міхася Пастухова і юрыста Юрыя Тапарашава да некаторых палажэнняў законапраекту.

***

Новы Закон "Аб сродках масавай інфармацыі" можа значна ўзмацніць жорсткасць умоваў дзейнасці незалежных СМІ

Экспертная ацэнка праекту Закона "Аб сродках масавай інфармацыі"

У гэтым выпадку мы маем справу не з папраўкамі ў Закон аб друку, а з прынцыпова новым законам, які рэгулюе дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі. Пераважна захоўваючы канструкцыю дзейнага Закона аб друку, гэты законапраект дадае істотныя змены ў праўнае рэгуляванне дзейнасці СМІ, якія ў выпадку іх прыняцця могуць стаць згубнымі для развіцця незалежнай журналістыкі Рэспублікі Беларусь.

Першай і найважнейшай навінай з'яўляецца праўнае афармленне глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт у якасці сродка масавай інфармацыі. Яго рэгламентацыя будзе ажыццяўляцца не толькі на ўзроўні закона, але і падзаконных актаў.

У праект уключаны артыкул 8 "Фінансаванне сродкаў масавай інфармацыі". Згодна з ім адным СМІ могуць давацца сродкі з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых крыніц, а іншым забараняецца атрымліваць грашовыя сродкі і іншую маёмасць ад замежных юрыдычных асобаў і ананімных крыніц.

Праект захоўвае заяўна-дазваляльны парадак рэгістрацыі СМІ (ар.11 - 13). Ён напоўніцу пашыраецца і на Інтэрнэт-СМІ з тым дадаткам, што будзе вызначацца Урадам. Адзіным станоўчым момантам у парадку рэгістрацыі СМІ можна лічыць адсутнасць згадвання пра гэтак званае ўзгадненне размяшчэння СМІ з мясцовымі органамі ўлады.

Варта мець на ўвазе, што ў праекце робіцца больш жорсткім парадак перарэгістрацыі СМІ. Так, калі сродак масавай інфармацыі не выходзіў больш за 6 месяцаў (а не год, як цяпер), то перарэгістрацыя з'яўляецца абавязковай. Пры гэтым ёсць і іншыя падставы для перарэгістрацыі СМІ (арт.14).

У артыкуле 17 праекту вызначаецца, што распаўсюд прадукцыі СМІ будзе дазволены толькі юрыдычным асобам, на якія ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, альбо на падставе дамовы, падпісанай з распаўсюднікам прадукцыі СМІ. Тамсама адзначаецца, што парадак распаўсюду Інтэрнэт-СМІ будзе рэгламентавацца ўрадавымі актамі.

Яшчэ адна навіна праекту - заснаванне Грамадскага кардынацыйнага савета ў сферы масавай інфармацыі (арт.28). Яго склад і парадак дзейнасці будзе вызначацца Міністэрствам інфармацыі.

Істотныя змены ўносяцца ў інстытут акрэдытацыі. Ужо ў артыкуле 1 праекту акрэдытацыя разглядаецца як "надаванне журналісту сродка масавай інфармацыі права асвятляць мерапрыемствы, зарганізаваныя дзяржаўнымі органамі".

Артыкул 35 праекту канкрэтызуе правілы акрэдытацыі. У частцы другой сказана, што парадак акрэдытацыі журналістаў вызначаецца дзяржаўнымі органамі. Гэта значыць, не закон, а чыноўнік будзе вырашаць пытанне, каму даць акрэдытацыю, а каму адмовіць. У пункце 4 гэтага артыкула змяшчаецца катэгарычны загад аб тым, што ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі забараняецца.

У артыкуле 36 праекта захоўваецца права грамадзян, у тым ліку журналістаў, на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі. Але ў другой частцы артыкула пазначана, што дзяржаўныя органы … "могуць падаваць звесткі аб сваёй дзейнасці сродкам масавай інфармацыі шляхам правядзення прэс-канферэнцый, рассылання даведных і статыстычных матэрыялаў і іншымі спосабамі".

На нашую думку, гэтае палаженне супярэчыць Канстытуцыі (арт.34) і Закону аб друку (арт.32), дзе вядзецца не пра магчымасць (могуць падаць), а пра абавязак падавання інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў усім грамадзянам.

Адным з адыёзных артыкулаў праекта можна лічыць артыкул 37 "Інфармацыя абмежаванага доступу". Там даецца пералік такой інфармацыі, які сканчаецца спасылкай на іншую інфармацыю, якая можа прадугледжвацца "заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь".

Акрамя таго, артыкул 38 праекта вызначае пералік інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забаронены.

Апафеозам праекту з'яўляецца раздзел 9, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Згодна з ім першаснай формай адказнасці выступае пісьмовае папярэджанне рэдакцыі СМІ, якое можа быць вынесенае з розных падставаў, у тым ліку за "распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам", "распаўсюд звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю фізічных асобаў альбо дзелавую рэпутацыю юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў" (арт.49). Пісьмовае папярэджанне выносіцца альбо Міністэрствам інфармацыі, альбо пракурорам любога ўзроўню.

Другой мерай адказнасці з'яўляецца прыпыненне дзейнасці СМІ на тэрмін да трох месяцаў паводле рашэння Міністэрства інфармацыі за шырокі пералік парушэнняў (арт.50).

І, нарэшце, найбольш жорсткай мерай уздзеяння з'яўляецца спыненне выпуску СМІ. Рашэнне па гэтым пытанні прымае суд праз іск Міністэрства інфармацыі або пракурора пры ўмове, што на працягу года сродку масавай інфармацыі альбо заснавальніку (заснавальнікам) СМІ выносілася два і больш пісьмовых папярэджанняў.

Істотна скарэктаваны артыкул 47 дзейнага Закона аб друку, які прадугледжвае вызваленне СМІ ад адказнасці ў выпадку перадруку інфармацыі і ў іншых выпадках. У праекце (арт.52) СМІ і журналісты страчваюць гэты "прывілей" у тых выпадках, калі распаўсюджваюцца звесткі, што дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, а таксама звесткі, якія не адпавядюць рэчаіснасці і ганяць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю фізічных асобаў альбо дзелавую рэпутацыю юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў.

* * *

Лічым, што ў выпадку прыняцця праекту гэтага закона ў цяперашняй рэдакцыі па сродках масавай інфармацыі, асабліва недзяржаўнай формы ўласнасці, будзе нанесены чарговы ўдар: стануць значна больш жорсткімі ўмовы дзейнасці незалежных СМІ, фактычна яны будуць пастаўлены на мяжу жыцця.

Юрысты грамадскага аб'яднання

"Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міхась Пастухоў і Юры Тапарашаў

* * *

Нагадаем, праект закона аб СМІ паступіў у "парламент" 10 чэрвеня. Ужо на наступны дзень ён быў занесены у парадак дня цяперашняй сесіі, а менавіта - 17 чэрвеня.

Характэрна, што пры гэтым кіраўнік "парламенцкай" камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юры Кулакоўскі заявіў, што законапраект не змяшчае нейкіх канцэптуальных зменаў, а пра Інтэрнэт у ім і зусім нічога няма. "Ёсць толькі спасылка, што гэтая сфера рэгулюецца дзейным заканадаўствам", - сказаў "дэпутат".

Аднак, як стала вядома пазней, законапраект дае азначэнне СМІ як "формы перыядычнага распаўсюду масавай інфармацыі з выкарыстаннем друку, тэлерадыёвяшчання, глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт". Такім чынам, дзейныя ў інтэрнэце СМІ будуць падлягаць рэгістрацыі ў вызначаным для іншых СМІ парадку. Права вызначэння парадку распаўсюду СМІ праз глабальную сетку надаецца Савету міністраў.

Раней пра неабходнасць ўзмацнення жорсткасці заканадаўства аб СМІ неаднаразова выказваліся беларускія чыноўнікі высокага рангу. Так, намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч заяўляла, што сёння ў Беларусі існуе праблема "дэзінфармацыйных плыняў замежных сайтаў, але ёсць досвед Кітая, які перакрыў доступ такім сайтам на сваю тэрыторыю". А дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Алег Праляскоўскі настойвае на "узмацненні адказнасці за інфармацыю ў інтэрнэце" і прапануе ўскласці адказнасць за распаўсюд інфармацыі ў Інтэрнэце не толькі на адміністратара сайта, але і на ўладальніка Інтэрнэт-рэсурсу і правайдэра.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках