15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стыхійны мітынг на Камароўскім рынку

14

Прадпрымальнікі, якія гандлююць мясам на Камароўскім рынку, зладзілі стыхійны мітынг каля лябараторыі аналізу якасьці прадуктаў.

Загадчыца лябараторыі запатрабавала перааформіць дакумэнты на мяса, спаслаўшыся на пастанову № 44 Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Прадпрымальнікі гучна патрабавалі, каб ім далі азнаёміцца з тэкстам пастановы. Яны абвінавацілі адміністрацыю рынку ў пошуках дадатковых пабораў з гандляроў, паведамляе “Радыё Свабода”.

Прадпрымальнікі патлумачылі, што да сёньняшняга дня яны набывалі мяса ў рэгіёнах. Там, згодна з заканадаўствам, здавалі мяса на праверку і пасьля атрыманьня даведкі прывозілі яго на рынак. У дакумэнтах яны ўказвалі сваё імя і ў графе “куды” пісалі “Камароўскі рынак”.

Ад cёньняшняга дня загадчыца лябараторыі аналізу прадуктаў Натальля Белая запатрабавала, каб у дакумэнтах было напісана прозьвішча прадпрымальніка, якому здаецца мяса на рэалізацыю.

Каля дзьвярэй лябараторыі сабраўся натоўп прадпрымальнікаў.

“Напрыклад, ІП Сідараў заўтра захварэў... А мяса прападае? Задалі пытаньне: “На якой падставе вы перапісваеце даведкі?”. Адказалі, што гэта загад зьверху”, - кажа адна прадпрымальніца.

“Фактычна нам прапаноўваюць набываць мяса без праверкі. Такім чынам, мы павінны разьлічыцца зь фізычнай асобай за гэтае мяса, а калі падвышаны фон радыяцыі, ці яшчэ што? Нам ніхто гэтых грошай вяртаць ня будзе”, - перакананы другі прадпрымальнік.

Прадпрымальнікі запатрабавалі кнігу скаргаў, але ў адказ атрымалі адмову ў грубай форме.

Галоўны вэтэрынарны ўрач Савецкага раёну паведаміў “Радыё Свабода”, што кніга скаргаў знаходзіцца ў лячэбніцы на вуліцы Гікало.

Гандляр баранінай кажа, што сёньня пазбавіўся некалькіх кліентаў, якія заўсёды набывалі ў яго мяса. “Сёньня ў мяне кляйменьне мяса адбывалася ад 7-й да паловы на другую. Пакупнікі, а ў мяне ў асноўным мяса бяруць рэстарацыі, усе сышлі. Цяпер я мяса здаю ў лядоўню. Яно губляе якасьць, і яшчэ недзе 18 000 я плачу за лядоўню дадаткова. Выдаткі. Такое адбываецца толькі на Камароўскім рынку. На іншых рынках такога няма. Церпяць спажыўцы. Сёньня былі незадаволеныя “Журавінка”, “Астара”, “Ачаг”. Мяса няма”.

Пастанова № 44 Міністэрства сельскай гаспадаркі выйшла сёлета 18 красавіка. Яна тычыцца новых вэтэрынарна-санітарных правілаў агляду забітай жывёлы. Пастанова не была надрукаваная ў сродках масавай інфармацыі. Яе няма таксама ў рэестры прававых актаў.

Няма таксама адпаведных інструкцый, як прадпрымальнікам трэба афармляць дакумэнты на мяса. Прадпрымальнікі мяркуюць, што загадчыца лябараторыі Камароўскага рынку зрабіла сваю трактоўку новых правілаў. Яна вывесіла яе на дошку аб’яваў.

Прадпрымальнікі, якія церпяць страты, настойваюць, што трэба мець дакумэнт цалкам разам з тлумачэньнем юрыстаў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках