28 снежня 2024, Субота, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Закон аб СМІ прыняты ў другім чытанні: грамадства жадаюць агарадзіць ад «негатыўных» наступстваў Інтэрнэту

13
Закон аб СМІ прыняты ў другім чытанні: грамадства жадаюць агарадзіць ад «негатыўных» наступстваў Інтэрнэту

Праект закона «Аб сродках масавай інфармацыі» прыняты 24 чэрвеня ў другім чытанні «палатай прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу».

Як паведаміў старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юрый Кулакоўскі, да другога чытання па ініцыятыве «дэпутатаў» у законапраект занесены шэраг дадаткаў. "За" выказалася 96 "парламентарыяў", "супраць" – 2.

У прыватнасці, паводле законапраекта, у краіне павінен быць створаны кардынацыйны савет, у які ўвойдуць прадстаўнікі дзяржорганаў, грамадскіх аб'яднанняў, СМІ. Палажэнне аб ім і парадак ягонай працы будуць вызначацца Саветам міністраў, а не міністэрствам інфармацыі, як меркавалася пры першым чытанні. Рашэнні савета носяць рэкамендацыйны характар.

Па словах старшыні камісіі, у законе ўлічаныя некаторыя прапановы рэдакцый газет "Советская Белоруссия" і "Экономическая газета", Беларускай асацыяцыі журналістаў і Бюро прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЕ.

Па прапановах гэтых структураў пры другім чытанні з дакумента выключанае патрабаванне недапушчэння скажэння агульнапрынятых нормаў мовы, "бо няма такіх нормаў", сказаў Ю.Кулакоўскі. Замест гэтага занесена патрабаванне аб недапушчэнні выкарыстання нецэнзурных слоў і выразаў. Да другога чытання абмежаваная колькасць падставаў для перарэгістрацыі СМІ. Закон увёў забарону на неабгрунтаваную адмову ў рэгістрацыі журналіста.

Адказваючы на пытанне "дэпутатаў" аб рэгуляванні дадзеным законам усіх сайтаў, што распаўсюджваюць інфармацыю, у тым ліку сайтаў беларускіх прадпрыемстваў і банкаў, Ю.Кулакоўскі заявіў, што "праект закона рэгулюе толькі дзейнасць інтэрнэт-аналагаў СМІ". "Яны павінныя адпавядаць друкаваным версіям, за тым выключэннем, што ім не трэба праходзіць дзяржрэгістрацыю", - сказаў Ю.Кулакоўскі. Разам з тым ён не змог адказаць на пытанні журналістаў аб тым, як дамагчыся поўнай адпаведнасці Інтэрнэт і друкаваных версіяў выданняў, а таксама інтэрнэт-версіяў і тэлевізійных эфіраў.

Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч таксама пацвердзіла, што закон рэгулюе адказнасць друкаваных электронных СМІ і іх інтэрнэт-версій. "Ні банкі, ні іншыя арганізацыі па дадзеным законапраекце не будуць рэгістраваць свае сайты", - сказала Л.Ананіч.

Яна таксама заўважыла, што Савет міністраў, які павінен вызначыць парадак распаўсюджвання інтэрнэт-СМІ будзе вывучаць міжнародны досвед, "як агарадзіць грамадства ад негатыўных наступстваў Інтэрнэту і пакінуць толькі добрае".

Што ўключае законапраект аб СМІ?

Законапраект аб СМІ рыхтаваўся на працягу 5 гадоў з падачы Адміністрацыі прэзідэнта ў закрытым рэжыме. Ён паступіў у беларускую «палатку» толькі 10 чэрвеня і ўжо на наступны дзень была прызначаная дата разгляду - 17 чэрвеня.

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала тэкст законапраекта толькі напярэдадні яго разгляду. Юрысты БАЖ, прааналізаваўшы праект закона аб СМІ, прыйшлі да высновы, што ў выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, што паставіць іх на мяжу выжывання, а фактычна прывядзе да знішчэння незалежных СМІ у краіне.

Найбольшыя турботы выклікае тое, што ўлады змогуць блакаваць усе Інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.

Паводле праекту Закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцый, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні выданням зможа не толькі Міністэрства інфармацыі, але і любы суддзя, пракурор або чыноўнік любога райцэнтра.

Раней аб неабходнасці ўзмацнення жорсткасці заканадаўства аб СМІ неаднаразова выказваліся беларускія чыноўнікі высокага рангу. У прыватнасці, намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч заяўляла, што сёння ў Беларусі існуе праблема «дэзінфармацыйных плыняў замежных сайтаў, але ёсць досвед Кітая, які перакрыў доступ такіх сайтаў на сваю тэрыторыю».

Дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Алег Праляскоўскі настойвае на «узмацненні адказнасці за інфармацыю ў інтэрнэце» і прапаноўвае ўскласці адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі ў Інтэрнэце не толькі на адміністратара сайта, але і на ўладальніка Інтэрнэт-рэсурсу і правайдэра.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках