15 лiстапада 2024, Пятніца, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Умовы ўтрымання палітвязняў на Акрэсціна прыраўноўваюцца да катаванняў

3

Кіраўнік Офіса АБСЕ у Менску Ганс-Ёган Шміт не наведаў у турме актывіста грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандра Атрошчанкава, але выказаў занепакоенасць умовамі ўтрымання палітвязняў на Акрэсціна.

Пра гэта амбасадар заявіў у лісце на імя жонкі Аляксандра Атрошчанкава, які адбывае 15 сутак арышту ў турме на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

У лісце паведамляецца, што Офіс АБСЕ неаднаразова наведваў турму на Акрэсціна. "Інфармацыя пра гэтыя наведванні распаўсюджвалася праз нашыя справаздачы ў органы АБСЕ ў Вене і краінам-удзельніцам АБСЕ. У межах мандата офіса АБСЕ мы і далей будзем абмяркоўваць з кампетэнтнымі органамі Беларусі пытанне наконт умоваў утрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па вул. Акрэсціна, бо яны выклікаюць занепакоенасць нашага офіса", -- паведаміў амбасадар АБСЕ.

Нагадаем, што Дар'я Корсак звярнулася да кіраўніка Офіса АБСЕ з просьбай наведаць турму на Акрэсціна, дзе трымаюць яе мужа, арыштаванага з палітычных матываў. Ліст прадыктаваны не толькі занепакоенасцю станам здароўя Аляксандра Атрошчанкава, якому ў турму была выклікана "хуткая дапамога" з-за хваробы сэрца. У лісце Дар'і Корсак пералічаны тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца на Акрэсціна ўсе палітычныя зняволеныя і на якія мусяць зважаць міжнародныя арганізацыі, асабліва змешчаныя ў Беларусі. Пагатоў, неўзабаве ў краіне будуць "выбары", калі па традыцыі беларускія турмы запаўняюцца палітвязнямі. У часе апошніх прэзідэнцкіх "выбараў", са звесткаў праваабарончых арганізацый, палітвязняў было больш за тысячу.

Умовы ў турме на Акрэсціна

- Прысуджаных да няволі з палітычных матываў (паводле кваліфікацыі Amnesty International і іншых міжнародных праваабарончых арганізацыяў) трымаюць разам з бамжамі, псіхічна хворымі людзьмі і крымінальнікамі.

- Праз антысанітарыю і адсутнасць належнага медыцынскага абслугоўвання высокая верагоднасць кішачна-страўнікавых хвароб і інфекцыйных заражэнняў.

- Камеры не маюць нармалёвага асвятлення, у выніку ў зняволеных, нават пасля невялікіх тэрмінаў няволі, значна пагаршаецца зрок.

-Няякаснае харчаванне пры забароне на прадуктовыя перадачы высільвае арганізм і прыводзіць да сур'ёзных захворванняў.

- Належныя паводле закону шпацыры не забяспечваюцца.

- Зняволеныя не маюць магчымасці ліставацца са сваякамі, якія не атрымліваюць ніякіх вестак пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя сваіх родных.

- У камерах няма нармалёвых умоваў для спання, і зняволеныя спяць на драўляных нарах без пасцелі.

- У камерах забаронена на ноч выключаць ці завешваць святло, што пасля вядзе да парушэння сну.

Дар'я Корсак: "Мне страшна за мужа"

У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97 Дар'я Корсак паведаміла, што палітвязняў ў турме на Акрэсціна трымаюць у ганебных для чалавечай годнасці ўмовах, якія праваабаронцы прыраўноўваюць да катаванняў

"Я вельмі занепакоена станам здароўя мужа. У яго ўзніклі праблемы з сэрцам у першы ж дзень на Акрэсціна і яму выклікалі "хуткую дапамогу". Я напісала ліст у АБСЕ, таму што мне страшна за Сашу. У часе мінулага арышту напярэдадні Еўрапейскага Марша ён вельмі моцна захварэў. У яго была моцная гарачка, высокая тэмпература, а ў адказ на мае просьбы мне казалі на Акрэсціна: "Калі ў нас, значыць, здаровы". Я ведаю, што палітвязняў не выводзяць на шпацыры, яны адбываюць арышт у невыносных умовах. Ведаючы пра праблемы з сэрцам у мужа, мне асабліва цяжка", -- распавяла жонка Аляксандра Атрошчанкава.

Нагадаем, актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Атрошчанкаў быў затрыманы 12 чэрвеня ў часе свайго візіту ва ўпраўленне КДБ па Менску і Менскай вобласці. Ён ужо больш за паўгады дамагаецца вяртання аргтэхнікі, сканфіскаванай напярэдадні Еўрапейскага марша, які прайшоў 14 кастрычніка 2007 года ў Менску. Супрацоўнікі міліцыі і КДБ уварваліся ў кватэру, якую здымаў Аляксандр Атрошчанкаў, з падставы "трупнага паху з кватэры", на які, нібыта, паскардзіліся суседзі. У выніку ператрусу былі сканфіскаваны два кампутары і розныя архіўныя матэрыялы. Сам Атрошчанкаў адбыў 10-суткавы адміністрацыйны арышт паводле традыцыйнага абвінавачання - "нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы".

12 чэрвеня актывіст пайшоў ва Упраўленне КДБ, каб працягнуць разгляд. Аднак замест разгляду па ягонай скарзе, Атрошчанкава даставілі ў Цэнтральны суд Менска, дзе без сведак і адваката ён быў асуджаны на 15 сутак арышту за "непавагу да суду", якую нібыта выявіў 22 красавіка ў зале суду Цэнтральнага раёна адносна суддзі Алены Ільіной, якая вынесла прысуд Андрэю Кіму ў выглядзе 1,5 гадоў калоніі і двух гадоў выпраўленчых працаў па месцы працаўладкавання і штрафаў астатнім удзельнікам акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, што прайшла ў Менску 10 студзеня.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках