15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ліквідацыя хатніх сетак можа запаволіць разьвіцьцё інтэрнэту

7

У Менску распрацаваны плян ліквідацыі незаконных хатніх кампутарных сетак. Да 1-га чэрвеня ўладальнікі мусілі добраахвотна згарнуць іх. Інакш драты будуць абрэзаныя прымусова.

Паводле неафіцыйных падлікаў, у Менску дзейнічае каля тысячы нелегальных хатніх кампутарных сетак. Самыя буйныя зь іх аб’ядноўваюць да шасьці тысячаў кампутараў. Адзін з карыстальнікаў хатняй сеткі Мікола распавёў «Радыё Свабода»:

“Сетка ахоплівае тры дамы. У кожным каля паўтысячы кватэр. Па-першае, гэта дае магчымасьць кантактаваць зь іншымі карыстальнікамі кампутараў у нашых дамах і карыстацца рэсурсамі, якія яны выкладаюць у свабодны доступ. Гэта спосаб самаарганізацыі людзей. Па-другое, праз хатнюю сетку вельмі танны інтэрнэт. Найтаньнейшы і найхутчэйшы”.

Ці ствараюцца нейкія перашкоды хатняй сетцы, якой карыстаецца Мікола?

“Адзін раз у мінулым годзе, калі пайшоў першы масавы наезд на хатнія сеткі, прыходзілі і абразалі драты, якія, на іх думку, былі пракладзеныя ня ў тых шахтах, у якіх трэба. Пераклалі ізноў, перападключылі, ізноў усё працуе. Апошнім часам ніхто не прыходзіў”, -- паведаміў карыстальнік хатняй сеткі.

Хатнімі сеткамі займаецца адмысловая камісія, якая створана ў Менгарвыканкаме. Стаўленьне міністэрства сувязі да гэтых сетак патлумачыў начальнік упраўленьня электрасувязі Юры Шпак:

“Уладальнікам ажыцьцяўляць дзейнасьць па аказаньні паслугаў адпаведна заканадаўству. У законе пра электрасувязь прапісаны палажэньні пра ліцэнзуемыя віды дзейнасьці”.

Інжынэр аднаго з тэхнічных цэнтраў абслугоўваньня “Менскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак” патлумачыў:

“Так, пагражаюць гэту справу ўсю распусьціць і ўзяць пад кантроль, бо сеткі пабудаваны без якой-кольвечы дакумэнтацыі. На іх трэба будзе падрыхтаваць праектную дакумэнтацыю. Будуць кантраляваць іх. Пагражалі, што іх усе парэжуць, каб зрабіць дзяржаўнай гэту сыстэму”.

Інжэнер кажа, што змагацца з хатнімі сеткамі складана:

“Проста немагчыма знайсьці канцоў. Ты бачыш сетку, але хто ўладальнік і якімі сіламі яна была зроблена? І гэта сетка на дом, на два ці на раён, ніхто такой інфармацыі ня мае. Электраабсталяваньне і на гарышчах, і ў нішах, гэта ўсё зроблена няправільна і вельмі дрэнна. Проста ад месцаў агульнага карыстаньня бяруць электрыку. Хутчэй за ўсё, ім забароняць”.

Паводле дырэктара прадпрыемства “Надзейныя праграмы” tut.by Юр’я Зісера, ліквідацыя хатніх сетак можа запаволіць разьвіцьцё інтэрнэту ў Беларусі:

“Проста людзі вымушаны будуць пераключыцца на менш зручныя і больш дарагія сродкі доступу ў інтэрнэт. Тут дрэнна іншае, што правайдэрам не даюць будаваць хатнія сеткі легальна, па ліцэнзіях. Фактычна, легалізавацца немагчыма. З часам прыватныя правайдэры пабудуюць свае хатнія сеткі і тады гэтыя саматужныя сеткі адамруць як непатрэбныя. Ня трэба зь імі змагацца. Яны нікому не перашкаджаюць. Яны, наадварот, разьвіваюць беларусаў, дазваляюць танна, няхай нават без гарантыі якасьці, атрымоўваць доступ у інтэрнэт”.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках