15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэры дэмакратычных партыяў разглядаюць магчымасць байкота

14

Прэзыдыюм Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў на тэрміновым паседжаньні ўхваліў заяву з патрабаваньнем вызваліць усіх затрыманых актывістаў апазыцыі. Тэкст заявы падаем цалкам.

Асноўны сэнс заявы тлумачыць Вінцук Вячорка:

“Мы канстатуем, што пачаліся разнузданыя палітычныя рэпрэсіі пад час выбарчай кампаніі, што ў гэтай сытуацыі гаварыць пра свабодныя і справядлівыя выбары абсалютна не выпадае. З аднаго боку Лукашэнка на публіку гаворыць пра сваё патрабаваньне да дзяржаўных структураў забясьпечыць празрыстасьць і свабоду выбараў, а з другога боку падначаленыя яму структуры раскруцілі гэты махавік рэпрэсіяў. Абсалютная бальшыня затрыманых у справе а выбуху – актывісты дэмакратычных палітычных партыяў і арганізацыяў. У гэтай сытуацыі мы разглядаем магчымасьць перагляду фармату ўдзелу АДС у выбарчай кампаніі і зьвяртаемся да АБСЭ з прапановай не прысылаць у Беларусь місіі міжнароднага назіраньня, калі ня будуць неадкладна вызваленыя ўсе затрыманыя на працягу апошніх трох дзён”.

Іншы сябра Палітрады АДС Сяргей Калякін зазначыў Свабодзе, што лідэры апазыцыі патрабуюць сустрэчу з Гэнэральным пракурорам у сувязі з апошнімі масавымі затрыманьнямі.

Заява

Прэзідыўма Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў

у сувязі з беспрэцэдэнтным ціскам на дэмакратычных актывістаў

Найбольш абуральны факт адзначаны ў Кобрыне, дзе за намер высунуцца кандыдатам у дэпутаты ад спісу Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, з працы звольнены сябра Партыі БНФ Аляксандр Мех. У Гарадку працы пазбавіўся яшчэ адзін сябра партыі - Леанід Аўтухоў. Пад пагрозай звальнення знаходзяцца і бліжэйшыя сваякі палітыкаў.

У Гомельскай вобласці паляванне на сябраў Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Гаўрыленку, Леаніда Судаленку і іхныя сем'і распачалі падатковыя органы. Меркаваны кандыдат у дэпутаты Святлана Панамарова з Клецку змушаная была адмовіцца ад удзелу ў кампаніі пасля таго, як жанчыну папярэдзілі аб магчымым звальненні з працы. Высунуты АГП назіральнікам у Цэнтравыбаркам Міхаіл Пашкевіч сем сутак правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку МУС, нібы, за дробнае хуліганства.

Асабліва палітычныя рэпрэсіі ўзмацніліся пасля выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня. Гэтае злачынства, арганізатары і выканаўцы якога не ўсталяваныя, улады выкарысталі для арыштаў і запалохвання дэмакратычных актывістаў. Выклікі ў КДБ і допыты прадстаўнікоў АДС вылічваюцца ўжо дзясяткамі.

У сувязі з гэтым Прэзідыўм Палітрады АДС змушаны канстатаваць:

- нягледзячы на абяцанні ўладаў і патрабаванні міжнароднай супольнасці, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праходзяць з грубымі парушэннямі выбарчага заканадаўства і Канстытуцыі краіны;

Прэзідыўм Палітрады АДС патрабуе спыніць ціск на дэмакратычных актывістаў і адправіць у адстаўку кіраўніцтва КДБ, якое замест забеспячэння бяспекі грамадзянаў, займаецца арганізацыяй палітычнага ганення.

Прэзідыўм Палітрады АДС заклікае Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь прыняць меры па ўзнаўленні ў краіне канстытуцыйнага парадку і захаванню выбарчага заканадаўства, а таксама патрабуе прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія груба парушаюць выбарчыя правы грамадзянаў.

Усе матэрыялы, якія пацвярджаюць факты ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу, у бліжэйшыя дні будуць накіраваныя ў органы пракуратуры для дачы ім адпаведнай прававой адзнакі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках