14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады выкарыстоўваюць выбух для ўзмацнення палітычнага тэрору супраць апазіцыі

24
Улады выкарыстоўваюць выбух для ўзмацнення палітычнага тэрору супраць апазіцыі

Праваабаронцы абураныя масавымі арыштамі прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці краіны нібы па абвінавачванні ў дачыненні да выбуху ў Менску 4 ліпеня. «Тое, што адбываецца ў краіне ў апошні час інакш як палітычным тэрорам, развязаным уладамі супраць палітычных апанентаў, не назавеш», - заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Сёння ў Менску ў штаб-кватэры Партыі БНФ прайшла прэс-канферэнцыя сваякоў арыштаваных у апошнія дні дэмакратычных актывістаў і праваабаронцаў, якія пракаментавалі хвалю масавых затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі ў сувязі з выбухам 4 ліпеня.

«Пасля таго, як здарыўся выбух, лідэры палітычных партыяў звярнуліся да Лукашэнкі з заклікам не выкарыстоўваць сітуацыю супраць апазіцыі, не шукаць «дохлых пацукоў» сярод палітычных апанентаў. Тады Лукашэнка афіцыйна заявіў, што не стане гэтага рабіць. Але цяпер абсалютна відавочна, што ўлады вырашылі скарыстацца трагедыяй, якая адбылася ў Менску 4 ліпеня, каб расправіцца з апазіцыяй і праваабаронцамі», - упэўнены праваабаронца.

Пры гэтым Бяляцкі адзначыў, што ўлады ператварылі краіну ў паліцэйскую дзяржаву, праваахоўныя органы якой навучыліся праслухоўваць тэлефоны грамадзянаў, змагацца з моладдзю і апазіцыйнымі палітыкамі, але абсалютна не падрыхтаваныя для барацьбы з тэрарызмам. «Міліцыя абрала найбольш простую і прымітыўную версію, якая пачала прымаць рысы грамадзянскага тэрору», - лічыць Бяляцкі.

У гэтай сувязі праваабаронца нагадаў, што ў краіне пачалася палітычная кампанія, названая «парламенцкімі выбарамі». «Але як ва ўмовах рэпрэсіяў і запалохвання ўсяго грамадства могуць праходзіць «выбары», аб якіх улада заявіла, што яны будуць «сумленнымі» і «свабоднымі», - кажа Бяляцкі.

Падтрымала ў гэтым пытанні праваабаронцу Паліна Кур'яновіч, сястра арыштаванага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паўла Кур'яновіча. «Партыі павінныя неадкладна спыніць гульню з уладамі ў так званыя выбары. Які сэнс у некалькіх апазіцыянерах у «палатцы», калі ў гэты час у турмах будуць сядзець дзясяткі актывістаў і, у першую чаргу, моладзь, супраць якой з боку ўладаў цяпер развязаная сапраўдная вайна», - заявіла Паліна Кур'яновіч.

Дзяўчына таксама распавяла, як адбываўся арышт ейнага брата. «Учора ўвечар каля 18-ці гадзінаў патэлефанаваў брат і сказаў, што быў ператрус, нічога не знайшлі, але яго чамусьці забіраюць. Ён паспеў прадыктаваць мне тэлефон следчага КДБ, які пазней заявіў мне па тэлефоне, што не мае намеру нічога тлумачыць, а да Паўла ў яго будзе пытанняў больш, чым ён зможа даць адказаў. Таму я ўпэўненая, што КДБ мае намер сфабрыкаваць справу, абвінаваціўшы ў выбухах апазіцыю. У гэтай сувязі мы павінныя запатрабаваць міжнароднага незалежнага расследавання гэтй справы», - заявіла Паліна Кур'яновіч.

Праваабаронца Валянцін Сцефановіч звярнуў увагу, што ў сітуацыі вакол падзеяў, якія адбыліся ў Менску ў ноч на 4 ліпеня ўзнікае ўсё больш пытанняў, на якія ніхто іх уладаў не дае адказаў. «Дзівіць рэакцыя ўладаў. Адбыўся выбух, а канцэрт не быў спынены, а калі б адбыўся ўслед наступны, а калі бы іх было некалькі? Да таго ж незразумела, колькі на самай справе было выбухаў? Паводле міліцэйскага пратаколу, у раёне дома па праспекце Пераможцаў, 23 каля 23.00 гадзінаў часткова здэтанавала нейкая выбухная прылада. Што гэта была за прылада? Тая, якую знайшлі раней грамадзяне, або нейкая трэцяя і колькі на самой справе было знойдзена выбухных прыладаў?», - задае пытанне праваабаронца.

Сцефановіч таксама звярнуў увагу на той факт, што справа аб выбуху ў Менску заведзеная па артыкуле «Хуліганства», вядзецца нібы органамі МУС, але ўсе затрыманні робяцца супрацоўнікамі КДБ. МУС таксама не дае ніякіх каментароў па гэтай справе, затое актыўна каментуе сітуацыю начальнік упраўлення КДБ па Менску і Менскай вобласці.

Праваабаронца Валянцін Сцефановіч лічыць, што ў сітуацыі, якая склалася, праваабаронцы сумняюцца, што правы арыштаваных будуць выконвацца. «Па нашай інфармацыі, прадстаўленыя затрыманым дзяржаўныя адвакаты прапаноўвалі супрацоўнічаць са следствам і адказваць на ўсе пытанні, тады іх нібы адпусцяць дадому. Але, па тых звестках, якія мы маем, следчыя цікавяцца ў першую чаргу палітычнай дзейнасцю затрыманых. Паколькі большасці з іх ужо падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 10 сутак, мы ўпэўненыя, што перад следствам пастаўленая задача – высунуць за гэты час супраць іх афіцыйнае абвінавачванне», - лічыць Валянцін Сцефановіч

Але самае страшнае, па ягоных словах, што ў пастанове, на падставе якой затрымоўваюць людзей, няма ніякіх матываў, па якіх затрыманне магло бы быць апраўданае. «Ні тое, што хтосьці, напрыклад, падобны на фотаробат, ні наяўнасці якіх-небудзь доказаў, якія можа было б нейкім чынам прывязаць да выбуху. Усе затрыманыя проста па нейкім абстрактнаму «падазрэнні» і гэта нічым не матывуецца», - паведаміў праваабаронца.

«У КДБ кажуць аб магчымым дачыненні затрыманых да «дэструктыўных арганізацыяў». Але вядома што, той жа «Белы легіён» займаўся фізічнай падрыхтоўкай моладзі. Але чаму тады следчых не цікавіць БРСМ і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, якія таксама арганізоўваюць разнастайныя лагеры для сваіх актывістаў», - заявіла, каментуючы арышт былых сябраў «Белага легіёна» і ў тым ліку свайго мужа Ніна Шыдлоўская, жонка арыштаванага Міраслава Лазоўскага.

Ніна Шыдлоўская лічыць, што спецслужбы не могуць выйсці на след рэальных тэрарыстаў, таму хапаюць для імітацыі актыўнай дзейнасці апазіцыянераў, на якіх можна было б «павесіць» адказнасць за выбух.

Нагадаем, выбух у Менску адбыўся 4 ліпеня ў разгар канцэрту па выпадку афіцыйнага Дня незалежнасці. Пацярпелі 57 чалавек. На дадзены момант у медустановах Менска застаюцца каля 35 чалавек, некаторыя ў цяжкім стане. Большасць пацярпелых маюць лёгкія траўмы. Па факце выбуху ў Менску МУС Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле «хуліганства».

Пачынаючы з 7 ліпеня па «падазрэнні» ў дачыненні да выбуху былі затрыманыя 13 чалавек, большасць з якіх – прадстаўнікі моладзевых рухаў і апазіцыйных палітычных партыяў, а менавіта: Сяргей Чыслаў, Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі, Таццяна Пікун, Сяргей Высоцкі, Антон Койпіш, Павел Кур'яновіч, Аляксандр Сергіенка, Міхаіл Пашкевіч, Віталь Стажароў, Кірыл Паўлоўскі і Ілля Богдан.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках