15 лiстапада 2024, Пятніца, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх уладаў няма грошай на будаўніцтва АЭС

11

У гэтым упэўненыя эксперты, якія выступілі на старонцы расейскай газеты «Время новостей». Беларускія ўлады наўрад ці змогуць цалкам узяць на сябе выдаткі на будаўніцтва АЭС на фоне росту коштаў на энерганосьбіты.

На днях Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада паскорыць працу па стварэнні першай беларускай АЭС. «Мяне турбуе, што падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС ідзе павольна, прынамсі не так, як жадалася бы», -- сказаў ён.

Са словаў беларускага кіраўніка вынікала, што адной з галоўных праблемаў стаў пошук падрадчыка. Як паведаміла прэзідэнцкая прэс-служба, беларускі кіраўнік «падкрэсліў, што неабходна яшчэ раз афіцыйна прапанаваць удзельнічаць у будаўніцтве АЭС франка-германскай кампаніі, а таксама японцам, амерыканцам і расейцам, калі яны выкажуць зацікаўленасць». Ён растлумачыў, што «больш у свеце кампаній няма». Пачынаючы з 30 чэрвеня, на працягу месяца любы патэнцыйны падрадчык можа напрамую звярнуцца асабіста да беларускага лідэра і іншых прадстаўнікоў Менска па пытанні ўдзелу ў праекце. «Праз месяц мы спынім прымаць прапановы», -- папярэдзіў Лукашэнка.

У канцы мая беларускія энергетыкі паведамілі, што накіравалі прапановы аб удзеле ў будаўніцтве АЭС тром кампаніям -- расейскай «Атамбудэкспарт», французскай «Арэва» і амерыкано-японскай «Вестынгаўз-Тошыба». Чакалася, што адказ будзе атрыманы на працягу месяца. Амаль не выклікала сумневаў, што адгукнуцца кампаніі Расеі і Францыі -- прадстаўнікі гэтых краінаў раней заяўлялі аб сваёй зацікаўленасці ў праекце. Аднак паўторны зварот Менска да падрадчыкаў сведчыць, што тыя пакуль не пацвердзілі сваю зацікаўленасць.

Намеснік кіраўніка даследчага цэнтра беларускага Інстытута прыватызацыі і менеджмента Ірына Тачыцкая ў гутарцы з «Временем новостей» адзначыла, што з-за росту сусветных коштаў на нафту і газ шматлікія краіны зараз задумаліся аб ядзернай энергетыцы, гэтая хваля ахапіла і краіны ЕЗ: «Аднак колькасць кампаній, якія займаюцца будаўніцтвам АЭС, сёння абмежаваная. Магчыма, падрадчыкі аддаюць перавагу мець справу з еўрапейскімі краінамі, якія, з іх пункту гледжання, з'яўляюцца больш зразумелымі і плацежаздольнымі заказчыкамі».

Пытанне аб плацежаздольнасці Беларусі, па меркаванні эксперта «ВН», з'яўляецца адным з ключавых. Раней Менск заяўляў, што мае намер пабудаваць АЭС за 4 млрд дал. Аднак дзяржава наўрад ці зможа цалкам узяць на сябе гэтыя выдаткі на фоне росту коштаў на энерганосьбіты і неабходнасці павелічэння ўкладання ў неядзерную энергетыку. Хутчэй за ўсё ўладам прыйдзецца шукаць грошы на баку. Як правіла, крэдыты на АЭС вылучаюць краіны, з якіх з'яўляецца фірма-падрадчык. «Кампаніі зацікаўленыя ў атрыманні дарагіх кантрактаў. Але магчымасці кліента вярнуць пазыку пралічваюцца вельмі выразна», -- адзначыла Тачыцкая.

Менск заяўляе, што АЭС будзе акупляльным праектам. Але, па меркаванні аналітыкаў, Беларусі наўрад ці атрымаецца экспартаваць электраэнергію, паколькі суседнія Расея і Ўкраіна ёю забяспечаныя, а краіны Балтыі маюць намер пабудаваць уласную АЭС. «Нават пры таннасці атамнай энергіі не зусім зразумела, як будзе акупляцца праект, калі станцыя будзе працаваць толькі на ўнутраныя патрэбы. Магчыма, таму падрадчыкі пакуль і не далі адказу», -- выказала здагадку Тачыцкая.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках