15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск у стане аблогі: Чавес едзе да Лукашэнкі

16
Менск у стане аблогі: Чавес едзе да Лукашэнкі

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес прылятае сёння з Масквы ў Менск. Цэнтральнай падзеяй чаканага візіту стане сустрэча Чавеса з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта - трэці візіт венесуэльскага кіраўніка ў Беларусь, якую з Венесуэлай звязваюць як эканамічныя, так і вайсковыя адносіны.

Паводле інфармацыі агенцтва ІТАР-ТАСС з дыпламатычных крыніц, на перамовах кіраўнікоў дзвюх краінаў асаблівую ўвагу мяркуецца надаць узаемадзеянню ў паліўна-энергетычным, фінансавым абсягах, стварэнню сумесных прадпрыемстваў. Падобна таксама, што будуць закранутыя пытанні вайскова-тэхнічнай супрацы.

Для візіту Чавеса ў Беларусь ёсць некалькі прычынаў. Як адзначае АФН, адна з іх - удакладніць, як рухаюцца справы па венесуэльскім комплексе ПРА, стварыць які ўзялася Беларусь. Ёсць яшчэ адна далікатная тэма, якую варта абмеркаваць сябрам з Менска і Каракаса - Рэвалюцыйныя вайсковыя сілы Калумбіі (FARC), якія, як сцвярджае сусветная прэса, падтрымлівае Чавес не без дапамогі Менска. Нагадаем, інфармацыя пра продаж беларускай зброі калумбійскай групоўцы "Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі" (FARC), залічанай міжнароднай супольнасцю у тэрарыстычныя арганізацыі, была пашырана ўплывовай іспанскай газетай "Эль Паіс" і тэлеканалам "Еўраньюз" са спасылкай на экспертаў Інтэрпола.

Па сцвярджэнні "Эль-Паіс", экс-дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман "быў адным з тых, хто прасоваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн. еўра, падпісаныя летась".

Акрамя сустрэчы з Лукашэнкам, у Чавеса на сёння запланаваныя візіты ў Нацыянальную бібліятэку і адзін з менскіх сквераў, якому некалькі дзён таму было дадзена назва ў гонар дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху Паўднёвай Амерыкі Сымона Балівара.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі'97, у сувязі з прыездам Чавеса сярод жыхароў дамоў па вуліцах Захарава і Першамайская, дзе размешчаны парк, былі распаўсюджаны абвесткі з патрабаваннем "у сувязі з правядзеннем мерапрыемства з нагоды прыезду ахоўваемай асобы ў парк імя Сымона Балівара 23 ліпеня 2008 года ад 12.00 па 13.00 зачыніць усе вокны, фортачкі, гаўбцы. У мэтах вашай бяспекі выйсце на пераходны гаўбец з ліфтавага на пажарныя ўсходы строга забаронены".

З-за візіту Уга Чавеса беларускім аўтамабілістам лепш пазбягаць цэнтру горада. Ад 10.30 па 16.30 будзе абмежаваны рух па Менскай колавай аўтадарозе, праспекту Пераможцаў, праспекту Незалежнасці і вуліцы Леніна.

Ад 12.00 па 13.45 цалкам зачынены рух па вуліцы Захарава (ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Смаленскай) і па вуліцы Першамайскай (ад вуліцы Купалы да вуліцы Чапаева).

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках