24 снежня 2024, aўторак, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Караджыч: псіхіятр, які стаў маньякам і арганізатарам генацыду

Я ніколі не забуду пра сваю першую сустрэчу з Радаванам Караджычам - таму што я ў ім вельмі моцна памыліўся.

Стоячы ў несамавітым класе сараеўскай школы, я глядзеў на вар’ятаватага школьнага настаўніка, які сноўдаў перад картай Босніі і паказваў кіем на розныя краіны. "Гэта сербская зямля", - крычаў новы лідэр баснійскай Сербскай дэмакратычнай партыі, паказваючы шырокім жэстам на вялікую карту сваім бамбукавым кіем. Яго непаслухмяная сівыя кудлы раздзімаліся пры гэтым ва ўсе бакі.

"Вясёлы чалавек", - заўважыў я пасля гэтага "інтэрв'ю" жонцы карэспандэнта Бі-Бі-Сі, баснійскай сербцы па паходжанні. Я непрыхавана пазяхаў, не ў стане праглынуць усё гэтае глупства. "Ты проста не разумееш, - адказала яна, ледзь не з плачам, - ён кажа цалкам сур'ёзна. Гэта вар'ят".

Гэтага не разумела большасць з нас. Мы прызвычаіліся да маніякальнага трызнення лідэраў харвацкіх сербаў, якія вялі курс на генацыд, і на іх фоне Радаван Караджыч здаваўся нейкім чапурыстым і нават смешным. Сапраўды, яго надрукаваныя вершы здаваліся даволі дзіўнымі і мякка кажучы, трывожнымі. Але ці мог чалавек, які некалі працаваў псіхіятрам і фізіятэрапеўтам сараеўскай футбольнай каманды, сур'езна марыць пра знішчэнне гэтага горада - горада, у якім ён правёў амаль усё сваё дарослае жыццё? Ніхто з нас у гэта не верыў.

У наступны раз я сустрэўся з кланам Караджыча ў 1992 годзе, за некалькі гадзінаў да аблогі Сараева. Напруга ўзмацнілася, паколькі Караджыч выступіў у парламенце Босніі з пагрозлівай заявай - папярэдзіў мусульманаў, што яны будуць знішчаныя, калі ўсё ж такі правядуць свой запланаваны рэферэндум аб незалежнасці.

Я паспяшаўся ў маркотна вядомы пасля гатэль Holiday Inn, а яго жонка Соня паспешліва выйшла мне насустрач разам з багажом і світай. Караджычы сапраўды ведалі, што мае адбыцца, бо праз 20 хвілінаў пасля іх уцёкаў з гатэля мусульманскія баявікі літаральна разнеслі яго на кавалкі.

Пакуль вакол лёталі кулі, я чакаў пад бетонавымі ўсходамі, а пасля рынуўся да найбліжэйшага квартала, у роспачы размахваючы ў паветры сваім брытанскім пашпартам, як быццам гэта быў нейкі талісман.

Пасля гэтага шляху назад ужо быць не магло. Сям'я Караджычаў у складзе мамы, таты і іх мажнай дачкі перасялілася ў былы аўстра-вугорскі курортны горад Пале, і аблога Сараева пачалася ўсур’ёз. У канцы яе, пра тры тыдні, каля 10000 жыхароў Сараева былі мёртвыя, і прынамсі ў пяць разоў больш атрымала сур'ёзныя раненні.

Сярод загінулых быў бацька майго вельмі блізкага сябра, якога забілі, калі ён стаяў у чарзе па ваду. Гэта была адмысловая задумка Караджыча і яго саўдзельніка і памагатага па ваенных пытаннях Ратка Младзіча: адрэзаць падачу вады ў горад, каб перад нешматлікімі вадзянымі помпамі шыхтаваліся вялікія чэргі. Калі збіраўся досыць шчыльны натоўп, сербы пачыналі абстрэльваць яго снарадамі, каб знішчыць як мага болей мусульманаў, альбо "туркаў", як яны іх пагардліва клікалі.

Так загінуў мяккі і рахманы бацька майго сябра – спадар Пеканін, адзін з вялікага мноства ні ў чым не вінаватых ахвяраў неспатольнай лютасці Караджыча, якую ён абрынуў на горад, што адмовіўся, на яго думку, ушанаваць яго належным чынам, што не здолеў ацаніць вартасці яго паэзіі, які не прыняў яго ў свае абдоймы, трымаў яго на адлегласці як серба, як чалавека з гораў, як хрысціяніна.

Доўгія гады сербы-нацыяналісты абагаўлялі Караджыча як ледзь не міфічную постаць, як увасабленне гайдукоў - людзей па-за законам, што кінулі у старадаўнія часы выклік Асманскай Турцыі. Будзе цікава паглядзець, ці выжыве гэтая легенда, калі самаабвешчаны кат і ганіцель баснійскіх мусульманаў і харватаў паўстане перад гаагскім судом, дзе яму давядзецца адказваць на цалкам зямныя і пэўныя пытанні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках