15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея можа хутка размясціць у Беларусі ракеты

14
Расея можа хутка размясціць у Беларусі ракеты

На заходніх межах краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы з'явіцца ваенная структура, якая павінная стаць «адказам» на ўсталёўку элементаў СРА ЗША у Польшчы і Чэхіі.

Аб гэтым, як паведамляе расейская «Газета», заявіў генеральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) Мікалай Бардзюжа.

"Я бы хацеў сказаць, што гэта адзін з элементаў той працы, якая сёння праводзіцца на межах дзяржаў - сябраў АДКБ, па стварэнні новай ваеннай інфраструктуры і ўзнаўленні некаторых яе элементаў часоў Савецкага Саюза", - сказаў генсак.

Ён выказаў занепакоенасць краін - сябраў АДКБ тым, што вакол іх ствараюцца стратэгічныя вайсковыя аб'екты, якія пры жаданні можна па-рознаму трансфармаваць: з абарончага ўзбраення ператварыць у наступальнае. "Натуральна, гэта вельмі сур'ёзна ўплывае на бяспеку, і, вядома, мы ўлічваем гэта ў сваёй дзейнасці", - падкрэсліў Бардзюжа.

З ягоных словаў зразумела, што ваенную групоўку створаць на заходніх межах Беларусі і Расеі. Іншыя краіны на гэтым кірунку, Украіна і Малдова, уваходзяць у Арганізацыю за дэмакратыю і эканамічнае развіццё - ГУАМ (яе сябрамі таксама з'яўляюцца Грузія і Азербайджан).

Як выказаў здагадку першы віцэ-прэзідэнт Акадэміі праблем бяспекі, абароны і правапарадку генерал-палкоўнік Віктар Есін, гаворка ідзе аб базаванні ў Беларусі ракетных комплексаў "Іскандэр-М", якія змогуць паражаць элементы СРА у Чэхіі.

"Калі будзе прынятае рашэнне размясціць "Іскандэры" у Калінінградскай вобласці, у іх зоне паражэння будуць толькі аб'екты СРА у Польшчы, а калі іх паставіць у Беларусі, то яны будуць даставаць і да радара ў Чэхіі", - растлумачыў генерал-палкоўнік карэспандэнту "Газеты".

Ён дадаў, што яшчэ адным зваротным крокам магло бы стаць выкарыстанне змешанай авіябазы Мачулішчы ў 100 км ад Менска для базавання стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Есін таксама паведаміў, што ў савецкі час на тэрыторыі Беларусі базіраваліся мабільныя "Таполі". Аднак ён выказаў упэўненасць, што цяпер ні гэтыя комплексы, ні новыя "Таполі-М" туды ніхто не паставіць.

Палкоўнік ДРУ у адстаўцы, сябра савета па знешняй і абароннай палітыцы Віталь Шлыкаў распавёў карэспандэнту "Газеты", што фармаванне новай ваеннай групоўкі магчымае за кошт дыслакавання на заходніх межах краін - сябраў АДКБ змешаных спецпадраздзяленняў, а таксама стварэння там адзінай сістэмы ранняга апавяшчэння аб нападзе. Пры гэтым Шлыкаў усумніўся ў мэтазгоднасці існавання падобнай структуры, выказаўшы здагадку, што рэалізацыя ўсіх цяперашніх вайсковых ідэй будзе прыпыненая па палітычных матывах.

Паміж тым новая ваенная структура, аб якой казаў Бардзюжа, можа набыць суцэльна рэальныя абрысы ўжо праз месяц, пасля паседжанняў статутных органаў АДКБ. Плануецца, што яны будуць праведзеныя ў канцы жнівеня - пачатку верасня пры ўдзеле міністраў абароны, фінансаў і замежных спраў, а таксама сакратароў савбясаў і прэзідэнтаў краін - сябраў АДКБ. Гэтым паседжанням на мінулым тыдні былі прысвечаныя кансультацыі ў Маскве. Прадстаўнікі краін - сябраў АДКБ абгаварылі каля 20 працоўных дакументаў, падпісанне якіх запланаванае на восень, у тым ліку дамова аб сумеснай падрыхтоўцы кадраў для спецслужбаў, распрацаванае па аналогіі з дзейснай вайсковай дамовай, а таксама дамова аб міждзяржаўнай працоўнай групе па стварэнні сістэмы тэхнічнага прыкрыцця чыгунак краін - сябраў АДКБ.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках