16 лiстапада 2024, Субота, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд працягваецца: Зэльцэр пачуваецца «стабільна цяжка»

1

У гарадскім судзе Менска працягваецца працэс па крымінальнай справе грамадзяніна ЗША юрыста Эмануіла Зэльцэра і яго сакратаркі расейкі Уладлены Функ (Брусковай).

Сярод іншага ім закідаецца выкарыстанне запавету памерлага алігарха Бадры Патакарцышвілі, які следства палічыла "загадзя несапраўдным дакументам". Падсудныя настойваюць на сваёй невінаватасці, спадзеючыся на аб'ектыўнасць беларускага правасуддзя, піша газета "Коммерсант".

Эмануіл Зэльцэр і яго сакратарка Уладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка, калі на самалёце палітэмігранта Барыса Беразоўскага прыляцелі ў Менск. У сталіцы Беларусі яны меліся высветліць, які менавіта бізнэс належыў тут памерламу 12 лютага ў Лондане Бадры Патакарцышвілі. Як пазней сцвярджаў стрыечны брат спадара Патакарцышвілі Джозаф Кей, пра гэты бізнэс ім паведаміў спадар Беразоўскі. У тую паездку меўся выправіцца і спадар Кей, аднак у апошні момант ён вырашыў, што ў Менску іх можа чакаць пастка, і ад паездкі адмовіўся.

27 ліпеня амерыканскага адваката Зэльцэра завінавацілі ў выкарыстанні загадзя несапраўдных афіцыйных дакументаў, кантрабандзе наркатычных сродкаў і камерцыйным шпіянажы. Яго сакратарка вінаваціцца ў выкарыстанні фальшывых дакументаў і шпіянажы.

Працэс над абвінавачанымі абвешчаны зачыненым, таму ўчора перад судовым будынкам адвакат спадара Зэльцэра Зміцер Гарачка казаў больш пра стан здароўя свайго падабароннага. "Мой падабаронны разлічвае, што суд прыме адносна яго аб'ектыўнае рашэнне і ўлічыць усе доказы, прапанаваныя абаронай",- заявіў спадар Гарачка. Пры гэтым ён сцвярджаў, што "суду пададзены вялікі пакет дакументаў, якія пацвярджаюць, што Зэльцэр не чыніў ніякіх злачынстваў". Абаронца зазначыў, што "лекі, якія прымаў Зэльцэр і якія ў Беларусі палічылі наркатычнымі, у ЗША зарэгістраваныя і дазволеныя да ўжывання".

Адвакат Гарачка сцвярджае, што "падабаронны пачуваецца стабільна цяжка, на яго стане адбіваецца адсутнасць медыкаментаў, а беларускія адпаведнікі не даюць станоўчага эфекту". Тым часам брат абвінавачанага Марк Зэльцэр паведаміў, што лекары Эмануіла занепакоеныя тым, што тры прэпараты з пяці яму супрацьпаказаныя з прычыны язвы. Чакаецца, што выснову пра карысць гэтых лекаў для Эмануіла Зэльцэра дасць незалежны амерыканскі лекар Альберт Бэнчабат, якому было дазволена агледзець арыштаванага ў КДБ.

Адвакат дадаў, што за следствам па справе Эмануіла Зэльцэра назіраў амерыканскі бок. Аднак прысутнічаць на працэсе дыпламатам было адмоўлена. "З удзельнікаў працэсу суд узяў падпіску пра невыдаванне інфармацыі",- зазначыў спадар Гарачка.

Што да расейскай грамадзянкі Функ, то, як заявіў прэс-аташэ амбасады РФ у Менску Вадзім Гусеў, "амбасада ў курсе працэсу". "У часе разглядаў справы супрацоўнік консульскага аддзела двойчы сустракаўся з расейскай грамадзянкай, скаргаў на ўмовы ўтрымання яна не выказвала. На судовым працэсе супрацоўнікі амбасады не прысутнічаюць, паколькі ён мае зачынены характар",- дадаў спадар Гусеў.

Эмануілу Зэльцэру пагражае да сямі гадоў няволі, яго сакратарцы - тры гады.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках