15 лiстапада 2024, Пятніца, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Свабодны тэатр» выступіў у Градэчку – «мекке» чэшскага культурнага супраціву (Фота)

3

11 жніўня беларускі «Свабодны тэатр» вярнуўся з чэшскага Градэчка – месца, дзе на працягу больш за 30 год праходзяць традыцыйныя тэатральныя сустрэчы.

Ідэя сустрэч, што праходзілі ў маленькім пасёлку, размешчаным у гарах, належыць двум сябрам – былому Прэзідэнту Чэхіі, драматургу Вацлаву Гавелу і тэатральнаму рэжысёру Андрэю Кроўбу.

У маляўнічым месцы, ля падножжа Татр, у лесе, размясціліся два дамы, прыналежныя двум сябрам – рэжысёру Андрэю Кроўбу і драматургу Вацлаву Гавелу. Сям'я Кроўбаў атрымала гэты дом ў сярэдзіне саракавых гадоў, а пазней, у сярэдзіне шасцідзесятых, побач пабудавала свой загарадны дом сям'я Гавелаў. Але сяброўства Андрэя Кроўба і Вацлава Гавела заснаванае не толькі, і не столькі, на тым, што яны жылі побач, колькі на агульнасці поглядаў на творчасць і свабоду.

Першыя сустрэчы творчых людзей у Градэчку сталі адбывацца ў пачатку 70-х гадоў, калі ў Чэхаславакіі, пасля ўварвання савецкіх войскаў, лютавала камуністычная дыктатура. Тады Кроўб і Гавел сталі кожнае лета на некалькі дзён збіраць у сябе ў гасцях свабодалюбных дзеячоў культуры. Пад выглядам дней народзінаў, вяселляў і юбілеяў, рабіліся паказы спектакляў, канцэрты, літаратурныя чытанні. Тут упершыню гучалі п'есы забароненых чэшскіх драматургаў і песні музыкаў, якія пераследваліся. Успамінаючы гэты час, Андрэй Кроўб кажа:

«У той час праводзіць падобныя сустрэчы было вельмі складана – мы стала знаходзіліся пад псіхалагічным прэсінгам. Напярэдадні чарговай сустрэчы ўвесь Градэчак быў акружаны паліцэйскімі машынамі і групамі людзей у цывільным, – яны правяралі дакументы, перапісвалі нумары машын... Прысутнасць у Градэчку гарантавала чалавеку трапленне ў «чорныя спісы». Я думаю, што сёння вы, беларусы, як ніхто з еўрапейцаў, можаце сабе прадставіць, як гэта было – вашая сітуацыя вельмі падобная з нашай сітуацыяй трыццацігадовай даўніны. З той толькі розніцай, што за гэты час з'явіліся мабільныя тэлефоны і інтэрнэт».

Цікава, што сустрэчы ў Градэчку не спыняліся і тады, калі Вацлаў Гавел стаў Прэзідэнтам Чэхіі. Праўда, з-за моцнай загружанасці, ён змог бываць на іх не штогод.

Не змог Гавел прысутнічаць у Градэчку і сёлета, праўда, па іншай прычыне– падвёў стан здароўя.

«Мы вельмі перажываем аб ягоным стане здароўя. Летась мы сустракаліся тут – у Градэчку, і дамовіліся аб тым, што пакажам спектакль «Пакаленне Jeans». Гавел патэлефанаваў нам прама перад спектаклем, і будаваў, што не змог прыехаць сёлета, але ён выказаў надзею на тое, што мы зможам сустрэцца ў Градэчку ў наступным. Спадзяемся, што так і будзе», – кажа дырэктар беларускага «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда.

На сустрэчы года прысутнічалі вядомыя ў краіне палітыкі, музыкі, рэжысёры, акцёры, драматургі, пісьменнікі.

Акрамя беларускага «Свабоднага тэатра», свае працы ў Градэчку паказалі два чэшскіх тэатральных калектыва – з Прагі і Карлавых Вар. Пражане прадставілі камедыйную аднаактаўку «Фуршэт», а карлаварцы – спектакль па аднаактовай п'есе Вацлава Гавела «Пратэст».

Падтрымаць сваіх сяброў у Градэчак прыехаў адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў. Ён распавёў аб тым, што больш за ўсё ўразіла яго ў Градэчку:

«Вельмі моцнае ўражанне ад спектакля «Пакаленне Jeans». Шматлікія гледачы самі жылі пры дыктатуры, прайшлі праз турмы, таму суперажыванне адчувалася проста фізічна. Чэхі вельмі эмацыйна ўспрынялі гэты спектакль і пасля яго абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі паміж сабой і з намі. Ігра Мікалая Халезіна значна больш пераканаўчая, чым выступы ў афіцыйных арганізацыях, дае адчуць, што на самай справе сёння адбываецца ў Беларусі».

Спектакль «Пакаленне Jeans», сыграны на адкрытай імправізаванай пляцоўцы прама ў лесе, быў вельмі цёпла сустрэты публікай. А фінальная сцэна спектакля, у якой гаворка ідзе аб чэшскім студэнце Яне Палахе, які спаліў сябе на Вацлаўскай плошчы Прагі, пратэстуючы супраць увядзення савецкіх войскаў у Чэхаславакію, выклікала ў гледачоў цэлую хвалю ўспамінаў.

«Людзям уласціва забываць. Мы прывыклі да свабоды, як неад'емнай часткі нашага грамадства, – нам ужо цяжка прадставіць, што хтосьці можа ў нас гэтую свабоду адабраць. І напамінак спектаклем «Пакаленне Jeans» таго, што яе так лёгка страціць, сёння вельмі важна. Мы ўсе жадаем вам, беларусам, каб вы таксама поўнымі грудзьмі ўдыхнулі паветра свабоды, і гэта адбылося як мага хутчэй» – кажа драматург, доктар матэматыкі Рэнэ Левінскі.

Аўтар спектакля Мікалай Халезін на працягу двух дзён прымаў словы падзякі чэшскіх гледачоў: «Я вельмі рады, што чэшскія гледачы зразумелі тыя думкі, якія мы спрабуем данесці. І нам было вельмі важна сыграць «Пакаленне Jeans» менавіта тут, у Градэчку – «мецы» культурнага чэшскага супраціву, традыцыі якога з'яўляюцца для нас узорам праявы свабоды творчасці і грамадзянскай пазіцыі творцы».

Былы мытны пункт на мяжы Польшчы і Чэхіі – адзін з самых пазітыўных вынікаў еўраінтэграцыі

Дом Андрэя Кроўба ў Градэчку, з прыбудаваным да яго свіранам – «малой сцэнай»

«Вялікая сцэна» – пляцоўка пад адкрытым небам. Лаўр Бяржанін наладжвае апаратуру

Андрэй Кроўб прадстаўляе беларускі «Свабодны тэатр»

Сцэна са спектакля «Пакаленне Jeans»

Адзіная група журналістаў, дапушчаная ў Градэчак сёлета

Два Андрэя – Саннікаў і Кроўб

Уладзімір Шчэрбань, Ірына Ярашэвіч, Андрэй Саннікаў, Мікалай Халезін

Тэатральныя дзеці на градэчкай паляне – прасторы паміж дамамі Вацлава Гавела (на фота) і Андрэя Кроўба

Канцэрт, які завяршаў культурную праграму

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках