14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбараў не будзе: апазіцыю не пускаюць ва ўчастковыя камісіі

19
Выбараў не будзе: апазіцыю не пускаюць ва ўчастковыя камісіі

Канчатковыя вынікі фармавання ўчастковых камісій будуць вядомыя сёння. У прэс-цэнтр Хартыі’97 паступаюць звесткі, што актывістаў апазіцыі не ўключаюць у склад участковых выбарчых камісій.

У 45 акругах горада Барысава (Менская вобласць) з 45 дэмакратычных актывістаў, што падавалі дакументы на ўключэнне ў склад участковых выбаркамаў, не ўключаны ні адзін чалавек. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў старшыня ўпраўлення грамадскага аб'яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў. Па словах прадпрымальніка, які ўдзельнічаў у «выбарах» ад дэмакратычных сіл, у склад камісій уключаныя, у большасці сваім, чальцы праўладавага аб'яднання «Белая Русь».

«Выбараў не будзе! У Барысаўскім гарвыканкаме мне сказалі: толькі не трэба здымацца з «выбараў». Вельмі відавочна намякалі, што ўлады гэтага не жадаюць. Але пытанне аб здыманні з «выбараў» стаіць адназначна. 1 верасня адбудзецца пашыраная палітрада АДС і па выніках фармавання ўчастковых камісій і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты будзе прынятае канчатковае рашэнне аб удзеле ў гэтых «выбарах», -- нагадаў Віктар Гарбачоў.

Ніхто з дэмакратычных актывістаў не быў уключаны ў склад участковых камісій Смаргоньскага раёна. Усяго вылучалася тры чалавекі, шляхам збору подпісаў. Каб падкрэсліць, што яны прапаноўваюцца кандыдатамі ад апазіцыі, заявы выбаршчыкаў былі пададзеныя ў райвыканкам 10 жніўня прэтэндэнтам у кандыдаты ад аб'яднаных дэмакратычных сіл Ірынай Вешторд разам з адмысловым суправаджальным лістом.

У панядзелак, 11 жніўня, Смаргоньскі райвыканкам зацвердзіў склад участковых камісій, але заявы аб вылучэнні дэмакратычных актывістаў не былі здаволеныя.

У Светлагорским раёне ва участковыя выбарчыя камісіі не ўключаны ніводны прадстаўнік дэмакратычных сіл. Аб гэтым намеснік старшыні акруговай выбарчай камісіі Уладзімір Кукар паведаміў Святлане Міхальчанцы, якая ўваходзіць ва ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Сяргея Дайнекі.

12 жніўня адбылося паседжанне выканаўчага камітэта Светлагорскага раёна. На ім утвораныя ўчастковыя выбарчыя камісіі Светлагорскай выбарчай акругі.

“У другой палове дня я была ў райвыканкаме, там сустрэла Уладзіміра Кукара – распавядае С. Міхальчанка. – Спытала ў яго: каго з нашых прадстаўнікоў уключылі ва ўчастковыя камісіі? Ён адказаў – нікога. На мае словы аб тым, што ў такіх умовах немагчыма праводзіць справядлівыя выбары, ён адказаў: гэта вашыя справы”.

У Светлагорскай выбарчай акрузе 66 участковых камісій. Як распавяла С. Міхальчанка, дэмакратычныя сілы Светлагорскага раёна вылучылі па аднаму прадстаўніку ў 28 камісій. 12 з гэтых людзей былі вылучаны ад грамадзян шляхам збору подпісаў (6 сябраў Партыі БНФ і 6 беспартыйных). Яшчэ 16 чалавек вылучаліся ад Гомельскай абласной арганізацыі Партыі камуністаў (з іх 6 – і шляхам збору подпісаў). Большасць маюць вышэйшую адукацыю – у тым ліку настаўнікі, намеснік дырэктара школы, начальнік аддзела завода. “Усе яны маглі б паспяхова працаваць ва ўчастковых камісіях. Я лічу, што калі іх не ўключылі, то выбары будуць сфальсіфікаваныя, як і раней” – кажа С. Міхальчанка.

Як мы паведамлялі ўчора, з 34 прадстаўнікоў Партыі БНФ у трох выбарчых акругах ва ўчастковыя камісіі не дапушчаны ні адзін чалавек.

12 жніўня стаў вядомы склад участковых выбарчых камісій па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12 і Віцебскай сельскай акрузе № 21, кандыдатамі ў дэпутаты ад Партыі БНФ на якіх з'яўляюцца Аляксандр Мех і Леанід Аўтухоў. Ад БНФ не зацверджаны ні адзін сябра ўчастковых выбарчых камісій. Па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12 вылучаліся 8 сябраў Партыі БНФ, па Віцебскай сельскай № 21 - 15 сябраў партыі, паведамляе сайт Партыі БНФ.

Па Рэчыцкай выбарчай акрузе № 44, дзе балатуецца кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Валер Пуціцкі, з заяўленых 11 сябраў участковых камісій ад БНФ таксама ніхто не зацверджаны.

Усяго дэмакратычныя сілы вылучылі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі 1 300 кандыдатаў. Прэс-цэнтру Хартыі’97 сталі вядомыя рашэнні па 500 з іх. Ва ўчастковыя камісіі ўключана ўсяго 4 прадстаўніка апазіцыі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках