15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін не захацеў размаўляць з Сідорскім аб кошце на газ і крэдытах

31
Пуцін не захацеў размаўляць з Сідорскім аб кошце на газ і крэдытах

Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін учора прыняў беларускага прэм'ера Сяргея Сідорскага. Эканамічныя перамовы, і па пазыках, і па кошце на расейскі газ, адкладзеныя на верасень-кастрычнік.

"Сціплая" пазыцыя Беларусі з нагоды паўднёваасяцінскага канфлікту прывяла да таго, што Аляксандру Лукашэнку прапанавана спачатку дамовіцца з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым.

Сустрэча кіраўнікоў урадаў «саюзнай дзяржавы» апынулася на рэдкасць халоднай і ўпершыню адбылася без удзелу журналістаў, піша расейская газета «Камерсант». Белы дом абмежаваўся размяшчэннем стэнаграмы першых хвілінаў гэтай сустрэчы на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы ўраду. Замест абмеркавання эканамічных праблемаў Сяргею Сиідорскаму прыйшлося тлумачыць пазыцыю Беларусі адносна вайны Расеі ў Грузіі. Беларускі прэм'ер паведаміў аб гатовасці паслаць гуманітарную дапамогу ў раён канфлікту і абяцаў прыняць 2,5 тыс. асяцінскіх дзяцей.

Сяргей Сідорскі ехаў у Маскву за іншым. Напярэдадні візіту ён паведамляў аб сваім жаданні дамовіцца з Уладзімірам Пуціным аб зніжэнні кошту на расейскі газ у 2009 годзе і аб атрыманні доўгатэрміновага крэдыту ў памеры $2 млрд. Па разліках "Газпрому", расейскі газ для Беларусі ў 2009 годзе падаражэе да $200 за тыс. куб. м. Напярэдадні першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка прапаноўваў адкарэктаваць дамову з Расеяй аб кошце на газ ад 31 снежня 2006 году. Па ягоным словам, "пры падпісанні той дамовы мы абапіраліся на расейскі прагноз змены кошту на нафту, які прадугледжваў ягонае зніжэнне". Але паколькі кошт на нафту працягваў расці, а такім чынам, расце і звязаны з ім кошт на газ, спадар Сямашка прапанаваў два варыянты рашэння праблемы: "альбо скасаваць дамову, альбо дапоўніць". Па ягоным словам, "на пачатку 2008 году кошт на газ для Беларусі складаў $119 за тыс. куб. м, а ў другім-чацвёртым кварталах — $127,9". Рэальным коштам на 2009 год ён лічыць ня большым за $160 за тыс. куб. м і гатовы перайсці да $200 толькі ў 2010 годзе.

Ужо цяпер высокія кошты на энерганосьбіты адмоўна ўплываюць на беларускую эканоміку. Па дадзеных амбасадара РФ у Беларусі Аляксандра Сурыкова, "на першыя паўгодкі адмоўнае сальда Беларусі перавысіла $6 млрд". У 2009 годзе аплатны баланс Беларусі можа апынуцца яшчэ горшым. Як паведаміў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Панкін, беларускі ўрад звярнулася да Расеі з просьбай аб доўгатэрміновым крэдыце ў памеры $2 млрд. Па ягоным словам, "пытанне аб магчымасці падавання такога крэдыту і ўмовы яшчэ абмяркоўваюцца". У 2007 годзе Беларусі быў прадстаўлены крэдыт на аплату энергапастаўкаў у памеры $1,5 млрд. Другі крэдыт запрошваецца на падтрыманне гандлёвага балансу, гэта значыць, фактычна на тое ж сама. У якасці альтэрнатывы расейскі Мінфін яшчэ ў 2007 годзе прапаноўваў размясціць беларускі дзяржзайм на расейскім фінансавым рынку. Але, па словах Дзмітрыя Панкіна, "цяпер беларускі бок пераносіць свой выхад на расейскі рынак, і гэта звязана з цяжкім становішчам на рынках".

Яшчэ на мінулым тыдні і ў Маскве, і ў Менску відавочна рыхтаваліся да больш змястоўнага абмеркавання эканамічных праблемаў. Яшчэ 6 жніўня расейскі амбасадар Сурыкаў прапанаваў беларускім уладам вярнуцца "да пачатку гутарак аб адзінай валюце". Ён заявіў, што ня бачыць "падставаў для няўводзінаў адзінай валюты" да прыняцця Канстытуцыі саюзнай дзяржавы. Ягоны довад: "ЕЗ жа жыве з адзінай валютай без Канстытуцыі". Але ўжо 12 жніўня амбасадар Расеі ў Беларусі публічна абвінаваціў беларускае кіраўніцтва ў "сціплай" пазыіцыі ў дачыненні да канфлікту ў Паўднёвай Асеціі. "Грамадзяне, якія трапілі ў Паўднёвай Асеціі пад генацыд, форменна кажучы, і грамадзяне Беларусі",— настойваў Аляксандар Сурыкаў. У той сама дзень прэзідэнт Аляксандар Лукашэнка даручыў кіраўніку беларускага МЗС Сяргею Мартынаву распачаць шэраг крокаў для паляпшэння адносінаў з ЕЗ і ЗША, фактычна праігнараваўшы заклік Масквы аб падтрымцы.

У выніку гутарка Сяргея Сідорскага з Уладзімірам Пуціным аб эканоміцы не зацягнулася. "Што тычыцца двухбаковых зносінаў... у Сочы вінная адбыцца сустрэча двух прэзідэнтаў — Аляксандра Рыгоравіча і Дзмітрыя Анатольевіча. Будуць працягнутыя перамовы па ўсім комплексе пытанняў",— заявіў Уладзімір Пуцін. Сустрэча прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева з Аляксандрам Лукашэнкам прызначаная на 19 жніўня. Адзіны вынік сустрэчы, які Белы дом ўчора вырашыў дэманстраваць,— абяцанне Ўладзіміра Пуціна абмеркаваць эканамічныя праблемы ў верасні-кастрычніку 2008 году.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках