14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа не павінная забываць аб сваіх жа прапановах

Еўропа не павінная забываць аб сваіх жа прапановах

Адзіны шлях дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі – гэтае паслядоўнае выкананне 12 прапановаў Еўразвяза, лічыць адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Міхаіл Марыніч.

«Я шчыра рады, што Аляксандр Казулін на волі. Фактычна быў адменены цынічны прысуд бязвольнага, непрафесійнага суду. Гэты мужны чалавек прайшоў праз страшныя выпрабаванні і выстаяў, абараніў не толькі свой гонар і годнасць, але і правы сотняў тысяч грамадзян краіны, якія імкнуцца да перамен», -- заявіў Міхаіл Марыніч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Аднак, па словах палітыка, «адзіны шлях дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне – гэтае паслядоўнае выкананне 12 прапановаў Еўразвяза: неадкладнае вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне ўсіх палітычных рэпрэсій, змяненне умоваў правядзення выбараў. Удзел у гэтых псеўдавыбарах («парламенцкія выбары» павінныя адбыцца ў Беларусі 28 верасня – заўв. Хартыі’97) не наблізіць нас да дэмакратыі. Адказам на ціск уладаў на палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць павінныя стаць актыўныя дзеянні па байкоце існуючага рэжыма».

«Вызваленне Аляксандра Казуліна можна прывітаць, але за гэтым павінныя рушыць услед наступныя крокі па паляпшэнні атмасферы ў грамадстве, у цэлым па дэмакратызацыі сітуацыі ў Беларусі», -- перакананы Міхаіл Марыніч.

Былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін быў арыштаваны за арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года. 13 ліпеня 2006 года Менскі суд прысудзіў Аляксандра Казуліна да 5,5 год турэмнага зняволення.

Вызвалення палітвязня патрабавалі Еўрапейскі Звяз і ЗША. Адмова вызваліць Казуліна і іншых палітвязняў стала адной з прычын для ўвядзення супраць беларускіх улад эканамічных санкцый з боку Злучаных Штатаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках