12 лiстапада 2024, aўторак, 23:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва ўчасткавых камісыях усяго 0,07 адсотка апазіцыянераў. Рыхтуюцца масавыя фальсыфікацыі? (Відэа)

22

У склад участкавых выбарчых камісыяў увайшлі ўсяго 3 адсоткі ад высунутых прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў: 47 асобаў з 1.500 кандыдатаў. Гэта ўсяго 0,07 адсотка ад агульнай колькасці чальцоў выбаркамаў!

Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску заявілі старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алесь Бяляцкі і вядомы праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Як паведаміў Валянцінаў Стэфановіч, агульная колькасць чальцоў участкавых выбарчых камісыяў - 70.000 чалавек. Такім чынам, 47 прадстаўнікоў апазыцыі складаюць усяго 0,07 адсотка чальцоў выбаркамаў.

"Гэтая малаважная лічба кажа аб тым, што казаць аб якіх-небудзь пазытыўных зменах падчас дадзенай выбарчай кампаніі не прыходзіцца. Тэндэнцыі такія: фармаванне ўчасткавых выбарчых камісыяў адбывалася закрыта, спісы чальцоў выбаркамаў складаліся загадзя, на паседжанне камісыяў не дапушчалі назіральнікаў, дзейнічаў і тэрытарыяльны прынцып: шматлікія чальцы выбаркамаў - прадстаўнікі аднаго прадпрыемства, іх вельмі лёгка кантраляваць", - заявіў Валянцінаў Стэфановіч.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак прадставіў на прэс-канферэнцыі сведчанне таго, што ўлады рыхтуюцца да фальсыфікацыяў вынікаў выбараў. Гэта спісы чальцоў участкавай камісыі ў Наваполацку.

"Гэты спіс патрапіў да нашых праваабаронцаў яшчэ 6 жніўня, гэта значыць, задаўга да таго, як адбылася працэдура фармавання камісыяў. Мы дачакаліся, пакуль камісыі сфармавалі, параўналі з тым спісам. І атрымалася, што больш чым на 90 адсоткаў ён такі сама. Гэта значыць, нягледзячы на фармальную выбіральнасць, усе камісыі былі сфармаванымі загадзя", - зазначыў Алег Гулак.

Па словах віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, "на гэтых "выбарах" нас чакае чарговая катастрофа дэмакратычнасці выбарчага працэсу. Ва ўчасткавых выбарчых камісыях адбываецца падлік галасоў і фактычна - фальсыфікацыі".

"Сытуацыя катастрафічная. Нягледзячы на тое, што Ярмошына спрабавала апраўдацца, што, маўляў, фармаванне выбаркамаў - гэта прэрагатыва мясцовых уладаў, відавочна, што схема фальсыфікацыяў, якая была сфармаванай раней, дзейнічае і цяпер. І гэта ставіць правядзенне выбараў пад вялікае пытанне. Тое, што казаў Лукашэнка аб тым, што выбары будуць сама вольнымі і сама дэмакратычнымі, проста смешна. Улады перайшлі Рубікон, калі сфармавалі ўчастковыя камісыі. Выхаду няма. Яны што, загад выдадуць правесці выбары вольнымі? Любыя варыянты ня маюць ніякага дачынення да вольных выбараў і міжнародных стандартаў. Цяпер кажуць, што вызваленне Аляксандра Казуліна паўплывае на выбарчы працэс. Гэта марныя надзеі. Гэта розныя рэчы. На "выбары" гэта не паўплывае", - сказаў Алесь Бяляцкі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках