15 лiстапада 2024, Пятніца, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўная тэма перамоваў Лукашэнкі і Мядзведзева

21

У распараджэнні газеты «Беларусы і рынак» апынуўся дакумент, у якім змяшчаецца аргументацыя беларускага боку ў перамовах з Масквой па пытанні фармавання кошту на газ.

Беларускі бок дамагаецца ад Масквы перагляду дамоўленасцяў па методыцы фармавання кошту на газ, заяўляючы аб магчымых катастрафічных наступствах для эканомікі краіны. Пры падпісанні дамоўленасцяў у 2006 годзе прымаўся да ўвагі прагноз Мінэканамразвіцця і гандлю РФ (МЭРГ), які прадугледжваў зніжэнне сусветных коштаў на нафту ў 2007-2009 гадох.

Зыходзячы з гэтага, сярэднегадовы кошт пастаўлянага ў Беларусь газу разлічваўся ў 2008 годзе на ўзроўні 120 USD/тыс. куб. м, у 2009 годзе— 140 USD /тыс. куб. м, у 2010 годзе —159 USD /тыс. куб. м, у 2011 годзе — 178 USD /тыс. куб. м. Такім чынам, у Менску чакалі, што за 4 гады кошт на газ у параўнанні з 2006 годам павялічыцца ў 3,8 разы.

Але МЭРГ РФ памылілася: кошты на нафту не знізіліся, а выраслі. Паводле новых разлікаў расейскага боку, у 2008 годзе сярэднегадовы кошт на газ для Беларусі можа скласці 126 USD /тыс. куб. м, у 2009 годзе — 203 USD /тыс. куб. м, у 2010 годзе — 259 USD /тыс. куб. м, у 2011 годзе — 306 USD /тыс. куб. м. Гэта значыць, за 4 гады кошт павялічыцца ў 6,55 разоў.

Беларускі бок лічыць, што неспадзяваны рост коштаў на газ будзе мець катастрафічныя наступствы для эканомікі краіны. Калі ў 2007 годзе доля ўбыткавых арганізацыяў ацэньвалася на ўзроўні 11%, то ў 2009 годзе яна ўзрастае да 37,1%, а ў 2011-м—да 60,5%. Пры гэтым у 2009 годзе ўдзельная вага ўбыткавых прадпрыемстваў з рэнтабельнасцю ад 0 да 5% складзе сумарна 60,5%, а ў 2011 годзе ўзрасце да 81,3%.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі прадпрыемстваў Мінпраму з ацэньванага значэння за 2007 год 15,3% знізіцца ў 2009 годзе да 7,9% (больш за 2 разы) і да 4,4% у 2011-м.

Пры гэтым 19,1% арганізацыяў, якія ў 2007 годзе працавалі з рэнтабельнасцю мінус 10,3%, у 2009 годзе знізяць яе да мінус 17,7%, а ў 2011-м — да мінус 21,2%. Яшчэ 43,1% арганізацыяў, працавалых у 2007 годзе з рэнтабельнасцю 5,6%, знізяць гэты паказальнік у 2009 годзе да мінус 2,1%, а ў 2011-м — да мінус 5,7%.

У 25,7% арганізацыяў, якія ў 2007 годзе мелі рэнтабельнасць 12,7%, у 2009 годзе гэты паказальнік знізіцца да 5,3%, а ў 2011–м — да 1,8%. Нарэшце, у 12,1% арганізацыяў, якія ў 2007 годзе працавалі з рэнтабельнасцю 23,2%, у 2009 годзе дадзены паказальнік знізіцца да 15,4%, а ў 2011-м — да 11,8%.

Па прагнозных ацэнках урадавых экспертаў, у 2008 годзе стануць убыткавымі ўсе цэментавыя прадпрыемствы: Беларускі цэментавы завод, "Крычаўцэменташыфер" і ААТ "Чырвонасельскбудматэрыялы", а таксама ААТ «Гомельшкло» і магілёўскі завод "Строммашына".

ААТ "Гарадзенскі шклозавод" у 2008 годзе стане нізкарэнтабельным (чакаецца рэнтабельнасць плюс 2,5%, а з 2009 году—ўбыткавым. РУПП "Граніт" пяройдзе ў разрад нізкарэнтабельных з 2009 году, а ў 2010 годзе можа стаць убыткавым. У 2010 годзе страціць магчымасць рэнтабельнай працы таксама СЗАТ "Шклозавод "Ялізава".

У аналітычнай даведцы зазначаецца, што ўсе асноўныя галінаўтваральныя арганізацыі Мінбудархітэктуры пры прагназаваным падвышэнні коштаў на энергарэсурсы ўжо ў 2010-м могуць стаць убыткавымі.

Доля выдаткаў на энергарэсурсы ў структуры выдаткаў на вытворчасць прадукцыі паліўнай, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, якая цяпер займае каля 14%, да 2011 году павялічваецца да 25,2%.

Прагназуецца, што рост энэргаарыфаў прывядзе да ўбыткавай дзейнасці ААТ "Крыён", "Гародня Азот", "Магілёўхімвалакно" ўжо ў 2008 годзе, а ААТ "Палімір" — у 2009 годзе. У лёгкай прамысловасці рэнтабельнасць прадукцыі ўжо ў 2008 годзе знізіцца з 9 да 6,9%, у 2009 годзе — да 4%, а ў 2010 - 2011 гадох становішча ў гэтай галіне яшчэ больш пагоршыцца.

Чакаецца, што ўзровень заробку ў краіне пры такім сцэнары падзеяў складзе каля 50% ад прагназаванага ў РФ на 2010 год. Як наступства, адбудзецца скарачэнне спажывецкага попыту. Усё гэта прывядзе да значнага скарачэння тэмпаў прыросту УВП у 2008-2011 гадох і не дазволіць выйсці на паказальнікі, супастаўныя з узроўнем развіцця РФ. Урад прагназуе запаволенне тэмпаў эканамічнага развіцця ў сярэднім на 3-4 адсоткавых пункты ў год.

Зыходзячы з гэтага, беларускі бок лічыць неабходным адкарэктаваць формулы разліку кошту на газ шляхам унёску адпаведных зменаў ва ўжо падпісаны кантракт. Якім чынам? Абмежаваць кошт рэалізацыі газу ў Польшчу на працягу 2009-2011 гадоў планкай 270 USD/тыс. куб. м. У гэтым выпадку Беларусь зможа захаваць ранейшую дынаміку падвышэння кошту на газ, які быў разлічаным з улікам зніжэння сусветных коштаў на нафту.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках