15 лiстапада 2024, Пятніца, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія вайскоўцы не пусцілі ў Горы прадстаўнікоў ПАРЕ

У Грузіі знаходзяцца кіраўнікі Камітэту па маніторынгу Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Маціяш Эршы і Кастрыёт Ісламі. Як паведаміла радыё «Воля», 20 жніўня яны паспрабавалі праехаць у грузінскі горад Горы, які ўжо некалькі дзён кантралюецца расейскімі войскамі.

Аднак ужо пры выездзе з Тбілісі, у паселішчы Ігаеці, прадстаўнікоў ПАРЕ спынілі расейскія вайскоўцы.

Маціяш Эршы сказаў журналістам, што лічыць ненармалёвай сытуацыю, калі расейскія жаўнеры блякуюць у Грузіі грузінскі горад і не пускаюць туды прадстаўніка Рады Еўропы. Па словах спадара Эршы, гэта першы выпадак у гісторыі, калі адна краіна Рады Еўропы акупуе іншую.

Ён таксама выказаў здзіўленне тым, што ў Горы не пускаюць грузінскіх журналістаў.

Сакратар Рады нацыянальнай Бяспекі Грузіі Аляксандар Ламая паведаміў журналістам, што няма ніякіх прыкметаў вываду расейскіх войскаў з Горы і з аўтатрасы Ўсход-Захад.

У Поці, на Чарнаморскім узбярэжжы, у сотнях кіламетрах ад Паўднёвай Асеціі, расейскія вайскоўцы арганізавалі КПП ля ўезду ў горад і цалкам кантралююць усе ўезды і выезды ў порт.

Аналягічная сытуацыя ў іншых грузінскіх гарадох - Зугдзідзі, Сенакі, Хашуры, Карэлі. Раней паведамлялася, што 20 жніўня ў сёлы Чхарацкуйскага раёну Хабуме і Чога ўвайшлі 10 расейскіх бронетранспарцёраў і гэтулькі ж грузавых машынаў.

Калі Расея, як гэта было абяцана ейным кіраўніцтвам, да 22 жніўня не выканае абавязкаў па адводзе войскаў у зоне грузіна-асяцінскага канфлікту, Еўрапарламент прыме больш "цвёрдую заяву", чым гэта зрабілі міністры 26 краінаў-чальцоў НАТА па выніках экстранай сустрэчы ў Брусэлі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках