15 лiстапада 2024, Пятніца, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марк Зэльцэр: Барыс Беразоўскі наведаў турму КДБ Беларусі

5

Паводле Марка Зэльцэра, да ягонага брата, амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, у турму КДБ прыходзіў Барыс Беразоўскі, якога абвясьціла ў вышук пракуратура Расеі.

Пра тое, што Барыс Беразоўскі нібыта прылятаў у Менск і наведваў у турме КДБ Эмануіла Зэльцэра, пакаранага беларускім судом на тры гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж, паведаміў “Радыё Свабода” брат асуджанага Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку.

Паводле Марка Зэльцэра, гэта быў другі за жнівень візыт расейскага алігарха-ўцекача ў Менск. Першы раз Барыс Беразоўскі, паводле Марка Зэльцэра, прыляцеў у Менск 3 жніўня і праз два дні выступіў сьведкам на працэсе над Эмануілам Зэльцэрам. Другі візыт адбыўся 15 жніўня, кажа Марк Зэльцэр і перадае падрабязнасьці:

“10 дзён таму да яго ў турму прыходзіў Беразоўскі. Асабіста. Ён патрабаваў ад брата, каб той забраў усе свае доказы і свой выступ на судзе, прызнаў віну і звольніў свайго адваката Гарачку. “Я сапраўдны гаспадар гэтай краіны”, — нібыта сказаў, паводле Марка Зэльцэра, Барыс Беразоўскі ягонаму брату і дадаў: “Для мяне тры гады, якія ты атрымаў, мала. Калі не адмовісься, атрымаеш больш і будзе горш”.

Інфармацыю пра наведаньне Менску Барысам Беразоўскім Марк Зэльцэр нібыта атрымаў у Дзярждэпартамэнце ЗША. Паводле Марка Зэльцэра, ёсьць і дакумэнтальныя доказы таго, што расейскі алігарх-уцякач наведваў Менск:

“Ён прылятаў на сваім самалёце, вядомы нумар борту і іншыя дадзеныя. Мы паведамілі пра гэта расейскаму паслу ў Беларусі, расейскаму паслу ў ЗША. Нічога. Прылятае, калі хоча”, -- паведаміў Марк Зэьцэр.

Нагадаем, у Расеі Барысу Беразоўскаму выстаўлена некалькі абвінавачаньняў, пракуратурай алігарх абвешчаны ў вышук. Расейскія ўлады патрабуюць выдачы Барыса Беразоўскага ад Вялікабрытаніі, дзе ён атрымаў палітычны прытулак. Паводле дамовы, якая існуе паміж Расеяй і Беларусьсю аб выдачы злачынцаў і асобаў, падазраваных у злачынствах, Беларусь абавязана затрымліваць такіх асобаў на сваёй тэрыторыі і перадаваць Расеі.

Кіраўнік прэсавай службы МУС Беларусі Алег Сьлепчанка паведаміў: “Зьвесткамі пра тое, што ў Менску быў Барыс Беразоўскі, не валодаю. Ня ведаю і пра тое, каб яго тут шукалі”.

Між тым, паводле Марка Зэльцэра, ён інфармаваў пра прылёт у Менск Барыса Беразоўскага пракуратуру, КДБ, міністра ўнутраных спраў і адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі “ў той жа дзень”.

На мінулым тыдні Эмануіла Зэльцэра наведвала ў турме супрацоўніца амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж. “Ён казаў, што адчувае велізарныя болі. Мы працягваем сачыць за сытуацыяй і выказваем скрайнюю занепакоенасьць”, — сказала дыпляматка. На пытаньне, ці праўда, што Зэльцэра ў турме КДБ наведваў Барыс Беразоўскі, спадарыня Сэвідж адказала: “На жаль, у мяне няма для вас зьвестак пра гэта”.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках