15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грузінскія праваабаронцы: «Заўтра расейскія танкі могуць стаяць і ў вашых гарадах»

Аднабаковае прызнанне Расеяй незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі грузінскія ўлады назвалі «анэксіяй Масквой грузінскай тэрыторыі». Праваабаронцы таксама б'юць трывогу.

ЗША, ЕЗ і АБСЕ падтрымалі тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі. Аб цяперашняй сытуацыі ў Грузіі ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» распавядае Арнольд Сцепанян, старшыня кіравання Агульнаграмадзянскага руху "Шматнацыянальная Грузія", што аб’ядноўвае 56 арганізацыяў этнічных меншасцяў гэтай краіны.

"Людзі чакалі, што Расея зробіць такі крок, - распавядае Арнольд Сцепанян. - Хоць у глыбіні душы спадзяваліся, што праваслаўны сусед не зробіць гэтага з маленькай краінай, якая абрала адрозны ад развіцця расейскіх уладаў курс, абрала курс дэмакратычнага развіцця, арыентацыі на заходнія дэмакратычныя каштоўнасці".

Кіраўнік руху "Шматнацыянальная Грузія" кажа, што дзеянні Расеі знішчылі ўсе раней існавалыя сімпатыі грузінаў да гэтай краіны.

"Калі да ўварвання ў Грузію было 30% насельніцтва нашай краіны, якое так або інакш у палітычных або эканамічных адносінах арыентавалася на Расею, то сёння немагчыма знайсці нават аднаго чалавека, які б сказаў, што жадае будаваць сваю прышласць ў сяброўстве з Расеяй", - кажа праваабаронца.

За тыдзень у Грузіі з'явілася каля 120 тысячаў уцекачоў, гэта каля 3% насельніцтва краіны. Сцепанян кажа, што яны жывуць у жудасных умовах. Доступ да гуманітарных грузаў абмежаваны расейскімі войскамі, і іх можна атрымаць толькі паветраным шляхам. Дзясяткі тысяч чалавек цяпер вяртаюцца ў горад Горы, але ён зруйнаваны расейскай авіяцыяй...

Арнольд Сцепанян спадзяецца, што ў такой сытуацыі грузінскі ўрад устрымаецца ад наступнай эскалацыі канфлікту і перавядзе яго "у дыпляматычную плоскасць". "Прынамсі людзі не будуць паміраць", - кажа грамадскі дзяяч.

Сцепанян лічыць, што не толькі Грузія цяпер у небяспецы, але і іншыя краіны Еўропы таксама вінныя задумацца аб адбывалым:

"Я ня ўпэўнены, што расейскае акупацыйнае войска ня зробіць крокаў да наступнай эскалацыі як у Грузіі, так і ў іншых частках Еўропы. Нажаль, Расею атачаюць маленькія еўрапейскія краіны, і ў іх няма абсалютна ніякай гарантыі таго, што заўтра расейскія танкі не будуць стаяць у іхніх гарадах", - лічыць праваабаронца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках