15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Фадзеяў: Беларусь заплаціла за газ толькі пасля скандалу і націску з боку «Газпрому»

2

Амбасадар Расеі ў Менску Аляксандар Сурыкаў заявіў, што кошт расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе складзе больш за $200 за 1000 кубаметраў. Сытуацыю з аплатай Беларуссю кошту на газ каментуюць расейскія эксперты.

«З майго пункта гледжання, існуюць два погляды на гэтую праблему - з беларускага і расейскага боку. І гэтыя два розныя погляды не цалкам узгадняюцца адно з адным. Як вядома, беларускае кіраўніцтва падпісала 31 снежня 2006 году пакет дакументаў, звязаных з формулай разліку кошту на пастаўляны Расеяй газ на некалькі гадоў наперад. Аднак не далей як 1 жніўня намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Сямашка заявіў аб тым, што дасягнутыя дамоўленасці павінны быць перагледжанымі. Згодна ягонага меркавання, у 2006 годзе кошт на нафту прагназаваўся зусім іншым, значна ніжэйшым за сённяшні. Я згодзен з тымі беларускімі экспертамі, якія лічаць, што без удзелу прэзідэнта Беларусі такая заява не магла быць зробленай», -- заявіў загадчык Аддзелу Беларусі Інстытута краінаў СНД Аляксандр Фадзеяў адмыслова для KM.RU.

Згодна меркавання эксперта, у Менску ўсё часцей чуваць заклікі «па-іншаму» размаўляць з Расеяй. «Безумоўна, Беларусь на сённяшні момант застаецца нашым адзіным саюзнікам на постсавецкай прасторы. І гэты саюзнік можа патрабаваць сабе асаблівых паўнамоцтваў і прывілеяў. Адсюль - заклікі больш рашуча размаўляць з Масквой і дасягнуць больш палёгкавых рэжымаў, у тым ліку і па пастаўках энергарэсурсаў. З палітычнага пункту гледжання такія меркаванні беларускага боку маюць пад сабой акрэсленыя падставы. Што тычыцца непасрэдна характару дамовы паміж «Газпромам» і «Белтрансгазам», якая была складзенай на міжурадавым узроўні, то ў словах Сямашкі мы можам пачуць відавочную пагрозу прамога парушэння гэтай дамовы. З чым расейскі бок, вядома, ня можа пагадзіцца. У гэтым пляне Менску, вядома, неабходна паказаць, што, нягледзячы на палітычныя матывы і меркаванні Масквы, існуюць рынкавыя рэаліі і эканамічная мэтазгоднасць. Урэшце, узятыя на сябе партнэрскія абавязкі неабходна выконваць - саюзнік ты ці не», - лічыць эксперт.

На днях інфармацыйныя агенцтвы перадалі паведамленне, што Беларусь цалкам адплацілася за пастаўлены ў першых паўгодках газ. Некаторыя эксперты ўбачылі ў гэтым сведчанне адсутнасці рознагалоскаў паміж бакамі. «Аднак мая ацэнка ня будзе гэтак добрай. Беларускі бок не заўсёды сваечасова аплачваў пастаўлены газ. Ён упарта настойвае на тым, што ў другім квартале 2008 году краіна будзе плаціць за газ па тарыфе, які дзейнічаў у першым. Гэта значыць, па кошце $119 за 1000 кубаметраў. Хоць паводле першапачатковай формулы разліку гэты кошт быў вінным падвысіцца. Аднак беларускі бок спрабаваў плаціць як у першым квартале. Гэта з'яўляецца парушэннем дадатковых дамоўленасцяў да таго пагаднення, аб якім я казаў. Так што ўсё было зусім не так проста: з боку «Газпрому» і ўрада Расеі быў вызначаны націск - для таго, каб Беларусь выконвала свае абавязкі па аплаце пастаўленых энергарэсурсаў у поўным аб'ёме. Такім чынам, у нас атрымалася дасягнуць рэалізацыі гэтага пункту дамовы з Беларуссю толькі за кошт чарговага латэнтнага скандалу. Спроба беларускага боку перагледзець дамоўленасць і праверыць на трываласць расейскія пазыцыі - усё гэта даволі непрыемна. Таму я ня стаў бы пакуль казаць, што расейска-беларускае супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы праходзіць досыць гладка», -- упэўнены Фадзеяў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках