28 снежня 2024, Субота, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навучэнцы зачыненага ўладамі Беларускага ліцэя правялі лінейку

1 верасня ў Менску, ля будынка па вуліцы Кірава, 21, навучэнцы былога Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа разам з бацькамі і настаўнікамі правялі лінейку, прысвечаную Дню ведаў.

На працягу 11 гадоў навучальная ўстанова размяшчалася ў гэтым будынку, які ў 2003 годзе ўлады перадалі суду Цэнтральнага раёна сталіцы.

Адкрываючы лінейку, дырэктар ліцэя Ўладзімір Колас павіншаваў усіх, хто сабраўся, з Днём ведаў і выказаў удзячнасць усім сябрам ліцэя ў Беларусі і за яе межамі. Па ягоных словах, цяперашні навучальны год з'яўляецца годам святкавання 20-годдзя ліцэя, адкрытага ў 1989 годзе пры Беларускім гуманітарным адукацыйна-культурным цэнтры. "Ужо ў верасні мы пачнем падрыхтоўку да гэтага свята. Як звычайна, нас чакаюць цікавыя вандроўкі ў свет ведаў, сустрэчы з выбітнымі людзьмі і знаёмства з еўрапейскай гісторыка-культурнай і прыроднай спадчынай", — сказаў У.Колас.

Намеснік дырэктара ліцэя Лявон Баршчэўскі адзначыў, што ліцэісты павінныя памятаць аб сваім доме па вуліцы Кірава, 21. "Бо ў гэтым гістарычным будынку з канца XIX стагоддзя заўсёды размяшчаліся навучальныя ўстановы. І мы ўпэўненыя, што з часам ліцэй вернецца ў свій дом", — сказаў Л.Баршчэўскі. Ён заклікаў выкладчыкаў і ліцэістаў высока несці марку навучальнай установы, якая вылучаецца прыхільнасцю нацыянальным традыцыям і высокім узроўнем ведаў, перадае БелаПАН.

Навучэнка Соф'я Набок выказала надзею, што аптымізм і ўпэўненасць у сваіх сілах дапамогуць навучальнай установе пераадолець усе цяжкасці.

Выпускніца ліцэя Ніна Маргаева назвала гады вучобы ў ліцэі лепшымі ў сваім жыцці. Па ейных словах, усе выпускнікі памятаюць аб сваёй альма-матэр і жадаюць ёй поспехаў. Звяртаючыся да ліцэістаў, яна пажадала ім не губляць надзеі і падкрэсліла, што менавіта на іх трымаецца "годнасць і сіла вучэбнай установы".

Усе, хто сабраліся, выканалі гімн "Гаўдэамус ігітур" і ўсклалі кветкі да сцен будынка.

Нагадаем, за 19 гадоў існавання гэтая ўстанова прйшла шлях ад нядзельнай вучэбнай установы пазакласнага тыпу да Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Міністэрства адукацыі з філіяламі ва ўсіх абласцях краіны. Увесну 2003 года ліцэй быў зачынены ўладамі. Нягледзячы на гэта, навучальная ўстанова працягвае працаваць у неафіцыйным статусе Беларускага гуманітарнага ліцэя. Навучэнцы самастойна вывучаюць курс сярэдняй школы і здаюць іспыты экстэрнам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках