15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

28 верасня на Плошчы патрабаванне будзе адно – новыя выбары (Фота, відэа)

16
28 верасня на Плошчы патрабаванне будзе адно – новыя выбары (Фота, відэа)

Удзел апазіцыі ў выбарчым фарсе пад назвай «парламенцкія выбары» недапушчальны. Без удзелу прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковых выбарчых камісіях, галасы беларусаў будуць скрадзеныя. Каб адстаяць свой голас людзі павінныя выйсці 28 верасня, у 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска, заявілі сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску лідэры беларускай апазіцыі.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, каардынатар Хартыі’97, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч.

«Калі зараз частка апазіцыі пойдзе на саступкі рэжыму і пагадзіцца на ўдзел у выбарчым фарсе, аб якіх наступных прэзідэнцкіх выбарах можа ісці гаворка? Менавіта сёння вырашаецца лёс прэзідэнцкіх выбараў. Апазіцыя прадэманстравала сваю сілу – 40 адсоткаў апазіцыйных кандыдатаў ад агульнай колькасці – гэта практычна столькі жа, колькі выставіла на «выбары» ўлада. Прадстаўнікам дэмакратычных сіл нельга здаваць свае пазіцыі і ўдзельнічаць у гэтым фарсе, таму што гэта будзе здрада», -- заявіў каардынатар Хартыі’97, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

На думку палітыка, сёння апазіцыя павінная зняць сваіх кандыдатаў з «выбараў».

«Хоць я быў аднім з ініцыятараў байкота, але ўсё-ткі, шчыра кажучы, спадзяваўся, што могуць быць нейкія саступкі з боку ўлады. Але пасля 8 верасня дыскусія ўдзельнічаць у байкоце або ўдзельнічаць у «выбарах» скончаная. Сёння сітуацыя іншая: ці не прымаць удзел у выбарчым фарсе, ці ўдзельнічаць у гэтым фарсе да канца. Сёння ўдаламі зарэгістраваныя 284 кандыдата ў дэпутаты. З іх 76 са спісу АДС, 20 – з Еўрапейскага спісу, плюс партыя Шушкевіча, дэмакратычныя кандыдаты, што ідуць незалежна. Агульнай колькасцю -- 115 дэмакратычных кандыдатаў.

У 2000 годзе, калі быў байкот, на адну акругу прыходзілася ў сярэднім 5, 5 кандыдатаў, у 2004 годзе – 3,3 кандыдата, зараз 2,5 чалавекі на акругу. Ужо сёння 12 выбарчых акругаў безальтэрнатыўныя. Таму перад апазіцыяй сёння стаіць выбар – пайсці ў якасці «шасцёрак» аднаму-двум кандыдатам у «палатку» ці зняцца адначасова 115 кандыдатам і пакінуць безальтэрнатыўнымі 70-80 акругаў. І пасля гэтага, ганіце, Аляксандр Рыгоравіч, людзей на выбары, рабіце яўку якую хочаце. Хоць 90 адсоткаў напішыце, але хто ў гэта паверыць?», -- пытае палітык.

Зміцер Бандарэнка параўнаў сённяшнюю сітуацыю з рэферэндумам 1996 года, калі ў Беларусі быў разагнаны Вярхоўны Савет 13 склікання.

«Я ўзгадваю 1996 год (дарэчы, усходні каляндар кажа аб 12-гадовым цыкле), калі разагналі Вярхоўны Савет, і Лукашэнка фактычна сказаў: «Хто хоча быць дэпутатам «палаты прадстаўнікоў» – пішыце мне заявы!». Зараз, калі дэмакратаў не пусцілі ва ўчастковыя камісіі, дзе яны маглі бы сапраўды лічыць галасы, сітуацыя паўтараецца. Лукашэнка зноў кажа: «Рабяты, пішыце заявы. Вашыя галасы лічыцца не будуць. Я буду разглядаць пытанне: пусціць вас ці не пусціць у «парламент». Вось і на Захадзе мне раяць: аднаго-двух пусціць».

Навошта Калякін, Статкевіч і Лябедзька ў такіх умовах працягваюць удзельнічаць у выбарчым фарсе? Мы чуем ад Лябедзькі, што «выбары» несправядлівыя, але выбаршчык не вінаваты ў гэтым, таму ён павінен удзельнічаць. Гэта значыць, калі ў краме прадаецца тухлае мяса і пратэрмінаваныя прадукты, але спажывец не вінаваты, і таму ён павінен гэта, прабачыце, схаваць?

У 1996 годзе ля Цэнтравыбаркама быў мітынг, калі Віктар Ганчар і дэпутат Андрэй Клімаў заклікалі людзей выходзіць пратэставаць на плошчу. Я прыйшоў на плошчу, людзей было няшмат, тысячы 3-4, але людзі маглі збірацца і збірацца. Але спадар Шарэцкі, на той момант кіраўнік парламента, сказаў: людзі добрыя, разыходзьцеся, сітуацыя пад кантролем. Таму што яму так параілі расейскія і заходнія «дарадчыкі». Так, у Сямёна Георгіевіча Шарэцкага сітуацыя цалкам пад кантролем, ён цяпер у Каліфорніі, піша кніжкі, шпацыруе па ўзбярэжжы Ціхага акіяна і пачуваецца выдатна», -- кажа Бандарэнка.

Таму праваабаронца заклікаў беларусаў «не слухаць палітыкаў ні з Захада, ні з Усхода, а выходзіць 28 верасня на Плошчу»:

«Я звяртаюся да беларусаў: дарагія людзі, каб ваш голас не быў скрадзены, каб ён быў пачуты, выходзьце на Плошчу 28 верасня, у 20.00. Прыходзьце і не верце палітыкам ні з Захада, ні з Усхода. Слова павінны сказаць беларускі народ. Днём адпачывайце, сядзіце дома, зранку схадзіце ў царкву, у касцёл, памаліцеся, а ў 20.00 прыходзьце з сябрамі на Плошчу. І патрабаванне будзе адно – новыя выбары».

Прэс-цэнтру Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка сказаў:

«Выхад людзей на плошчу ў дзень галасавання з’яўляецца сусветнай агульнапрынятай практыкай, асабліва, калі людзі пратэстуюць супраць фальсіфікацый. Нядаўна кіраўнік савета Еўропы Тэры Дэвіс нагадаў аб гэтым Аляксандру Лукашэнку. А прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Луіс Гільерма Пэрэс пад час свайго візіта ў Менск сказаў, што, калі ўлады паспрабуюць перашкодзіць выхаду людзей на вуліцы ў дзень выбараў, то ён будзе дамагацца санкцый супраць беларускага рэжыма».

Лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў аб тым, што ў адпаведнасці з прынятым рашэннем партыя намераная зняць сваіх кандыдатаў з «парламенцкіх выбараў» да 23 верасня. Намер некаторых палітычных партый «ісці да канца» ў выбарчым фарсе ён асуджае.

«Абсалютна афіцыйна заяўляю, што на дзеянні па захаванні вялікай колькасці кандыдатаў на акругах падштурхоўваюць дэмакратычныя сілы з аднаго боку ўлада, каб не пакідаць безальтэрнатыўныя акругі, а з іншага боку некаторыя палітыкі на Захадзе. У пачатку гэтага года была заўважаная змена курсу нашых заходніх партнёраў. І галоўны сэнс гэтага курсу такі - апазіцыя ў Беларусі «слабая», таму трэба кантактаваць з уладамі. І хоць на словах абяцалі, што пры гэтым голас апазіцыі будзе пачуты, у рэальнасці гэты голас пачуты не быў. Апошняя сустрэча беларускага прэм'ер-міністра Сідорскага з прэм'ерам Літвы Кіркіласам сведчыць аб тым, што ніхто з апазіцыяй у гэтых пытаннях не кансультаваўся. Зараз на Захадзе рыхтуюць прызнанне «палаты прадстаўнікоў» пасля 28 верасня.

Нажаль, гэтая лінія знайшла прыхільнікаў у Беларусі. У нас ёсць выказванне Мілінкевіча, я сам быў на семінары ў Вільні, дзе ён фактычна сказаў, што ён не будзе мець нічога супраць прызнання «палаты прадстаўнікоў». Партыя БНФ лічыць, што «палата» не павінная быць прызнаная, таму што ўмовы« выбараў» не лепшыя, чым у 2004 годзе, а яны шмат у чым горшыя, у тым ліку судзячы па складзе ўчастковых камісій. Так, менш б'юць, менш затрымліваюць ля пад'ездаў, але пры тых абмежаваных сродках, якія афіцыйна вылучаюцца на кампанію, немагчыма эфектыўна правесці кампанію ў выбарчай акрузе, дзе 70 тысяч выбаршчыкаў. Іншых сродкаў няма. Адзіны лозунг, з якім можна прыйсці на плошчу 28 верасня (ёсць рашэнне дэмакратычных сіл, што трэба пратэставаць) - гэта патрабаванне новых выбараў, таму што гэтыя выбары не будуць легітымнымі і дэмакратычнымі. Калі хтосьці застаецца ў выбарчай гонцы да апошняга дня, яму цяжка выйсці на плошчу і патрабаваць новых выбараў. « Я ж удзельнічаў да канца, я ж пагадзіўся з тым, што шулеры лічылі галасы выбаршчыкаў і напісалі тыя лічбы, якія ім захацелася», -- павінныя сказаць яны. Вось у гэтым і ёсць сёння прынцыповае адрозненне, якое прымушае Партыю БНФ заняць сваю пазіцыю - не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе. Мы не ўжывалі слова байкот дагэтуль, але з 23 верасня партыя будзе працаваць у рэжыме байкота», -- заявіў Лявон Баршчэўскі.

Лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч заявіў, што сёння беларусы могуць патрабаваць правядзення новых выбараў, выйдучы 28 верасня на Кастрычніцкую плошчу Менска.

«У пачатку «парламенцкай кампаніі» назіралася адно адрозненне паміж прыхільнікамі байкота і прыхільнікамі ўдзелу ў «выбарчай кампаніі». Прыхільнікі байкота заяўлялі, што ім зразумела ўсё, што адбываецца ў Беларусі: выбары не могуць дэмакратычнымі, узбуджаюцца новыя крымінальныя справы, у краіне застаюцца палітвязні, мірных дэманстрантаў збіваюць на вуліцах. І мы заявілі з самага пачатку - голас беларуса ўжо скрадзены. Чакаць нейкага дэмакратычнага падліку галасоў не прыходзіцца. Апазіцыйныя партыі, якія фарміравалі адзіны спіс кандыдатаў, заявілі, што паглядзяць, ці будзе кампанія дэмакратычная, колькі прадстаўнікоў апазіцыі ўключаць у акруговыя і ўчастковыя камісіі, а потым прымуць сваё рашэнне аб наступным удзеле ў кампаніі. Для нас, вядома, не вельмі зразумела, чаму дагэтуль раздаюцца галасы з нагоды таго, што трэба ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Сёння мы кажам: галасы беларусаў скрадзеныя і абараніць гэтыя галасы мы можам толькі на Кастрычніцкай плошчы 28 верасня, у 20.00», -- заявіў Зміцер Дашкевіч.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках