16 лiстапада 2024, Субота, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абрабавалі актывіста апазыцыі Барыса Хамайду: скралі цытатнік Лукашэнкі

1

У Віцебску сёньня абрабавалі распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду. У яго скралі некалькі соцень паасобнікаў незалежных газэт “Народная Воля”, “Наша Ніва” і “Курьер из Витебска”, пяць часопісаў “Arсhe” і пяць зборнікаў Уладзімера Падгола — “цытатнікаў” Аляксандра Лукашэнкі.

Хамайда патлумачыў, што захоўваў усё гэта ў знаёмых — каб штодня не вазіць друкаваныя выданьні ў цэнтар гораду з ускраіны Віцебску, дзе ён жыве. Сёньня ранкам ён адчыніў гаспадарчую пабудову, каб забраць газэты і часопісы, і ўбачыў, што там пуста. Невядомыя злодзеі пакінулі толькі бел-чырвона-белы парасон, зь якім апазыцыянэрзазвычай распаўсюджвае незалежную прэсу, паведамляе “Радыё Свабода”.

Пацярпелы мяркуе, што злодзеі, верагодней за ўсё, адсачылі ягоны склад і падабралі ключы, бо дзьверы ўзламанымі не былі. Аднак зьвяртацца ў міліцыю з заявай аб крадзежы спадар Хамайда не зьбіраецца, бо ня верыць, што злодзеяў пачнуць шукаць.

На ягоную думку, гэты рабунак невыпадковы: Барыс Хамайда лічыць, што ён зьвязаны з “выбарчай кампаніяй”, бо ў незалежнай прэсе, якую ён распаўсюджвае, апошнім часам зьявілася шмат артыкулаў пра апазыцыйных кандыдатаў, заўважаныя назіральнікамі парушэньні і гэтак далей. Падобныя выданьні карыстаюцца попытам у жыхароў Віцебску, і хтосьці, верагодна, вырашыў пазбавіць людзей праўдзівай інфармацыі, мяркуе апазыцыянэр.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках