14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збіццём кандыдатаў у «дэпутаты» камандаваў «мэр» Менска Паўлаў (Фота, відэа)

24
Збіццём кандыдатаў у «дэпутаты» камандаваў «мэр» Менска Паўлаў (Фота, відэа)

Пад час разгона 16 верасня акцыі салідарнасці з сем’ямі выкрадзеных і забітых у Беларусі лідэраў апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы Менска прысутнічаў старшыня Менскага гарадскога выканаўчага камітэта Міхаіл Паўлаў. Аб гэтым паведамілі дэмакратычныя кандыдаты ў «дэпутаты», якія прысутнічалі на акцыі. Нагадаем, што ўчора супрацоўнікі АМАПа жорстка збілі ўдзельнікаў мірнай акцыі, у тым ліку кандыдатаў у «дэпутаты» «парламента».

Старшыня Менгарвыканкама стаяў на плошчы і назіраў за тым, як супрацоўнікі АМАПа з ужываннем сілы выцяснялі людзей з партрэтамі зніклых і сцягамі Беларусі і Еўразвяза.

Кандыдаты ў «дэпутаты» «парламента», убачыўшы Паўлава, сталі заклікаць яго спыніць самаўпраўнасць і незаконныя дзеянні супрацоўнікаў АМАПа. Але Паўлаў не рэагаваў на заклікі апазіцыянераў. Амапаўцы жа яшчэ больш жорстка выштурхоўвалі дэмакратычных кандыдатаў з плошчы.

16 верасня, у Дзень салідарнасці, у Менску была разагнаная акцыя, прымеркаваная да ўгодак знікнення лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Супрацоўнікамі АМАПа былі жорстка збітыя кандыдаты ў «дэпутаты» «парламента», у тым ліку лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намстаршыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, ягоны сын Франак Вячорка і іншыя. Амапаўцы білі дэманстрантаў дубінкамі і нагамі, адбіралі ў удзельнікаў акцыі партрэты зніклых, разрывалі нацыянальныя і еўрапейскія сцягі. Намесніку Партыі БНФ Вінцуку Вячорке, які спрабаваў абараніць свайго сына Франака ад азвярэлых амапаўцаў, разбілі акуляры. Сына палітыка амапаўцы павалілі на зямлю і білі нагамі.

«Відавочна, што ў супрацоўнікаў АМАПа не было прыказа не выкарыстоўваць сілу, інакш яны паводзілі бы сябе інакш. Прысутнасць на плошчы старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Паўлава паказвае, што ўлада непасрэдна датычная да разгона і збіцця актывістаў апазіцыі пад час акцыі 16 верасня», -- заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Вінцук Вячорка.

Фота ByMedia.net

Фота fotaczka

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках