8 лiстапада 2024, Пятніца, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэймана, Навумава, Паўлічэнку – да адказу! (Фота)

5

Акцыі з патрабаваннем расследаваць знікненні вядомых грамадскіх і палітычных дзеячоў правялі ў Менску 17 верасня актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Адна з акцый прайшла ля уваходу на шматлюдны Ракаўскі кірмаш. Моладзевыя актывісты сталі ў ланцужок, трымаючы ў руках партрэты Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Зміцера Завадскага. Таксама быў разгорнуты транспарант "Патрабуем міжнароднага расследавання знікненняў лідэраў апазіцыі".

Праз некаторы час моладзевыя актывісты правялі аналагічную акцыю насупраць Лядовага палаца, у раёне станцыі метро "Пушкінская".

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» запатрабавалі прыцягнуць да адказу беларускіх чыноўнікаў, якіх падазраюць у дачыненні да знікненняў лідэраў апазіцыі. Некаторыя з іх дагэтуль займаюць важныя пасты і пасады.

Маладыя людзі разгарнулі транспарант "Шэйман, Сівакоў, Навумаў, Паўлічэнка падазраюцца Радай Еўропы ў выкраданнях і забойствах беларускіх апазіцыянераў" у адным з найбольш ажыўленых месцаў Маскоўскага раёна - на перакрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Голубева. Таксама ўдзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты зніклых палітыкаў.

У мікрараёне Малінаўка 15 актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» правялі акцыю ля гіпермаркета "Прастор". У руках яны трымалі партрэты зніклых, а таксама нацыянальны і еўрапейскі сцягі.

Нагадаем, што дзевяць год таму, 16 верасня 1999 года былі выкрадзеныя Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар. Міжнародная супольнасць і праваабарончыя арганізацыі падазраюць у іх знікненні беларускія ўлады.

Нагадаем, што першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар бясследна знік у Менску 16 верасня 1999 года. Разам са сваім сябрам, бізнэсмэнам Анатолем Красоўскім Ганчар вяртаўся дадому. Ледзь пазней на меркаваным месцы выкрадання - вуліцы Фабрычнай – былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля і кроў выкрадзеных.

У маі 1999 года знік Юрый Захаранка - экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам. Улетку 2000 года знік аператар ОРТ Зміцер Завадскі. Аб лёсе гэтых людзей нічога не вядома.

Аб неабходнасці высвятліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў пастаянна заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках