15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазыцыйных кандыдатаў не падпускаюць да тэлеэфіру

4

На тэлеэкранах часта з'яўляюцца кандыдаты ў дэпутаты ад улады, а апазыцыю на тэлебачанне па-ранейшаму не пускаюць.

У Светлагорску кандыдата ад улады ў «палату прадстаўнікоў» Валянціну Кавалёву паказалі па тэлебачанні. Раней, на этапе збору подпісаў за высоўванне кандыдатаў, рэпартаж аб В. Кавалёвай паказаў тэлеканал "Лад". Дэмакратычнага кандыдата - Сяргея Дайнеку - афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ігнаруюць, паведамляе кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Валянціна Кавалёва - дэпутат «палаты прадстаўнікоў» з 2004 г. і цяпер ізноў вядзе агітацыйную кампанію. Адразу з паседжання акругавай выбарчай камісіі, на якім яе зарэгістравалі кандыдатам на новыя «выбары», В.Кавалёва прыйшла на раённую нараду настаўнікаў. Такія нарады праводзяцца перад кожным навучальным годам, але не кожны раз у прэзідыўме сядзіць «дэпутат».

Вядома, асноўная частка чальцоў участкавых выбарчых камісіяў - настаўнікі. Выступаючы на нарадзе, кіраўнік аддзелу адукацыі Светлагорскага раённага выканаўчага камітэту Людміла Вялічка звярнула ўвагу на тое, што "новы навучальны год будзе годам выбараў у «палату прадстаўнікоў». Затым на трыбуну павіншаваць прысутных выйшла В.Кавалёва.

Гэта стала падставай паказаць В. Кавалёву 28 жніўня ў навінах мясцовага тэлебачання “Ранак”. Удзельнікі нарады кажуць, што яе старанна здымалі і на фотаапарат. Таму відавочна, што здымак з В.Кавалёвай з'явіцца і ў бліжэйшым выпуску мясцовай штотыднёвай газеты “Ранак-плюс”. Прычынаў для таго, каб паказваць дэмакратычнага кандыдата Сяргея Дайнеку, у афіцыйных СМІ няма.

Паводле інтэрнэт-старонкі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту, дырэктарам кампаніі “Ранак” з'яўляецца Ігар Васільевіч Кашлікаў. Курыруе "кантраляваныя" светлагорскія СМІ намеснік старшыні райвыканкаму па ідэялогіі Сяргей Мяркулаў - ён жа з'яўляецца і старшынёй акругавай выбарчай камісіі. На гэтай пасадзе ў райвыканкаме раней працавала і сама В.Кавалёва, якая таксама ў свой час была старшынёй акругавай камісіі і нават атрымала медаль пасля «элегантна» праведзеных «выбараў».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках