15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Баршчэўскі: «28 верасня, у 20.00 мы павінны быць на Кастрычніцкай плошчы Менска»

5
Лявон Баршчэўскі: «28 верасня, у 20.00 мы павінны быць на Кастрычніцкай плошчы Менска»

«Выбараў не было, няма і не будзе. Мы павінны патрабаваць правядзення новых, насамрэч справядлівых і дэмакратычных, выбараў», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, каментуючы вынікі Сойма партыі 20 верасня.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, Сойм Партыі БНФ на паседжанні 20 верасня перафармуляваў сваё папярэдняе рашэнне аб зняцці кандыдатаў у «дэпутаты» ад партыі з «парламенцкіх выбараў».

30 жніўня сойм прыняў рашэнне аб тым, што кандыдаты ў «дэпутаты» ад Партыі БНФ абавязкова не пазней за 23 верасня павінны звярнуцца ў акруговыя выбарчыя камісіі з заявамі аб выхадзе з «выбарчай кампаніі». На паседжанні 20 верасня гэты пункт быў зменены. У адпаведнасці з гэтым рашэннем кандыдаты ў «дэпутаты» могуць зняцца з «выбараў».

Аднак на Сойме таксама прынятае рашэнне, што кожны кандыдат ад партыі, які мае намер ісці на «выбары» да канца, абавязаны падпісаць заяву аб тым, што лічыць гэтыя «выбары» несвабоднымі і несправядлівымі, а таксама ніколі не прызнае «палату прадстаўнікоў» легітымным органам. У гэтай заяве кожны кандыдат павінен прывесці аргументы ў карысць гэтай пазіцыі. Галоўны аргумент -- нядопуск прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Далей кандыдат павінен пералічыць тыя парушэнні выбарчага заканадаўства, з якімі яму прыйшлося сутыкнуцца падчас працы ў сваёй акрузе.

«Мы пакінулі рашэнне аб удзеле або няўдзеле ў «выбарах» на меркаванне саміх кандыдатаў ад Партыі БНФ. Але я вас запэўніваю, значная частка кандыдатаў яшчэ здымецца з «выбараў». Тыя, хто галасаваў супраць зняцця, паддаліся ціску і міжнароднаму, і ўнутранаму. Хаця хачу адзначыць, што ўмовы правядзення «выбарчай кампаніі» не палепшыліся, а, хутчэй, пагоршыліся. За ўдзел у «выбарах» выступаюць людзі, якія не маюць цвёрдай палітычнай пазіцыі, і майго красамоўства не хапіла, каб іх пераканаць», -- адзначыў пасля паседжання Сойма лідэр партыі Лявон Баршчэўскі.

Некаторыя эксперты лічаць, што сёння ў Партыі БНФ вельмі моцныя пазіцыі лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Менавіта ён заўсёды катэгарычна выступае супраць байкоту кандыдатамі ад апазіцыі выбарчага фарсу. На гэта Лявон Баршчэўскі заявіў:

«Так, лінія Мілінкевіча ў гэтай сітуацыі выйграла, аднак прыхільнікаў Мілінкевіча ў партыі – меншасць. Проста частка нашых старых фронтаўцаў паддаліся на эмацыйныя аргументы некаторых кандыдатаў, якія заявілі, што хочуць змагацца на «выбарах» да канца, хочуць прывесці факты фальсіфікацыі іх вынікаў. Хаця мы разумеем, што большасць з іх не здольныя гэта зрабіць, а толькі асобныя кандыдаты. Я засмучаны рашэннем Сойма, але тут я нічога не змог зрабіць. Думаю, што «выбары» расставяць усё на свае месцы».

Лідэр Партыі БНФ заявіў, што 28 верасня чальцы Партыі БНФ прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менска.

«Рашэнне выходзіць 28 верасня, у 20.00 на Кастрычніцкую плошчу прынятае на ўзроўні АДС. Безумоўна, я сам буду на Плошчы. Тое ж самае Ўправа БНФ рэкамендуе зрабіць усім чальцам партыі. Абавязкова трэба ісці на плошчу. Выбараў не было, няма і не будзе. Мы павінны патрабаваць правядзення новых, насамрэч справядлівых і дэмакратычных, выбараў».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках