15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іван Нікітчанка: «Рэляцыі аб суцэльных перамогах у аграсектары – суцэльнае выхвальства»

6

Беларусь у наступным пяцігоддзі завершыць мадэрнізацыю АПК, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Воршы падчас святкавання «Дажынак-2008». Увесь ягоны спіч быў прасякнуты пераможна-пафасным тонам.

Чаго толькі вартае наступнае выказванне: «Вынікі працы на хлебнай ніве пераканаўча сведчаць аб тым, што ў Беларусі навучыліся эфектыўна працаваць на зямлі па высокіх еўрапейскіх стандартах»… Упор быў зроблены на цяперашні рэкордны для нашай краіны збор збожжавых – крыху больш за 9 мільёнаў тон – «сярэднееўрапейскія паказчыкі па збожжавых». Планы наогул будуюцца велічэзныя.

Збожжавых, атрымоўваецца, мы можам у агляднай будучыні сабраць 12-13 мільёнаў тон, малака надаіць 8 мільёнаў тон, а мяса нарубіць - аж 8-10 млн.т. Усё гэта павінна забяспечыць, па задуме кіраўніка дзяржавы, знешнеэканамічны прарыў.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчанка ўсе гэтыя лічбы і планы лічыць суцэльным выхвальствам і адкрытым пражэктарствам.

-- Аб якіх перамогах у нашай сельскай гаспадарцы можна казаць, калі былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Русак абмовіўся аб даўгах аграсектара краіны ў 45 трыльёнаў рублёў?! - здзіўляецца Нікітчанка ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану». -- Пагадзіцеся, вялікаватая сума для нашай невялікай краіны.

Што датычна рэкорднага ўраджаю збожжавых. Ніхто з уладу маючых не жадае зараз казаць, што нам столькі збожжа няцвёрдых гатункаў і не патрэбна-та. Бо ў чыстым выглядзе таварнае збожжа скормліваць быдлу - гэта значыць, палову яго адразу перакладаць не на прыбаўленне ў вазе, а на гной. Быдлу патрэбныя збалансаваныя камбікормы, якія мы пераважна імпартуем, на што выдаткоўваем гіганцкія сумы. Аб сярэднееўрапейскіх паказчыках ва ўборцы збожжавых язык не паварочваецца казаць. Для гэтага трэба прыбіраць з гектара па 80 цэнтнераў збожжа і больш. Цяперашнія айчынныя паказчыкі мінімум у 2 разы меншыя. І асабіста я не бачу рэзерву для будучых 12-13 мільёнаў тон збожжавых. Нават для таго, каб сабраць 10 мільёнаў тон збожжа, нам патрэбна ўраджайнасць у 50 цэнтнераў з гектара, а гэта ў агляднай будучыні нерэальна. Колькасць жа неапрацоўваемых ворных земляў з кожным годам толькі павялічваецца. На 1 студзеня 2007 года такіх земляў налічалася 712 тысяч гектараў. Больш свежай статыстыкі вы проста не знойдзеце. Але з расповядаў маіх калегаў на месцах вынікае, што сітуацыя ў гэтым плане толькі пагаршаецца.

Далей. Грошай сапраўды ўклалі нямерана ў аграрны сектар. Але што мы маем у наяўнасці? Падлатаныя старыя фермы, падзакупленая дзе-нідзе сельгастэхніка і некалькі ўзорнапаказальных гаспадарак кшталту «Снова». А хто-небудзь лічыў пры гэтым напаўзакінутыя і якія спіліся вёскі, колькасць якіх у Беларусі з кожным годам катастрафічна расце?

Пабудаваць 118 малочна-таварных комплексаў, як гэта плануецца зрабіць кіраўніцтвам краіны, можна. Адзін комплекс каштуе парадку 1,5-2 мільёнаў даляраў. Але хто будзе камандаваць гэтымі комплексамі? Вядома, дзяржава. А аб эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ў сельскай гаспадарцы любой краіны свету напісаныя сотні тамоў розных даследаванняў, якія па сутнасці зводзяцца да аднаго. Калі на зямлі гаспадарыць не прыватнік, гэтае гаспадаранне ў 99 адсотках стратнае. А ў нас, да таго ж, усё дзяржкіраванне ў аграсектары зводзіцца да кіравання аднаго чалавека…

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках