9 лiстапада 2024, Субота, 4:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даеш новыя выбары! (Фота, відэа)

22
Даеш новыя выбары! (Фота, відэа)

Пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў «парламенцкіх выбараў» адбыліся 28 верасня ў Менску. Беларуская апазіцыя называе «выбары» фарсам і заклікае міжнародную супольнасць не прызнаваць новую «палату прадстаўнікоў» легітымным органам. Удзельнікі дэманстрацыі ў Менску запатрабавалі правядзення ў краіне новых свабодных выбараў.

Акцыя на Кастрычніцкай плошчы пачалася ў 20.00, адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў. У тым, што сумленнага падліку галасоў падчас гэтых «выбараў» зноў не будзе, сумневаў ні ў кога не было. На працягу ўсёй выбарчай кампаніі, а таксама падчас датэрміновага галасавання і непасрэднага ў дзень «выбараў» праваабаронцы фіксавалі шматлікія факты парушэнняў выбарчага заканадаўства. Шматлікія кандыдаты не прайшлі рэгістрацыю, не было роўных умоваў для вядзення агітацыі, людзей масавага заганялі на датэрміновае галасаванне. Па ўсёй краіне адбываліся арышты за распаўсюджванне незалежнай інфармацыі аб парушэннях на «выбарах». Больш за тое, з'явіліся сведчанні, што на ўчастках ужо ўзломвалі выбарчыя ўрны і ажыццяўлялі ўкід бюлетэняў. Вельмі нізкі адсотак прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый ва ўчастковых выбарчых камісіях – усяго 47 чалавек з 69.865 (0,07 %) – па меркаванні апазіцыі, сведчыць аб тым, што сумленнага падліку галасоў падчас гэтых «выбараў» у краіне зноў не будзе.

28 верасня таксама стала відавочна, што адсотак яўкі на выбарчыя ўчасткі Цэнтрвыбаркамам быў значна завышаны, прычым у некалькі разоў. У Менску і шматлікіх гарадах Беларусі дадзеныя незалежных назіральнікаў аб яўцы істотна разыходзіліся з лічбамі, якія давалі сябры выбарчых камісій.

28 верасня Кастрычніцкая плошча, дзе пачалася дэманстрацыя пратэсту, не была як звычайна ачэпленая супрацоўнікамі АМАПа і міліцыі, аднак на плошчы было нямала амапаўцаў у цывільным, а ў дварах бліжэйшых дамоў стаялі аўтобусы з супрацоўнікамі спецназа ўнутраных войскаў. Мабыць, прысутнасць у Менску вялікай колькасці міжнародных назіральнікаў і замежных журналістаў перашкодзіла ўладам, як заўсёды, разагнаць мірную акцыю пратэсту з ужываннем сілы.

На Кастрычніцкай плошчы сабралося некалькі тысяч актывістаў апазіцыі, у тым ліку лідэры грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Зміцер Бародка Яўген Афнагель, лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч, лідэры Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, былы палітвязень Аляксандр Казулін, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, кіраўнік аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і іншыя. Шматлікія актывісты апазіцыі ў гэты час займаліся назіраннем на выбарчых участках і таму не маглі прыйсці на плошчу.

На плошчы гучалі лозунгі з патрабаваннем новых, сапраўды свабодных і справядлівых выбараў. Удзельнікі дэманстрацыі разгарнулі ўздоўж праезжай часткі транспаранты «Байкот дыктатуры!», «Лукашэнка – апошні дыктатар Еўропы», «Даеш новыя выбары!», «Не расейскім вайсковым базам у Беларусі!», «Стоп Лука!», «Не выбарчаму фарсу», «Мы за выбары, але супраць выбарчага фарсу», «За дэмакратыю – разам!». Луналі нацыянальныя і еўрапейскія сцягі, а таксама сцягі «Еўрапейскай Беларусі». Дэманстранты скандавалі «Жыве Беларусь!» і «Далоў фальшывыя «выбары»! Далоў фальшывых «дэпутатаў!», «Новыя выбары!».

Там жа на плошчы, на прыступках Палаца прафсаюзаў, адбылася прэс-канферэнцыя лідэраў апазіцыйных палітычных партый. Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін і намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявілі ад імя апазіцыйных палітычных партый, што выбары ў «палату прадстаўнікоў» былі несвабоднымі і несправядлівымі і новую «палатку» ні ў якім разе нельга прызнаваць легітымнай.

«Адбылося горшае, як і мы меркавалі. Ніякага сумленнага падліку галасоў не адбываецца. Па афіцыйных дадзеных, датэрмінова прагаласавалі 26,3 адсотка выбаршчыкаў – усе іх галасы былі падтасаваныя на карысць праўладавых кандыдатаў, таму ніякага паасобнага падліку галасоў не было. Дэпутаты «палаткі» прызначаныя ўладай. «Парламенцкія выбары» у Беларусі – гэта тэатр для міжнародных назіральнікаў. Але ён не атрымаўся. Паўсюдна ў тых акругах, дзе ішлі дэмакратычныя кандыдаты, усё адбывалася наўгад, сумленнага падліку галасоў не было. Выснова – «выбары» сфальсіфікаваныя і новую «палату» нельга прызнаваць легітымнай», -- заявіў лідэр ПКБ Сяргей Калякін.

Дэманстрацыя пратэсту працягнулася шэсцем з Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да будынка Цэнтрвыбаркама. Падчас шэсця па праспекце колькасць удзельнікаў акцыі стала расці, да іх пачалі далучацца мінакі. Калона пратэстуючых выйшла на праезжую частку праспекта. Дэманстранты неслі расцяжкі «Выбарам – так, выбарчаму фарсу – не!». Моладзевыя актывісты запалілі фаеры і скандавалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Патрабуем новых выбараў!».

Уздоўж калоны рушылі міліцэйскія машыны. Па патрабаванні міліцыянтаў, дэманстранты вызвалілі праезжую частку і пайшлі да Цэнтрвыбаркама па тратуары. Каля будынка ЦВК на плошчы Незалежнасці адбыўся мітынг пратэсту. Выступілі лідэры апазіцыі. Удзельнікі мітынгу запатрабавалі правядзення новых выбараў. Усе яны адзначалі, што ў краіне, за 14 гадоў кіравання Лукашэнкі, не праходзіла ні адной дэмакратычнай выбарчай кампаніі. Вынікі ўсіх выбараў былі падтасаваныя. Лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч прачытаў праз мегафон малітву за вольную і незалежную Беларусь. Словы малітвы за ім паўтаралі ўсе ўдзельнікі акцыі.

Мітынг каля ЦВК працягнуўся шэсцем па праспекце Незалежнасці зваротна на Кастрычніцкую плошчу. На праспекце да ўдзельнікаў дэманстрацыі далучыўся былы палітвязень Аляксандр Казулін. Ён ішоў наперадзе калоны са сваёй дачкой і ўнукам. Ужо на плошчы, на прыступках Палаца рэспублікі, зноў адбыўся мітынг.

Казулін заявіў, што «парламенцкія выбары» сфальсіфікаваныя, а «дэпутаты» прызначаныя ўладай. Па ягоных словах, яўка на «выбарах» у Менску нават з улікам датэрміновага галасавання склала менш за 50%. 28 верасня, па словах палітыка, беларусы павінныя патрабаваць правядзення новых дэмакратычных выбараў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках