15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удар па імпарце можа прывесці да маштабнага дэфіцыту

61

Міністэрства эканомікі гатовае пайсці на перанос уступу ў сілу свайго рашэння, абмежавалага гандлёвую і гуртавую надбаўку на імпартныя тавары. Аб гэтым паведаміў падчас паседжання пазачарговай Кардынацыйна-кансультацыйнай рады дзелавых супольнасцяў намеснік міністра эканомікі Ўладзімір Адашкевіч.

«Мы ня мелі мэты кагосьці прыдушыць»

Намміністра эканомікі распавёў імпартэрам, з якой мэтай было прынятым рашэнне (яно пачынае дзейнічаць з 13 верасня): «У нас выклікае заклапочанасць, што па шматлікіх таварах імпарт пачынае задушваць беларускіх вытворцаў. Прычым гэта тычыцца тых групаў, якія мы вырабляем самі і якія па якасці не саступаюць імпартным».

У прыватнасці, гэта тычыцца піва, шакаляду, агародніннай прадукцыі, імпарт якіх з году ў год расце. Так, лідэр піўной галіны «Крыніца» губляе свае пазыцыі на рынку, саступаючы іх расейскім і ўкраінскім вытворцам. Адзін з чыннікаў, па словах намміністра, у тым, што коштаўтварэнне было выгодным для імпартэраў, гуртавага і раздробнага гандлю. А беларускія вытворцы знаходзіліся ў больш цвёрдых рамках коштавага рэгулявання. Варта зазначыць, што такая мера ў свой час задумлялася як раз для таго, каб больш высокімі коштамі адпудзіць пакупнікоў ад імпарту. Але тыя чамусьці лёзунгам «Купляйце беларускае» не прасякліся, піша газета «Беларускія навіны».

Як зазначыў намміністра, кожны дзень Мінэканомікі атрымлівае масу скаргаў ад насельніцтва. Людзей не задавальняе ўзровень коштаў на імпартаваныя тавары: гародніна, цытрусавыя, бананы. «Мы не маглі заставацца проста назіральнікамі ў гэтай сытуацыі», — растлумачыў У.Адашкевіч. Па ягонаму меркаванню, гуртавых пасярэднікаў сёння па асобных групах тавараў больш, чым трэба. Гэты ланцужок накручвае кошты, пачынаючы ад імпартэра і сканчаючы гандлем, у 3-4 разы.

Пры падрыхтоўцы пастановы Мінэканомікі падыходзіла ўзважана, зазначыў ён. «Мы ні ў якім разе ня ставілі мэтай кагосьці прыдушыць. Падчас падрыхтоўкі пастановы мы запрошвалі дадзеныя ў асноўных імпартэраў, вывучалі сытуацыю на месцах і прыйшлі да высновы, што ў часткі імпартэраў досыць прыбытку і рэзэрву для зніжэння коштаў». Праўда, ён прызнаў, што ёсць і тыя, хто «жыве ня тлуста».

Не пераследвалася таксама мэта палепшыць тым сама знешнегандлёвае сальда краіны. Наадварот, яно можа сысці яшчэ ў большы мінус, прызнаў намміністра.

Аднак палітыка дзяржавы накіраваная на тое, каб вырабляць тавары ў Беларусі і запрашаць для гэтага імпартэраў. Паводле інавацыйнай праграмы да 2010 году ў Беларусі вінныя з'явіцца 800 новых і мадэрнізаваных прадпрыемстваў, зазначыў намміністра эканомікі.

У якасці прыкладу Ў.Адашкевіч прывёў сытуацыю з вытворчасцю ў Беларусі цыгарэтаў замежных марак: «Нічога страшнага не адбылося, калі некаторыя маркі цыгарэтаў зніклі з прылаўкаў. Мы пераарыентавалі замежныя кампаніі на выпуск цыгарэтаў у Беларусі. Нам казалі, што ізноў будзе чорны рынак, але гэтага не адбылося».

Увесь імпарт не замесціш

Але з такім падыходам дзяржавы імпартэры ня згодныя. Прыклад з цыгарэтамі — не паказнік, лічыць старшыня парфумерна-касметычнай асацыяцыі Беларусі Міхаіл Кракаў. Шматлікія рынкі вельмі вузкія, і займацца імпартазамяшчэннем эканамічна немэтазгодна. «Нельга арганізоўваць усё тут, нават Савецкі Саюз гэтага ня мог зрабіць. Напрыклад, на парфумерным рынку прысутнічае некалькі тысячаў відаў туалетнай вады. І усе яны патрэбныя спажыўцу, таму што густы розныя. Беларускія вытворцы выпускаюць усяго 24 віды. Арганізоўваць у краіне вытворчасць імпартнай туалетнай вады будзе невыгодна», — растлумачыў ён.

Падчас дыскусыі намміністра эканомікі не пагадзіўся, што абмежаванне прыбыткаў для імпартэраў можа нейкім чынам стукнуць па буйных вытворцах, такім, як МАЗ і Менскі трактарны завод: «Я ня бачу праблемаў для пастаўкаў мэталу ў рэспубліку, запчастак для нашых прадпрыемстваў».

Аднак імпартэры сталі прыводзіць канкрэтныя прыклады. Так, МАЗ сёння закупляе акрэслены від свердзелу. Іх з 200-адсоткавай нацэнкай пастаўляе імпартэр, і калі абмежаваць яму прыбытак, то ён пераарыентуецца на іншыя віды прадукцыі, а «МАЗ у гэтым выпадку нечага ня зробіць з-за канкрэтнага выпадку крытычнага імпарту».

Яшчэ адзін імпартэр распавёў аб тым, што ягоная кампанія выйграла тэндэр на пастаўку генератараў для Беларускай чыгункі, але дамову ён падпісваць не будзе, паколькі незразумела, чым пацвярджаць кошт.

Таксама пад пагрозай апынуўся кантракт па пастаўцы энергазахавальнага абсталявання для «Паліміру» на суму каля 1 млрд. рублёў. І такіх прыкладаў могуць быць тысячы.

Эфект бумерангу

Рынак трэба рэгуляваць больш тонка, лічыць намстаршыні Менскага сталічнага звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў. Па ягоным словам, за апошнія 10 год у Беларусі гэта першая пастанова, якая гэтак негатыўна была ўспрынятай ў бізнэс-асяродку, пачынаючы з буйных прадпрыемстваў і сканчваючы індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Па ацэнках, каля 80 адсоткаў прадпрыемстваў-імпартэраў будуць змушанымі згарнуць сваю легальную дзейнасць у Беларусі з-за стратнай працы. У звязі з гэтым у краіне могуць паўсюдна паўстаць перабоі з таварамі крытычнага імпарту: гарбаты, кавы і шэрагу іншых тавараў. Пры кошце на каву ў Калумбіі 2 даляры за кіляграм яго ніхто не паставіць на беларускі рынак з 30-адсоткавай нацэнкай. Акрамя таго, ужо заявілі аб адмове пастаўляць тавары ў Беларусь імпартэры адзежы для дзяцей, падсалодвальнікаў, а таксама пастаўнікі іншай прадукцыі.

Больш моцныя імпартэры адным з варыянтаў застацца на плаву разглядаюць рэзкае скарачэнне сваёй збытавай сеткі ў рэгіёнах, штата супрацоўнікаў. Дыстрыбутарскай сеткай імпартэраў актыўна карыстаюцца беларускія вытворцы. У новых умовах ім прыйдзецца самім набраць гандлёвыя аддзелы, несці транспартныя выдаткі, паслугі па выкладцы тавараў на паліцах крамаў. Акрамя таго, адмова імпартэраў вядомых брэндаў ад рэклямы стукне па рэклямным рынку краіны, прыбыткам тэлебачання, радыё, газетаў, рэклямных агенцтваў.

В.Маргелаў не выняткоўвае, што гуртавы гандаль імпартам у краіне можа быць манапалізаваным. Месца тысячаў імпартэраў зоймуць некалькі гуртавых напаўдзяржаўных базаў, як гэта адбылося ў сферы гандлю беларускімі таварамі восем год таму, калі была абмежаванай гандлёвая надбаўка на беларускія тавары. Пры адсутнасці канкурэнцыі буйныя гандлёвыя сеткі зоймуцца арганізацыяй сваіх цэнтраў закупу за мяжой. І адбудзецца тое, чаго ўсе баяліся і пра што папярэджвалі: супермаркеты свой прыбытак будуць фармаваць у замежных афшорах, у выніку чаго бюджэт недаатрымае значных сродкаў.

Калі імпартэры працягнуць працу па новых правілах, і ў крамах знізяцца кошты на імпартныя тавары, гэта можа прывесці да краху шматлікіх беларускіх вытворцаў. Такая сытуацыя складзецца, у прыватнасці, у гандлі ювелірнымі вырабамі.

«Магчыма, па асобных імпартных таварах гуртавая надбаўка сапраўды малая, — прызнаў дырэктар дэпартамэнту коштавай палітыкі Мінэканомікі Ігар Фамін. — Мы гатовыя па кожнай пазыцыі тавараў разгледзець абгрунтаванні імпартэраў». Калі па нейкіх групах тавараў новы механізм коштаўтварэння паставіць у складаныя ўмовы імпартэраў і гандлёвыя арганізацыі, час нешта паправіць яшчэ ёсць, лічыць намміністра Ў.Адашкевіч (праўда, імпартэры былі ня гэтак аптымістычнымі). «Па некаторых відах тавараў можна вярнуцца да свабоднага механізму коштаўтварэння. Але гэта будзе зроблена ўжо для беларускіх і імпартных вытворцаў. Трэба гэта абгаварыць і зрабіць адпаведныя карэктоўкі».

Віктар Маргелаў прапанаваў адтэрмінаваць уводзіны пастановы да канца году, стварыць працоўную групу і прадметна разабрацца па кожнай пазыцыі імпарту. «Дзевяноста адсоткаў, што пастанова ня ўступіць у сілу 13 верасня. Мы дайшлі да згоды, што яна непатрэбная ні ўладам, ні бізнэсу», — зазначыў ён. Праўда, на які тэрмін будзе адтэрмінаванай пастанова, пакуль незразумела.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках