15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Freedom House: У Беларусі -- без пераменаў

4
Freedom House: У Беларусі -- без пераменаў

Беларусь як несвабодная краіна апынулася ў канцы рэйтынгу арганізацыі Freedom House.

Праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала штогадовую справаздачу «Свабода ў свеце» («Freedom in the World 2009»). І ўжо традыцыйна Беларусь як несвабодная краіна апынулася ў канцы рэйтынгу сярод 193 дзяржаваў свету.

Freedom House для свайго рэйтынгу штогод аналізуе сітуацыю з палітычнымі правамі і грамадзянскімі свабодамі ў розных краінах і падзяляе ўсе краіны на тры групы: свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя.

Беларусь залічылі ў групу несвабодных краінаў разам з такімі постсавецкімі дзяржавамі як Азербайджан, Казахстан, Расея, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.

Усяго з 192 краінаў свету (калі не лічыць Косава і непрызнаныя міжнароднай супольнасцю Паўднёвую Асецію і Абхазію) ярлык несвабодных атрымалі 42 дзяржавы, у тым ліку Кітай, Расея, большасць краінаў ісламскага свету і Афрыкі. Свабоднымі прызнаныя 89 дзяржаваў, часткова свабоднымі – 62.

У несвабодных краінах жыве 34 адсоткі насельніцтва свету (з гэтага больш, чым палова, — у Кітаі).

Чаму Беларусь, улады якой летась вызвалілі палітвязняў і зрабілі шэраг заяваў пра лібералізацыю эканамічнага і палітычнага жыцця, не здолела вырвацца з групы несвабодных краінаў?

Дырэктар цэнтру даследаванняў Freedom House Крыстафер Уолкер заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода», што на постсавецкай прасторы за выключэннем трох краінаў Балтыі, назіраецца працэс, які можна назваць «манапалізацыяй улады».

Што датычыць месца Беларусі, дык Уолкер зазначыў: у краіне за апошні год, нягледзячы на пэўнае «браджэнне» сярод грамадзянскай супольнасьці, не надыйшлі ніякія істотныя змены ў сферы палітычных правоў ці грамадзянскіх свабодаў.

«Беларусь знаходзіцца пад ціскам на шмат якіх узроўнях: эканамічным, на ўзроўні энэргетычных адносінаў з Расеяй і сваёй залежнасці ад гэтага. У нас атрымалася ўбачыць пэўнае браджэнне ўнутры грамадзянскай супольнасці краіны, і яе ўлады зрабілі некалькі заяваў пра свой намер прыцягнуць сусьветную супольнасць іншым чынам, але ў асноўным паказчыкі, на якія мы зьвяртаем увагу, істотна не змяніліся. Калі можна пра нешта гаварыць, дык пра сціплую змену на палях, а не пра істотную змену пазыцыі краіны. У дадзены момант гэтага нельга чакаць», - лічыць дырэктар цэнтра даследаванняў Freedom House.

Freedom House публікуе свае рэйтынгі з 1972 года. Штогадовыя справаздачы арганізацыі лічацца аўтарытэтнай крыніцай інфармацыі аб палітычных правах і грамадзянскіх свабодах у свеце.

У краінах былога СССР свабоды стала менш

За мінулы год свабоды ў свеце стала яшчэ менш, і ў першую чаргу гэта датычыць Расеі і краінаў былога СССР. Змена прэзідэнта ў Крамлі Расеі не дапамагла.

«Страта свабоды перагукаецца з рэзкім і агрэсіўным націскам супраць дэмакратычных рэфармістаў, скарачэннем міжнароднай дапамогі рэфармісцкім урадам і паслабленнем самой ідэі дэмакратыі», – зрабіў выснову ў інтэрв'ю Reuters галоўны складальнік апублікаванага ў панядзелак дакладу Арч Падынгтан, дырэктар даследчай службы Freedom Housе.

Зацісканне грамадзянскіх свабодаў і пагаршэнне становішча з правамі чалавека ў свеце Freedom House фіксуе трэці год запар. У 2008 годзе са спісу свабодных краінаў выпаў Сенегал. Але і ў тых дзяржавах, дзе з правамі і свабодамі справы ішлі не лепшым чынам, такіх як Зімбабвэ, Гвінея і Экватарыяльная Гвінея, за мінулы год становішча пагоршылася. У Маўрытаніі і Нігерыі, якія па-ранейшаму лічацца сярод «часткова свабодных краінаў», адступленні ад нормаў дэмакратыі становяцца ўсё больш прыкметнымі.

Але толькі на тэрыторыі былога СССР дэградацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне грамадзянскіх свабодаў з'яўляецца, на думку аўтараў дакладу, устойлівай тэндэнцыяй на працягу ўсяго апошняга дзесяцігоддзя.

Паводле словаў Падынгтана, у першую чаргу гэта выклікана тым, што рэгіён убачыў росквіт адразу трох «нафта-аўтарытарных краінаў» – Расеі, Казахстана і Азербайджана. «Аўтарытарную спадчыну Савецкага Саюза і моцны ўплыў Расеі на сваіх суседзяў» даследчык назваў таксама ў ліку галоўных прычынаў падзення дэмакратычных стандартаў у СНД.

«Для некаторых хуткі і безумоўны ваенны разгром Грузіі ў канфлікце з-за Абхазіі і Паўднёвай Асеціі стаў дадатковым доказам расейскай агрэсіўнасці ў рэгіёне», - гаворыцца ў дакладзе.

Паўднёвая Асеція, упершыню ўключаная ў спіс Freedom House, сама заслужыла ярлык «несвабоднай краіны».

Аўтары даследавання бачаць у канфлікце ў Асеціі прыкмету «далейшай значнай кансалідацыі аўтарытарнага кіравання» прэм'ера Уладзіміра Пуціна.

«Нягледзячы на тое, што ён сышоў з прэзідэнцкай пасады…, ён працягвае аказваць дамінуючы ўплыў на расейскую палітыку, і метады палітычнага кантролю, прынятыя падчас яго прэзідэнцтва, толькі ўмацаваліся», – зазначаецца ў справаздачы Freedom House.

Прыход да ўлады Дзмітрыя Мядзведзева ніякім чынам не змяніў стану рэчаў. Той «выйграў выбары, падчас якіх апазіцыйныя кандыдаты сталіся маргіналізаваныя шляхам ужывання законаў і правілаў, якія зрабілі з Расеі сапраўдную аднапартыйную дзяржаву».

Стан са свабодамі і правамі чалавека ў Расеі падрываюць і апошнія змены ў Канстытуцыю, у прыватнасці, падаўжэнне прэзідэнцкага мандата. «Гэты крок можна разглядаць як прэлюдыю да вяртання Пуціна на прэзідэнцкую пасаду», – прыводзяць аўтары распаўсюджанае на Захадзе меркаванне.

Да таго ж крокі Дзярждумы пры новым прэзідэнце «прымушаюць задумацца» аб новых пагрозах няўрадавым арганізацыям у краіне. Выклікае занепакоенасць міжнародных праваабаронцаў і «скарачэнне доступу да суду прысяжных у выпадку прад'яўлення абвінавачванняў у тэрарызме і іншых цяжкіх злачынствах».

Падобны лёс не абмінуў і суседнія з Расеяй краіны Азербайджан, Арменію, Кыргызтан і Малдову. Туркменістан і Узбекістан жа па-ранейшаму лічацца сярод «горшых краінаў» у стаўленні да правоў і свабодаў чалавека. У Freedom House лічаць, што ўзмацненне жорсткасці ціску на свабодную прэсу, незалежныя палітычныя арганізацыі і грэбаванне законам выклікана ў шмат якіх з гэтых дзяржаваў рэакцыяй на «каляровыя рэвалюцыі» 2003-2005 гадоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках