15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сустрэча Юшчанкі з Лукашэнкай – здрада «памаранчавай» рэвалюцыі

44
Сустрэча Юшчанкі з Лукашэнкай – здрада «памаранчавай» рэвалюцыі

Сёння ў Чарнігаве прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка сустрэўся з беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкай. Адзін з лідэраў беларускай апазіцыі, каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка каментуе гэтую «братэрскую» сустрэчу.

«Мая рэакцыя на гэтую сустрэчу вельмі эмацыянальная. Па маці я беларус, а па бацьку – украінец. Род Бандарэнкаў – гэта старажытны казацкі род, карані якога ляжаць у Запарожскай Сечы. У нашага Янкі Купалы нават ёсць паэма – «Бандароўна», у якой распавядаецца адна з гісторый аб гэтым вядомым казацкім прозвішчы. Таму, калі я пад час «памаранчавай» рэвалюцыі разам з сотнямі тысяч людзей спяваў радкі з украінскага гімну «Душу й тіло ми положим за нашу свободу//І покажемо, що ми, браття, козацького роду», то на вачах у мяне былі слёзы, я адчуваў гонар за Ўкраіну і разумеў, што выказванне «голас крыві» - гэта не проста словы», -- кажа палітык.

Беларускія апазіцыянеры Зміцер Бандарэнка (зправа) і Зміцер Бародка. Кіеў, лістапад 2004 г.

«Сёння украінская частка майго сэрца перапоўненая абурэннем. Мне сорамна за Віктара Юшчанку. За ягонае братанне з беларускім дыктатарам. Праз кіеўскі Майдан прайшлі сотні беларусаў, для ўсіх нас «памаранчавая» рэвалюцыя застанецца адным з самых яскравых момантаў у жыцці. І ў першы дзень стаяння на Майдане бел-чырвона-белых сцягоў было нават больш, чым «жовто-блакітных». Бо тады яшчэ нічога не было вядома, але мы разумелі, што, змагаючыся за свабоду ва Ўкраіне, мы змагаемся за свабоду ў роднай Беларусі. Падобнае адчувалі і тысячы людзей з усяго свету, якія ў тыя дні прыехалі ў Кіеў. Беларусы, грузіны, азербайджанцы, расейцы, казахі былі гатовыя ісці ў турмы і нават аддаць сваё жыццё – такі тады быў духоўны парыў. Мы ўсе захапляліся лідэрамі ўкраінскай дэмакратыі і, у першую чаргу, канешне, Юшчанкам і Цімашэнка», -- узгадвае адзін з лідэраў беларускай апазіцыі.

Беларускія сцягі на Майдане Незалежнасці. Кіеў, лістапад 2004 г.

«Пазней, калі я са сваімі сябрамі вяртаўся ў Менск, на мяжы мы былі захопленыя ўкраінскімі спецслужбамі і сілавікамі, якія яшчэ падпарадкоўваліся старым уладам. І калі мне, апранаючы кайданкі за спіной, зламалі руку, я пачуў словы «А не трэба было Юшчанку на Майдане падтрымліваць». Пасля прызнання перамогі Віктара Андрэевіча на прэзідэнцкіх выбарах мы ўсе чакалі, што Ўкраіна стане духоўным цэнтрам, светачам свабоды і перамен. Супраць злодзеяў у форме і без, якія ўдзельнічалі ў нашым выкраданні і арышце, была ўзбуджаная крымінальная справа. Былі апазнаванні, былі вочныя стаўкі, на якіх смяротна напужаныя сілавікі паўтаралі: «Гэта не я» ці «Мы толькі выконвалі загад». Але, як вядзецца, ад прыватнага да агульнага. Справа па незаконным арышце і збіцці беларусаў была закрытая. І тады мы між сабой гаварылі: нешта ва Ўкраіне ідзе не так», -- адзначае каардынатар Хартыі’97.

Зміцер Бандарэнка пасля збіцця ўкраінскімі спецслужбамі, лістапад 2004 г.

«Потым увесь свет назіраў за расколам у лагеры пераможцаў, мярзотнай дзяльбой пасад і барацьбой кампраматаў, -- працягвае Зміцер Бандарэнка. -- Мне падаецца, лідэры «памаранчавай» рэвалюцыі, якія дэманстравалі сапраўдную мужнасць у 2004 годзе, аказаліся слабейшымі і абмежаванейшымі за свой народ. На словах заяўляючы аб сваім імкненні ў Еўразвяз, яны не разумелі, што духоўныя каштоўнасці ў Еўропе -- не пусты гук.

За ўсе гэтыя гады ні Юшчанка, ні Цімашэнка так і не знайшлі часу сустрэцца з маладымі беларусамі, якія так адчайна стаялі на Майдане. І прэзідэнт, і прэм'ер, і іхныя міністры адразу пачалі гуляць у «рэал палітык», умацоўваючы сяброўства з чыноўнікамі дыктатарскага рэжыма, максімальна пазбягаючы кантактаў з беларускай апазіцыяй. Пры гэтым абсалютна забыўшыся, што «памаранчавая» рэвалюцыя – гэта, перадусім, маральная рэвалюцыя. Бо менавіта духоўнасць і бескампраміснасць у адстойванні вышэйшых ідэалаў свабоды і дэмакратыі выклікалі сімпатыі да Ўкраіны ў Еўропе і ва ўсім свеце».

Беларускія сцягі на Майдане Незалежнасці. Кіеў, лістапад 2004 г.

На думку Змітра Бандарэнкі, сустрэча Юшчанкі з Лукашэнкай можа садзейнічаць легітымізацыі беларускага дыктатара.

«Украінскім лідэрам варта памятаць аб тым, што цынізм і голы разлік у палітыцы часта прыводзілі да вельмі страшных наступстваў. Сустрэча Юшчанкі і Лукашэнкі ў Чарнігаве – гэта амаральная падрыхтоўка візіта апошняга дыктатара Еўропы на «высакародны» саміт ЕЗ у Прагу. Бо пасля чарнігаўскай сустрэчы некаторыя цынічныя еўрапейскія палітыкі будуць ківаць: глядзіце, сам жа лідэр «памаранчавай» рэвалюцыі сустракаўся з Лукашэнкай. Але я веру ў мудрасць украінскага народа. Людзі ўсё бачаць. І катастрафичны рэйтынг прэзідэнта Ўкраіны сёння сведчыць, што народ не прабачае здрады, непаслядоўнасці, неразборлівасці ў палітычных сувязях. І вельмі шкада, што такі сапраўды яскравы і моцны чалавек як Юшчанка дапушчае столькі памылак», -- заявіў каардынатар Хартыі’97.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках