15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія палітыкі аб сустрэчы Віктара Юшчанкі з Аляксандрам Лукашэнкай

9

Вядомыя беларускія палітыкі пракаментавалі прэс-цэнтру Хартыі’97 сустрэчу прэзідэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі з Аляксандрам Лукашэнкай ў Чарнігаве.


Вячаслаў Сіўчык, грамадскі дзеяч і старшыня секцыі «Мемарыял» Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

-- Гэта ўжо старая гісторыя – Майдан, Хрэшчацік… 21 лістапада 2004 года, напярэдадні 2-га тура прэзідэнцкіх выбараў, беларуская група прыбыла ў Кіеў, каб дапамагчы братнему ўкраінскаму народу. Мы ўдзельнічалі ў вулічных акцыях, мітынгах. Нажаль, украінскія лідэры не здолелі выкарыстаць патэнцыял украінскай нацыі. Мяне больш за ўсё ўразіла адвага і гатовасць простых украінцаў ахвяраваць сабой дзеля сваёй краіны.

Я не лічу правільным называць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам. Прэзідэнтам ён быў да 1996 года, калі адбыўся Канстытуцыйны пераварот. А цяпер, калі Беларусь заняла нейтральную пазіцыю па стаўленні да расейска-ўкраінскага газавага канфлікту, лічу, можна было абыйсціся і без візіту Лукашэнкі ва Ўкраіну.

Артур Фінькевіч, лідэр арганізацыі «Маладая Беларусь»:

-- Сустрэча Юшчанкі з дыктатарам Лукашэнкай – гэтая здрада тым каштоўнасцям «памаранчавай» рэвалюцыі, якія адстойвалі мы, беларусы. Большасць беларускіх дэмакратаў былі на кіеўскім Майдане, сотні нашых суайчыннікаў жылі ў намётах на Майдане на працягу ўсяго месяца, калі вызначаўся лёс Украіны. Лічу дзеянні Віктара Юшчанкі абсалютна непаслядоўнымі. Гэта здрада нам усім.

Прэзідэнту Ўкраіну варта памятаць, што ў Беларусі апазіцыю пераследуюць па палітычных матывах, што ў нас 11 чалавек прысуджаныя да абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту і фактычна з'яўляюцца палітвязнямі. У нас гвалтам і незаконна забіраюць палітычна актыўную моладзь у войска. Адбываецца сапраўдная «зачыстка» у асяроддзі апазіцыйна наладжаных маладых беларусаў. Улічваючы ўсю гэтую сітуацыю, гэтая сустрэча амаральная і немагчымая для нармальнага кіраўніка еўрапейскай краіны.

Зміцер Бародка, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

-- Даведаўшыся аб тым, што Юшчанка сустракаецца з Лукашэнкай, я быў узрушаны і не адразу паверыў. Мне не зразумела, як Юшчанка, які стала заяўляе аб імкненні Ўкраіны ўступіць у Еўразвяз, можа занядбаць прынцыпамі, на якіх пабудаваны ЕЗ. У Беларусі груба і цынічна парушаюцца ўсе свабоды і правы чалавека. Суседняя Ўкраіна не можа не ведаць аб тых пераследах, якім стала падвяргаецца дэмакратычная апазіцыя ў Беларусі. Хочацца нагадаць украінскім і некаторымі еўрапейскім палітыкам – калі яны хочуць «адмыць» дыктатуру, паставіўшы на чале кута толькі эканамічныя пытанні, то яны таксама нясуць адказнасць за тое,што адбываецца ў Беларусі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках