28 снежня 2024, Субота, 1:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі мотавелазавод не працуе другі месяц

18

Менскі мотавелазавод, на які прыцягнулі нібыта праверанага інвэстара з Аўстрыі, не працуе ад 15 сьнежня мінулага году.

Сёньня майстар зборачнага цэху Іван Акуневіч паведаміў «Радыё Свабода», што пакуль не ўдалося наладзіць вытворчасьць сучасных ровараў й матацыклаў:

«Нічога не атрымалася. Як было, так і застаецца. Паспрабавалі сабраць дарожную тэхніку з замежных камплектуючых, то атрымалася толькі пару штук», -- кажа ён.

На пытаньне, ці шмат прадукцыі старога ўзору застаецца на складах мотавелазаводу, працоўны ўдакладняе:

«Калі мы сыходзілі ў змушаны адпачынак, то на складах заставалася блізу 35 тысяч ровараў. Засталіся тыя, што не карыстаюцца цяпер попытам у насельніцтва».

Адміністрацыя прадпрыемства папярэдзіла працоўных, што да 1 лютага завод будзе стаяць. “Але і надалей няма пэўнасьці”, -- кажа Іван Акуневіч.

Таксама стала вялома пра прыхаванае беспрацоўе на жодзінскім БелАзе і адмову адміністрацыі плаціць заробак у поўным памеры:

«Было, да прыкладу, шэсьць чалавек паводле штатнага раскладу. А працавалі толькі тры. Ці, скажам, я раней атрымліваў даплату за выкананьне абавязкаў іншага інжынэра, за падмену часова адсутнага і інш. Вось такія даплаты адмянілі цалкам», -- паведаміў інжынэр Віктар Бабарыка.

Затаварваецца і Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Прадпрыемства наведаў тамтэйшы актывіст, былы галоўны энэргетык БМЗ Марат Афанасьеў.

«Да сёньня прадукцыя дрэнна збываецца. Перадусім гэта тычыцца сталёвай арматуры. Трубы — увогуле гіблая рэч. З таго, што накаталі ў сьнежні, прадалі ўсяго 10%. І па няпоўным асартымэнце», -- паведаміў Афанасьеў.

Міністэрства статыстыкі Беларусі паведаміла, што запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў павялічыліся да 60 працэнтаў сярэднямесячнай вытворчасьці. Калі лічыць на грошы, то сума амярцьвелых тавараў перавысіла 5 трыльёнаў беларускіх рублёў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках