15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабарончы цэнтр «Вясна» спрабуе зноў зарэгістравацца

2

Праваабаронцы дамагаюцца рэгістрацыі пад новай назвай – «Наша Вясна».

18 студзеня ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход грамадскага праваабарончага аб'яднання «Наша Вясна». Кіраўніком аб'яднання быў абраны вядомы праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Заснавальнікамі «Нашай Вясны» з'яўляюцца праваабаронцы, журналісты і грамадскія дзеячы з розных рэгіёнаў краіны, якія раней уваходзілі ў арганізацыю, ліквідаваную ўладамі па рашэнні Вярхоўнага Суду Беларусі яшчэ ў кастрычніку 2003 года.

Неаднаразова супрацоўнікі ліквідаванага праваабарончага цэнтра «Вясна» спрабавалі зарэгістраваць іншую праваабарончую арганізацыю, але па незаконных і надуманых падставах ім адмаўлялася ў рэгістрацыі.

Нагадаем, што ў 2007 годзе было прынятае рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН аб неабходнасці ўзнаўлення незаконна пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» у правах. Камітэт пастанавіў, што «ліквідацыя аб'яднання з'яўляецца несувымернай мерай і не адпавядае патрабаванням артыкула 22 пункту 2… Таму Камітэт лічыць, што аўтар і суаўтары звароту маюць права на адпаведныя сродкі прававой абароны, якія ўключаюць перарэгістрацыю «Вясны» і кампенсацыю».

Аднак Міністэрства юстыцыі, а пасля і Вярхоўны Суд праігнаравалі рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН.

Алесь Бяляцкі заявіў, што правядзенне ўстаноўчага сходу з'яўляецца чарговай спробай цэнтра вярнуцца ў прававое поле.

«Мы робім чарговую спробу вярнуцца ў прававое поле, якога нас пазбавілі яшчэ шэсць год таму. Улічваючы вялікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі - палітычны пераслед, распаўсюджванне інфармацыі, адукацыя ў галіне правоў чалавека, наяўнасць смяротнага пакарання, адсутнасць развітых дзяржаўных інстытутаў па правах чалавека і шматлікае іншае - праца ёсць, і яе будзе дастаткова. Гэтыя пытанні новая праваабарончая арганізацыя будзе дапамагаць вырашаць і дзяржаве, і беларускаму грамадству. Са свайго боку мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве па вышэйназваных напрамках, як з дзяржаўнымі арганізацыямі, так і з грамадскімі», - сказаў праваабаронца.

Заява заснавальнікаў Грамадскага праваабарончага аб’яднання «Наша Вясна»:

«26 студзеня 2009 года ў Міністэрства юстыцыі былі пададзеныя дакументы для рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наш Вясна”, большасьць заснавальнікаў якога -- сябры ліквідаванага ўладамі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Рашэнне Вярхоўнага суда ад 28 кастрычніка 2003 году аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна” сябры арганізацыі лічылі і лічаць парушэннем свабоды асацыяцыяў, гарантаванай Канстытуцыяй і міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека. 24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН зрабіў выснову, што сваімі дзеяннямі па ліквідацыі “Вясны” беларуская дзяржава парушыла п.1 арт. 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У сваім рашэнні Камітэт пацвердзіў права сяброў “Вясны” на адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю арганізацыі і кампенсацыю, а таксама абавязаў беларускую дзяржаву прыняць меры па прадухіленні здзяйснення падобных парушэнняў.

Абапіраючыся на рашэнне Камітэту ААН, сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” заявілі, што кампенсацыяй парушаных правоў будуць лічыць рэгістрацыю аб’яднання, і ў жніўні 2007 года прадпрынялі спробу зарэгістраваць Грамадскае праваабарончае аб’яднанне “Вясна”. Аднак органы дзяржаўнай улады Беларусі не толькі не выправілі свае памылкі, але і цалкам праігнаравалі меркаванне аўтарытэтнага міжнароднага органа, чарговы раз прадэманстраваўшы непавагу да правоў грамадзянаў краіны і ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў. Міністэрства юстыцыі, а затым і Вярхоўны суд адмовілі праваабаронцам у праве стварыць асацыяцыю па надуманых і неабгрунтаваных падставах.

Падаючы зараз дакументы ў Міністэрства юстыцыі, заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” заклікаюць улады Рэспублікі Беларусь выконваць канстытуцыйныя правы грамадзянаў краіны, а таксама свае міжнародныя абавязацельствы.

У выпадку адмовы ў рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” па надуманых, неабгрунтаваных прычынах заснавльнікі аб’яднання будуць расцэнваць гэта як праяву сістэматычнай дыскрымінацыі па палітычных матывах і негатоўнасць Рэспублікі Беларусь праводзіць сістэмныя змены, скіраваныя на далейшую лібералізацыю ў краіне, у тым ліку ў сферы свабоды асацыяцыяў.

Заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання «Наша Вясна»:

Алесь Бяляцкі,

Валянцін Стэфановіч,

Уладзімер Лабковіч,

Тацяна Рэвяка.

Менск, 26 студзеня 2009 г.»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках