15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наўрадці гэтая дэвальвацыя будзе апошняй

7

Эфект ад праведзенай дэвальвацыі рубля можа быць вельмі кароткатэрміновым, лічыць эканаміст Алена Ракава.

З 2 студзеня Нацыянальны банк дэвальваваў беларускі рубель на 20.5%. Якія першыя відавочныя наступствы гэтай меры для прадпрыемстваў, насельніцтва, бюджэту і інш.? Хто выйграе і хто прайграе ад такой дэвальвацыі?

Аб тым, што дэвальвацыя ў той ці іншай меры непазбежная, спецыялісты казалі ўжо з кастрычніка. На ўнутраныя прычыны (вялікі дэфіцыт гандлёвага балансу і немагчымасць прыцягваць значныя ПЗІ для яго фінансавання, дысбаланс попыту і прапановы валюты ў сувязі са скарачэннем экспарту і інш.) наклаліся знешнія (дэвальвацыя ў краінах — гандлёвых партнёрах Беларусі: Расеі, Украіне; зніжэнне кошту даляра ў параўнанні з еўра і інш.). У выніку, спецыялісты спрачаліся толькі аб неабходнай глыбіні дэвальвацыі і яе тэрмінах.

Хто прайграе ад дэвальвацыі? Відавочна, што ў першую чаргу грамадзяне, чые прыбыткі ў валютным вымярэнні скараціліся; і асабліва тыя, хто трымаў рублёвыя дэпазіты ў банках.

У цэлым давер да рубля (і ўлады) рэзка скараціўся. Складана пакладацца на запэўніванні аб 5%-м калідоры пасля праведзенага трука (змяненне кошыку прывязкі) — нішто не перашкаджае паўтарыць яго ўвосень ізноў.

Можна прагназаваць рост далярызацыі эканомікі, зніжэнне прытоку рублёвых (і даляравых) дэпазітаў у банкі. Такім чынам, банкаўскую сістэму таксама можна аднесці да ліку тых, хто прайграў, бо, нягледзячы на некаторы рост уліковай стаўкі, частка насельніцтва (і можа быць, значная) захоча ці перавесці свае рублёвыя дэпазіты ў даляравыя ці зняць грошы наогул. Як паказвае досвед Украіны і Расеі, 30%-е датэрміновае зняццё дэпазітаў вядзе да калапсу банкаўскай сістэмы.

Можна смела прагназаваць, што ў 2009 г . паказчыкі бюджэту будуць шматразова пераглядацца. З аднаго боку, паступленні ад ПДВ, пошлінаў і іншых плацяжоў ад прадпрыемстваў (экспарцёраў і імпарцёраў) вырастуць (у рублёвым вымярэнні). З іншага боку, вырастуць і выдаткі на субсідаванне; праблемы з экспартам выклічуць агульнае зніжэнне паступленняў прыбыткаў. Гэта значыць, сітуацыю са станам бюджэту складана прагназаваць, бо незразумела, як павядзе сябе сусветная і расейская эканоміка ў наступным годзе, а таксама тое, ці захоча ўрад фінансаваць дэфіцыт бюджэту ці будзе спрабаваць яго мінімізаваць.

Сярод тых, хто выйграў, часта называюць прадпрыемствы-экспарцёры і эканоміку ў цэлым (праз паляпшэнне гандлёвага балансу). Але тут складана пагадзіцца, што эфект ад праведзенай дэвальвацыі будзе істотным і доўгачасовым.

Па-першае, наш экспарт вельмі «імпартаёмісты». Разлікі Даследчага цэнтра ІПМ паказваюць, што рост/зніжэнне экспарту выклікае 6-7% адпаведнае змяненне імпарту. Такім чынам, 20%-вая дэвальвацыя будзе мець нязначны эфект. Для істотнага скарачэння імпарту і паляпшэння сітуацыі з дэфіцытам гандлёвага балансу велічынёй 4 млрд. даляраў патрэбная дэвальвацыя ў два-тры разы — што, натуральна, пакуль немагчыма, — ці рэзкае скарачэнне бюджэтных інвестыцыйных праграмаў (будаўніцтва, мадэрнізацыі і інш.).

Па-другое, ва ўмовах росту інфляцыі (а яе рост будуць выклікаць і крэдытная падтрымка банкаў, і рост субсідаванасці ў эканоміцы) эфект ад праведзенай дэвальвацыі можа быць вельмі кароткатэрміновым.

Такім чынам, праведзеная дэвальвацыя дапамагае вырашыць кароткатэрміновыя праблемы беларускай эканомікі, аднак наўрадці гэтая дэвальвацыя будзе апошняй. Без значных структурных рэформаў краіна проста будзе «праядаць» атрыманыя крэдыты, ніяк не набліжаючыся да «якаснага» вырашэння наяўных праблемаў з канкурэнтаздольнасцю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках