15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марк Равенхіл: «Адкрыццё года для мяне - надзвычайны і непераможны беларускі «Свабодны тэатр»

4
Марк Равенхіл: «Адкрыццё года для мяне - надзвычайны і непераможны беларускі «Свабодны тэатр»

Адзін з вядучых драматургаў свету Марк Равенхіл апублікаваў у газеце «The Guradian» артыкул аб «Свабодным тэатры».

Самай яркай падзеяй для мяне ў 2008 годзе была паездка ў Менск, суровую сталіцу Беларусі. Гэтая жыватворчая паездка адкрыла мне вочы і ўзрушыла, і, рыхтуючыся ўступіць у 2009 год, я не мог не вяртацца ў думках да яе. Мяне запрасіў «Свабодны тэатр», трупа, якая праславілася на ўвесь свет не толькі сваімі цудоўнымі пастаноўкамі, але і праваабарончай дзейнасцю. На радзіме тэатр дзейнічае падпольна, узначальваючы культурнае супрацьстаянне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, апошняй дыктатуры ў Еўропе.

Жадаючы даведацца аб поспехах «Свабоднага тэатра» з часу майго вясновага візіту, я патэлефанаваў Наталлі Калядзе, дырэктарцы тэатра. Яна была поўная энтузіязму. Трупа знаходзілася ў Празе, куды былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавал запрасіў тэатр для паказу спектакля «Пакаленне Jeans», у якім джынсы ўвасабляюць свабоду. Тады яны планавалі зняць Гавала для дакументальнага фільма. «Сёлета мы шмат паездзілі па Еўропе», - распавядае Наталля Каляда. – «Мы сустрэлі шмат людзей, якія сцвярджалі, што мастацтва павінна быць па-за палітыкай. Мы так не лічым. Мы лічым, што людзі мастацтва – гэта сумленне грамадства». Зараз тэатр робіць інтэрв'ю з дзеячамі мастацтва з ўсяго свету, якія займаюцца дэмакратычнай і праваабарончай дзейнасцю, для свайго першага дакументальнага фільма.

Наталля Каляда кажа, што сітуацыя ў Беларусі ніяк не паляпшаецца: «Вераснёўскія выбары былі сфальсіфікаваныя, іх не прызнала сусветная супольнасць. Пасля праблемаў з Грузіяй, Еўропа занепакоеная Расеяй. Яны вырашылі выкарыстаць нас як буферную дзяржаву. Санкцыі супраць Беларусі былі знятыя, і Лукашэнка зараз можа свабодна перасоўвацца па Еўропе, хаця яго там лічаць дыктатарам. Свабода слова цяпер яшчэ больш прыгнечаная».

Мінулай вясной тэатр прэзэнтаваў п'есу «Быць Гаральдам Пінтэрам» на сцэне лонданскага Soho Theatre. Пастаноўка ўяўляе з сябе ўрыўкі з п'есаў Гаральда Пінтэра, злучаныя ў адлюстраванне жыцця пры дэспатычным рэжыме. Па прапанове Тома Стопарда, Наталля і акторы тэатра прачыталі працы Пінтэра, надаючы асаблівую ўвагу яго апошнім палітычным п'есам і яго прамове на ўручэнні Нобелеўскай прэміі. Яго творчасць адпавядае іх уласнаму досведу жыцця пры дыктатарскім рэжыме і барацьбе за правы чалавека. Хвалюючае відовішча – бачыць як шмат гэтыя познія п'есы, якія не так высока шануюцца ў Вялікабрытаніі, як яго больш раннія творы, значаць для тэатра. Яго прамова на атрыманні Нобелеўскай прэміі, якая падпала пад розныя насмешкі падчас яго выступу, у п'есе «Быць Гаральдам Пінтэрам» гучыць ярка і праўдзіва. Нягледзячы на хваробу, Пінтэр прыйшоў паглядзець выступ тэатра і выказаць сваю падтрымку.

Адной з акторак «Свабоднага тэатра» было адмоўлена прапусціць дзень на яе асноўнай працы ў дзяржаўным тэатры, але яна ўсё роўна прыехала ў Лондан. Я цікаўлюся, што з ёй здарылася з ёй пасля. «Калі яна вярнулася, яе звольнілі», - кажа Наталля.

Беларускія ўлады заяўляюць, што беларусы не пішуць новых п'есаў. Летась «Свабодны тэатр» выдаў зборнік новых беларускіх п'есаў і бясплатна разаслаў яго па ўсіх тэатрах і бібліятэках краіны. «Кніга выклікала велізарнае ажыўленне», - распавядае Каляда,– «асабліва сярод моладзі». У лістападзе яе бацька, які дапамагаў рыхтаваць зборнік, быў звольнены з універсітэта. «Улады сказалі яму, што мы хворыя карумпаваныя людзі, што ён павінен вырачыся нас. Вядома, ён ніколі б гэтага не зрабіў, а зараз у яго няма працы».

Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, «Свабодны тэатр» як ніколі рашуча настроены працягваць аказваць ціск на ўлады пры дапамозе творчасці. Летась былі пастаўленыя дзве новыя п'есы і арганізаваная падпольная тэатральная школа ў Беларусі. Мэтай школы з'яўляецца стварэнне новага пакалення актораў тэатра, якія маглі б быць і сцэнарыстамі, і рэжысёрамі. «Мы знайшлі восем цудоўных, адважных маладых людзей», - распавядае Наталля. - «Мы праводзім заняткі падпольна, запрашаны прафесіяналаў з ўсяго свету для выкладання. Марк, а калі вы можаце прыехаць і правесці заняткі?»

Праекты «Свабоднага тэатра» часам здаюцца занадта амбіцыйнымі. «Мы ўсвядомілі гэта ў міжнароднай барацьбе», - кажа Наталля. – «Мы маем стасункі з драматургамі і музыкамі з такіх краінаў як Зімбабвэ, таму што мы хочам змагацца з дыктатурай паўсюль». Яна гучна смяецца. «Так, мы крыху вар'яты. Але гэта адзіны спосаб вытрываць усё гэта. Мы не пачыналі як палітычная трупа. Мы проста хацелі ставіць п'есы. Мы пачалі з вашых «Непрыхаваных палароідных здымкаў» і п'есы Сары Кейн «Псіхоз 4:48». Улады забаранілі іх таму што, на іх думку, гомасэксуалізм і псіхічныя расстройствы не існуюць у Беларусі. Так мы зразумелі, што ўсё звязана з палітыкай. Нашыя дзеці не памятаюць часы да Лукашэнкі, і гэта страшна. Нам кажуць, што нічога не зменіцца. Мы не верым у гэта».

Рашучасць Наталлі здалася мне хвалюючай, задзірлівай і нават трохі палохаючай. Я упэўнены, што Пінтэру было б прыемна ўбачыць, што яго непрыманне палітычнай крывадушнасці, яго праваабарончая дзейнасць і цвёрдая рашучасць працягвае так ярка жыць у творчасці беларускага «Свабоднага тэатра».

Пераклад прэс-цэнтра Хартыі’97

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках